Дата нараджэння: 28.01.1943 Федзюкі, в., Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці: 26.04.2002
Кароткая даведка: кінарэжысёр, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982), прэміі Ленінскага камсамола (1980)
Імёны на іншых мовах: Пташук Михаил Николаевич (руская);
Міхаіл Мікалаевіч Пташук з’яўляецца адным з самых прызнаных лідараў беларускага кінамастацтва. Яго работы неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды на прэстыжных рэспубліканскіх конкурсах і міжнародных кінафестывалях. Кожны фільм, зняты рэжысёрам, станавіўся сапраўднай падзеяй, выклікаў цікавасць у калег, крытыкаў і гледачоў.
Нарадзіўся М. Пташук у в. Федзюкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласцi ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Баранавiчах у 1961 г. паступіў на рэжысёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, потым стаў студэнтам Маскоўскага тэатральнага вучылішча імя Б. Шчукіна (майстэрня Б. Захавы). У час вучобы зняўся ў прыгодніцкім дэтэктыве «Лунныя ночы» і сыграў нямецкага салдата ў фільме «Доктар Вера». Вучылішча М. Пташук скончыў у 1967 г. Некалькі гадоў працаваў у тэатрах Масквы, Казанi, Сiмферопаля, потым паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР (майстэрня Г. Данеліі). Яго дыпломная работа – мастацкі фільм «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» – быў зняты на Адэскай кінастудыі ў 1973 г. і адзначаны некалькімі ўзнагародамі на ўсесаюзных кінафестывалях, у 1974 г. атрымў Гран-пры на Мiжнародным кiнафестывалі ў Iспанii (Барселона). Па запрашэнні Дзяржкіно БССР М. Пташук у 1974 г. прыехаў у Мінск, дзе працаваў да 2002 г.
Першай работай рэжысёра на кінастудыі «Беларусьфільм» стаў мастацкі фільм «Лясныя арэлі» (1975), які прысвячаўся падлеткам. Потым быў зняты тэлесерыял «Час выбраў нас» (1978), у якім паказана, як у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі нараджаўся і набіраў моц партызанскі рух. На працягу ўсяго тэлефільма падкрэсліваецца, што наша зямля ў цяжкія ваенныя гады ператварылася ў вялікае Кулікова поле, на кожнай пядзі якога вырашаўся лёс краіны. У 1980 г. групе стваральнікаў серыяла была прысуджана прэмія Ленінскага камсамола. Ваенная тэма працягвалася і ў іншых работах рэжысёра. Мінулае і сучаснае, падзеі восені 1942 г. і мірныя будні вёскі адлюстраваны ў фільме «Вазьму твой боль» (1980; паводле рамана І. Шамякіна). У 1982 г. за гэты фільм М. Пташук, І. Шамякін (аўтар сцэнарыя), В. Мікалаеў (аператар), Ю. Альбіцкі (мастак), С. Картэс (кампазітар), У. Гасцюхін (акцёр) былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Асаблівае прызнанне сярод работ М. Пташука атрымала кінаэкранізацыя аповесці В. Быкава «Знак бяды» (1986). Гісторыя Сцепаніды і Петрака (жыхароў невялікага хутара), якая адбылася ў пачатку вайны, прадстаўлена на экране па-сапраўднаму праўдзіва, з вялікім рэжысёрскім майстэрствам. Фільм атрымаў Гран-пры на Міжнародных кінафестывалях у Югаславіі (1986) і Вялікабрытаніі (1987); акцёры Н. Русланава і Г. Гарбук былі адзначаны як лепшыя выканаўцы галоўных роляў. Імкненне па-новаму асэнсаваць гісторыю краіны, паказаць фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых абставінах розных тыпаў чалавечага характару адлюстравана ў гісторыка-псіхалагічных стужках «Наш браняпоезд» (1988) і «Кааператыў “Палітбюро”», або «Будзе доўгім развітанне» (1992; сярэбраны прыз на Міжнародным кінафестывалі ў Варшаве, 1992; Гран-пры Міжнароднага кінафестывалю «Залаты Віцязь» у Прыднястроўі, 1994; Гран-пры ў Празе, 1995, Стакгольме і Бялградзе, 1996). Рэжысёр шмат зрабіў для ўмацавання і развіцця творчых сувязей паміж беларускімі і расійскімі кінематаграфістамі. Яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва стаў вострасюжэтны фільм з рысамi дэтэктыва, псiхалагiчнай драмы i гiстарычнай хронiкi «У жніўні 44-га…» (2000; паводле рамана У. Багамолава «В августе сорок четвертого» («Момент истины»). Па словах М. Пташука, гэта была самая складаная работа ў яго фільмаграфіі. Аднак выдатная праца акцёраў, здымкі ў месцах, дзе у час вайны адбываліся падзеі, што леглі ў аснову рамана і сцэнарыя, а таксама дакладныя карціны побыту людзей таго часу зрабілі фільм настолькі рэалістычным, што ў гледачоў стваралася ўражанне непасрэднага ўдзелу ў ім. Кінастужка з поспехам дэманстравалася на айчынных і замежных экранах і прынесла яе стваральнікам – М. Пташуку, аператару У. Спарышкову, гукарэжысёру І. Маёраву, а таксама выканаўцам галоўных роляў У. Галкіну і Я. Міронаву – высокія ўзнагароды. Сярод іншых фільмаў, знятых на беларускай кінастудыі, – прыгодніцкі тэлесерыял «Чорны замак Альшанскі» (1984; паводле аднайменнага рамана У. Караткевіча), лірычная камедыя «Гульня ўяўлення» (1995; сцэнарый Э. Брагінскага), тэлефільм «Макбет» (1995; экранізацыя трагедыі У. Шэкспіра па спектаклі Мінскага тэатра «Вольная сцэна»). Кінакарціна «У чэрвені 41-га» (2001, іншая назва «Песня Розы») стала апошняй работай рэжысёра. Жыццё М. Пташука абарвалася 26 красавіка 2002 г. Ён загiнуў у аўтамабiльнай аварыi ў Маскве, калі ехаў на цырымонію ўручэння заслужанай узнагароды – кінематаграфічнай прэміі «Ніка».
Творчасць М. Пташука высока ацэнена. За вялікі ўклад у развіццё айчыннага кінамастацтва рэжысёру ў 1982 г. прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1990 г. – народнага артыста Беларусі. У гонар М. Пташука на будынку Нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм» у Мінску ўсталявана мемарыяльная дошка. На бацькоўскай хаце ў в. Федзюкі і на фасадзе школы № 13 у Баранавічах таксама ёсць памятныя знакі. У сталічным мікрараёне Лошыца і ў Ляхавiчах імем рэжысёра названы вуліцы. У 2004 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга, прысвечаная жыццю і творчасці рэжысёра. У гэтым жа годзе знята дакументальная стужка «Незаконченная песня. Михаил Пташук» (рэжысёр В. Аслюк).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.