Кароткая даведка:
кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, педагог, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1974), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970)
Імёны на іншых мовах:
Добролюбов Игорь Михайлович (руская);
3246 сімвалаў
Даведка
Яскравай, своеасаблівай старонкай беларускага кінамастацтва XX ст. з’яўляецца творчасць заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага артыста Беларусі, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, кінарэжысёра І. М. Дабралюбава.
Нарадзіўся Ігар Міхайлавіч у г. Новасібірску. Пасля вайны з сям’ёю пераехаў жыць у Мінск. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце журналістыкі. У час вучобы І. Дабралюбаў зацікавіўся тэатрам. Іграў у студэнцкім тэатры. З 1956 па 1958 гг. працаваў у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача акцёрам. На кінастудыі “Беларусьфільм” здымаўся ў фільмах “Шчасце трэба берагчы” (1958), “Дзевяць дзён аднаго года” (1962), “Каханая” (1965).
Рашэнне заняцца рэжысурай прывяло І. Дабралюбава ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Вучоба ў майстэрні выдатнага кінарэжысёра М. Рома дазволіла яму раскрыць свае прыродныя якасці, вызначыць творчую індывідуальнасць, наклала адбітак на яго далейшую творчую дзейнасць. Упершыню І. Дабралюбаў як кінарэжысёр выступіў у 1962 г. з кароткаметражнай стужкай “Мост” (дыпломная работа). Адна за адной выходзілі мастацкія кінастужкі: “Іду шукаць” (1966), “Шчаслівы чалавек” (1970), “Вуліца без канца” (1973), “Таму што люблю” (1975), “Расклад на паслязаўтра” (1979), “Восеньскія сны” (1987). Сярод яго лепшых, найбольш яркіх работ – мастацкі фільм “Іван Макаравіч” (1968, спецыяльны прыз і дыплом I ступені за лепшы фільм для дзяцей і юнацтва на X кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдавіі, 1969; прыз і I прэмія за лепшы фільм для дзяцей і юнацтва на IV Усесаюзным кінафестывалі, 1970; Гран-пры “Сярэбраная Мінерва на XXII Міжнародным кінафестывалі дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, 1970). У гэтай кінастужцы сябе ўбачыла цэлае пакаленне, дзяцінства якога было апалена вайной. Тэма вайны заўсёды хвалявала беларускіх рэжысёраў, таму невыпадкова яна стала і адной з галоўных у творчасці І. Дабралюбава: “Мама, я жыў!” (1985), “Плач перапёлкі” (1991, тэлевізійны, шматсерыйны). Братэрству савецкіх і балгарскіх народаў у барацьбе з ворагам прысвечаны фільм “Братушка” (1976, сумесна са студыяй мастацкіх фільмаў “Сафія”, Балгарыя; сярэбраны медаль імя А. Даўжэнкі, 1976). Грамадзянскі пафас творчасці майстра праявіўся ў кінадылогіі “Трэцяга не дадзена” (1981), аб жыцці і працы Героя Савецкага Саюза В.З. Каржа. Паспрабаваў сябе І. Дабралюбаў і ў жанры камедыі. У 1983 г. выйшаў фільм “Белыя Росы” (спецыяльны прыз і дыплом за лепшы камедыйны фільм на XVII кінафестывалі ў Кіеве, 1984). Завяршае пералік работ рэжысёра кінастужка “Эпілог” (1994) па творах І. Шамякіна. Кожны са створаных рэжысёрам фільмаў адлюстроўвае пазіцыю, грамадзянскую лінію мастака, які імкнуўся весці размову з гледачом на тэмы жыццёва важныя, надзённыя.
З 1992 па 2006 г. І. Дабралюбаў працаваў у Мінскім інстытуце сучасных ведаў загадчыкам кафедры (з 1993 г. – прафесар). Напісаў кнігу мемуараў “Осколки памяти” (2006), у якой разважае аб праблемах сучаснага беларускага кіно, успамінае пра сустрэчы з У. Караткевічам, Л. Дуравым, Г. Гарбуком, М. Карачанцавым, Г. Макаравай. У 2003 г. выйшаў дакументальны фільм рэжысёра Д. Міхлеева “Ігар Дабралюбаў сярод сяброў”.