Дата нараджэння:
09.05.1911 Баслаўцы, в., Слуцкі павет, Мінская губерня (цяпер в. Барок, Слуцкі раён, Мінская вобласць)
Дата смерці:
13.02.1979
Кароткая даведка:
паэт, літаратуразнавец
Псеўданімы:
Гуртковец; Случанский А.; Случанскі А.; Сцяпанаў Л.
Імёны на іншых мовах:
Лиходзиевский Степан Иванови (руская); Лиходиевский Степан Иванович (руская);
Крыптанімы:
А.С.; С.Л.; Юн.
5336 сімвалаў
Даведка
Значны ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі. Яго вершы, нарысы, артыкулы адлюстроўвалі найбольш важныя падзеі, што адбываліся ў нашай краіне, пачынаючы з 20-х гг. мінулага стагоддзя.
Нарадзіўся С. Ліхадзіеўскі ў в. Баслаўцы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер в. Барок Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым у Грозаўскай сямігодцы. У 1926 г. паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Вясной 1928 г. быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пераўтворанае ў лістападзе ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Як малады літаратар, пачынаючы з трэцяга курса, атрымліваў персанальную стыпендыю ад Народнага камісарыята асветы БССР. У 1930 г. С. Ліхадзіеўскі скончыў тэхнікум і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака (праз год пераўтвораны ў Беларускі вышэйшы педагагічны інстытут). Там С. Ліхадзіеўскі працягваў адукацыю на крытычна-творчым аддзяленні літаратурнага факультэта. У студэнцкія гады ён актыўна займаўся творчай і грамадскай працай: з’яўляўся членам камсамольскай ячэйкі пісьменнікаў (была створана ў 1931 г. пастановай Мінскага гаркама ЛКСМБ пры Доме пісьменніка), удзельнічаў у камандзіроўцы на падшэфны камсамолу Беларусі лінкор «Парыжская камуна» (Чарнаморскі флот), у складзе пісьменніцкіх брыгад выязджаў у гарады і раённыя цэнтры, прымаў удзел у калектывізацыі.
10 жніўня 1933 г. С. Ліхадзіеўскі быў беспадстаўна асуджаны і высланы ў Сярэднюю Азію. Каля чатырох гадоў працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школах Казахстана, працягваў займацца творчасцю. У 1937 г. паступіў на трэці курс літаратурнага факультэта Ташкенцкага педагагічнага інстытута. Некаторы час С. Ліхадзіеўскі жыў у Томску, дзе ў 1939 г. скончыў педагагічны інстытут і ў гэтым жа годзе стаў аспірантам пры кафедры ўсеагульнай літаратуры Ташкенцкага педагагічнага інстытута. У 1942 г. у Сярэднеазіяцкім універсітэце (Ташкент) абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Гуманизм Анатоля Франса». У 1943 г. атрымаў званне дацэнта. У час Вялікай Айчыннай вайны С. Ліхадзіеўскі сустракаўся ў Ташкенце з Я. Коласам. Іх дзейнасць спрыяла развіццю беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязей. 27 чэрвеня 1943 г. на ўрачыстым пасяджэнні АН БССР у Ташкенцкім педагагічным інстытуце С. Ліхадзіеўскі выступіў з дакладам «Жыццё і творчасць Янкі Купалы». У 1948 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў Узбекістана. У жніўні 1956 г. быў рэабілітаваны. З 1963 г. працаваў загадчыкам кафедры ўсеагульнай літаратуры (потым дэ-канам) Рэспубліканскага педагагічнага інстытута рускай мовы і літаратуры ў Ташкенце. У ліпені 1965 г. на вучоным савеце Інстытута сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Акадэміі навук СССР абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Творчество Анатоля Франса и проблема критического реализма во французской литературе конца ХІХ – начала ХХ столетий». У снежні 1967 г. атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук, у чэрвені 1968 г. стаў прафесарам.
Пісаць вершы С. Ліхадзіеўскі пачаў яшчэ ў школе. Першы з іх – «Ільічу» – быў надрукаваны ў часопісе «Беларускі піянер» у 1925 г. Потым яго творы (пад псеўданімамі Юн, Гуртковец, Алесь Случанскі, А. Случанскі; А. Случанский, Л.Сцяпанаў; крыптанімамі А.С. і С.Л.) з’явіліся на старонках часопісаў «Малады араты», «Маладняк», «Полымя», «Чырвоная Беларусь», «Напагатове», у газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Чырвоны сейбіт» (літаратурны дадатак да газеты «Беларуская вёска»). У вершах паэт апісваў жыццё вёскі і яе жыхароў, прыгажосць беларускай прыроды. У 1931–1932 гг. выйшлі яго першыя паэтычныя зборнікі «Чырванеюць вішні» і «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крывавыя знічкі на снезе» і «Мы – маладая гвардыя» (1932). У вершах, што змешчаны там, адлюстравана будаўніцтва новага жыцця. Станоўчымі рэцэнзіямі на зборнікі адгукнуліся вядомыя пісьменнікі, журналісты, дзеячы культуры. Сярод іх – Б. Мікуліч, Э. Галубок, С. Куніцкі іінш. Многія творы, напісаныя С. Ліхадзіеўскім у Ташкенце, друкаваліся ў мінскіх перыядычных выданнях. Кнігі вершаў «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Вянкі камунарам» (1974) і «Чырвоныя макі» (1981) былі выдадзены ў Мінску. У Ташкенце ў 1973 г. выйшла кніга вершаў і перакладаў «Поиски сердолика». Для паэтычнай творчасці С. Ліхадзіеўскага характэрна спалучэнне публіцыстычнасці, грамадзянскасці з лірызмам, інтэлектуальнасці і філасафічнасці з народна-песеннымі элементамі. Літаратурную дзейнасць пісьменнік сумяшчаў з навуковай працай. Ён даследаваў крытычны рэалізм у французскай літаратуры, вывучаў беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі; актыўна выступаў у друку як крытык, перакладчык, аўтар шматлікіх нарысаў, рэцэнзій, артыкулаў па пытаннях савецкай і замежнай літаратуры. На беларускую мову пераклаў паасобныя творы І.В. Гётэ, Г. Гейнэ, В. Гюго, Ш. Бадлера, П. Верлена, П. Элюара, некаторых рускіх і ўзбекскіх паэтаў. На старонках часопіса «Звезда Востока», у рэдкалегію якога ён уваходзіў, былі апублікаваны артыкулы «Якуб Колас в Ташкенте», «Поэзия белорусских партизан», «Узбекские поэты на белорусском языке» і інш. Вынікам навукова-даследчай працы С. Ліхадзіеўскага сталі кнігі «Анатоль Франс: краткий очерк творческого пути» (1954), «Анатоль Франс: очерк творчества» (1962), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Радость встреч» (1977).