Дата нараджэння:
24.10.1921 Верхнядзвінск, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
07.09.2011 Расія
Кароткая даведка:
удзельніца партызанскага руху ў Мінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), узнагароджана ордэнам Леніна, Айчыннай вайны І ступені, Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Троян Надежда Викторовна (руская);
3980 сімвалаў
Даведка
Надзея Віктараўна Траян нарадзілася ў горадзе Дрыса (з 1962 г. Верхнядзвінск) Віцебскай вобласці. У 1939 г. выдатна скончыла школу і паступіла на санітарна-гігіенічны факультэт 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. Напярэдадні вайны сям’я Траян пасялілася ў Мінску, і Надзея стала вучыцца ў Мінскім медінстытуце.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічала ў працы маладзёжнай падпольнай ячэйкі: вяла прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, дапамагала палонным чырвонаармейцам. У 1942 г. разам з сям’ёй пераехала ў Смалявічы, уладкавалася рахункаводам у кантору торфазавода і далучылася да мясцовага падполля. Выдатнае валоданне нямецкай мовай дапамагала Надзеі здабываць інфармацыю. У ліпені 1942 г. сям’я Траян далучылася да партызанскага атрада “Бура”, які ўваходзіў у разведвальна-дыверсійную брыгаду “Дзядзькі Колі” (камандзір П.Р. Лапацін). Надзея была сувязной, разведчыцай, медсястрой, прымала ўдзел у баявых аперацыях.
У лютым 1943 г. паступіў загад камандавання аб знішчэнні Вільгельма Кубэ. Паляванне на яго вялі больш за дзясятак розных груп. Некалькі спроб замахаў – падрываў, атручванняў, засад – аказаліся няўдалымі. Камандаванне брыгады “Дзядзькі Колі” даручыла Надзеі Траян пошук надзейных людзей сярод абслугоўваючага персаналу Вільгельма Кубэ. Разведчыца пасялілася ў Мінску і наладзіла адносіны з Таццянай (Талай) Каліта, якая пазнаёміла Надзею з Галяй (Аленай Мазанік). Алена доўга ставілася да Надзеі з недаверам, аднак праз пэўны час згадзілася на супрацоўніцтва. Спачатку планавалася атручванне Кубэ, але потым было прынята рашэнне аб яго ліквідацыі ў выніку выбуху. Надзея Траян накіравалася ў атрад за мінай, але першай паспела гэта зрабіць Марыя Осіпава. У ноч на 22 верасня 1943 г. адбыўся выбух, і Вільгельм Кубэ быў забіты.
Надзея Траян вярнулася ў Мінск раніцай 22 верасня. У той час у горадзе праводзілі аблавы, затрымлівалі маладых жанчын. Валоданне нямецкай мовай, кемлівасць і вытрымка дазволілі разведчыцы вярнуцца ў атрад. 12 кастрычніка Надзею Траян разам з Аленай Мазанік і Марыяй Осіпавай даставілі ў Маскву.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 кастрычніка 1943 г. за геройскі подзвіг, праяўлены пры выкананні баявога задання ў тыле ворага, Надзеі Віктараўне Траян было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
У снежні 1943 г. Н. Траян падала заяву ў 1-ы Маскоўскі медыцынскі інстытут (цяпер Першы Маскоўскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт імя І.М. Сечанава) аб аднаўленні ў якасці студэнткі, а ў 1947 г. атрымала дыплом з адзнакай. Сваё жыццё Надзея Віктараўна прысвяціла ахове здароўя: стала кандыдатам медыцынскіх навук, працавала на кафедры хірургіі 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута, узначальвала НДІ санітарнай асветы Міністэрства аховы здароўя СССР, была членам прэзідыума Савецкага камітэта ветэранаў вайны, членам Камітэта абароны міру, старшынёй выканкама Саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР. Шмат часу прысвячала грамадскай рабоце: сустракалася з каралевай Вялікабрытаніі, прэзідэнтам Злучаных Штатаў, каралём Эфіопіі, шахам Ірана, кіраўнікамі іншых дзяржаў, была добра знаёма з маршалам С.К. Цімашэнкам, лётчыкам А. Марэсьевым, пісьменнікамі Б. Палявым і К. Сіманавым, сябравала з А. Мазанік, была ініцыятарам перайменавання станцыі Маскоўскага метро “Ізмайлаўскі парк” у “Партызанскую”.
Надзея Віктараўна Траян узнагароджана ордэнамі Леніна (1943), Айчыннай вайны І-й ступені (1985), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі (1973), медалямі.
У 2012 г. яе імя было прысвоена сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 1288 г. Масквы, увосень 2021 г. каля школы быў устаноўлены помнік-бюст гераіні. 21 кастрычніка 2021 г. на базе Першага Маскоўскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя І.М. Сечанава быў адкрыты Гісторыка-патрыятычны цэнтр імя Героя Савецкага Саюза Н.В. Траян. З 2022 г. СШ № 2 г. Верхнядзвінска носіць імя Надзеі Віктараўны Траян.