Прыметнае месца ў заходнебеларускай паэзіі 20–30-х гг. мінулага стагоддзя належыць творчасці Івана Казіміравіча Семашкевіча, які вядомы пад літаратурным псеўданімам Янка Быліна.
Нарадзіўся ён у в. Лакцяны Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. У 1907 г. закончыў Віленскую духоўную семінарыю. Служыў каталіцкім святаром, ажыццяўляў шырокую пастырскую і культурна-асветніцкую дзейнасць на пасадах вікарыя і пробашча ў заходнебеларускіх парафіях Ашмяншчыны, Віленшчыны, Беласточчыны. У час Першай сусветнай вайны Я. Быліна прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Актыўна адстойваў ідэю беларусізацыі рэлігійнага жыцця. Сам шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў паўсядзённай пастырскай дзейнасці, за што праследаваўся польскай уладай і быў пад наглядам паліцыі.
Першыя вершы Я. Быліны з’явіліся на старонках беларускага перыядычнага друку ў 1917 г. Віленская газета “Гоман” змясціла вершы “Раманс”, “Бярозка”, “Здарэнне”, “Разлука”, “Скарб на Св. Яна” і інш. Пазней гэтыя паэтычныя творы ўвайшлі ў зборнік “На прызбе”, што выйшаў у 1918 г. (другое выданне – у 1924). Супрацоўнічаў Я. Быліна з беларускай каталіцкай газетай “Крыніца”, якая з 1926 г. пачала выпускацца пад назвай “Беларуская крыніца”. Тут у 1920 г. былі змешчаны вершы “О, край мой родны”, “Да маіх даўнейшых прыяцеляў-палякаў”. У першым творы аўтар выказвае шчырае пачуццё любві да сваёй прыгнечанай Бацькаўшчыны, вёскі, мовы, прыроды, якое перамяжоўваецца з болем за далейшы лёс Радзімы. У другім звяртаецца да сяброў-палякаў, заклікае іх да паразумення, братэрскай салідарнасці і чалавечнасці, выканання грамадзянскага абавязку перад беларусамі. Патрыятызм і крытычныя адносіны да рэчаіснасці прывялі Я. Быліну ў сатырычныя часопісы “Авадзень”, “Маланка”. У змешчаных там вершах ён выкрываў сутнасць культурнай палітыкі польскага ўрада, высмейваў апалячванне беларусаў угодлівымі чыноўнікамі. У 1934 г. выйшаў другі зборнік “На покуці”, у паэтычных творах якога адлюстравана шкоднае ўздзеянне эканамічнага крызісу на норавы, этыку, культуру зносін паміж людзьмі. Яго вершы са зборнікаў мелі пераважна сюжэтна-навелістычны характар, звярталі на сябе ўвагу дакладнасцю і яснасцю думак і пачуццяў, спакойнай апавядальнай танальнасцю, ураўнаважанасцю гучання. Асаблівай мастацкай вартасцю вызначаюцца вершаваныя апавяданні “Здарэнне”, “Пахаванне старшыні”. Змест іх пабудаваны на рэальных здарэннях і фактах, узятых з вясковага жыцця. Напісаныя жывой гутарковай мовай апавяданні вызначаюцца дасціпнасцю і тонкім сялянскім гумарам. Для вершаў рэлігійнай тэматыкі характэрны набожнасць, талерантнасць і вялікае чалавекалюбства. Творам грамадзянскага гучання ўласцівы патрыятызм, пафас, выкрывальніцтва палітыкі польскай улады, заклікі да змагання супраць паланізацыі беларускага народа (“Бацькаўшчына”, “Дарогі нашай айчыны”, “Ой, пусцее поле”, “Воўк заўсёды ваўком”, “Мая муза” і інш.). Адзін з найбольш вядомых і прыгожых вершаў Я. Быліны, прысвечаны М. Багдановічу, пачынаецца радкамі:
К нам сумна вестка прыляцела:
Памёр “пясняр чыстай красы”,
Душой чысцейшы ад расы.
Жалобу Беларусь адзела...
(“Памяці Багдановіча”)
Асобнае месца ў паэтычных зборніках займалі байкі. Яны ў пэўнай ступені закраналі нацыянальна-палітычныя і сацыяльныя праблемы і супярэчнасці заходнебеларускай рэчаіснасці, выяўлялі выпадкі нізкага ўзроўню духоўна-патрыятычнай самасвядомасці, маралі і культуры ў грамадстве, выкрывалі няроўнасць і ўціск, угодніцтва і палахлівасць (“Пан і сабака”, “Муха і вол”, “Павук і мыш”, “Вол-вучыцель” і інш.).
Найбольш значным мастацкім творам Я. Быліны з’яўляецца трагікамедыя ў трох дзеях “Выбары старшыні”, якая была выдадзена ў 1926 і 1938 гг. (cпачатку лацінкай, а потым кірыліцай). П’еса, дзе аўтар высмеяў несумленнасць і жорсткасць чыноўнікаў у дачыненні да простага чалавека, карысталася вялікім поспехам і папулярнасцю сярод вясковых і местачковых жыхароў, неаднаразова ставілася самадзейнымі тэатральнымі калектывамі. Янка Быліна пісаў як кірыліцай, так і лацінкай, якія шырока ўжываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для твораў пісьменніка характэрны стыль і тон апавядальніка, трапнае выкарыстанне жывой мовы, вобразных слоў і выслоўяў. Акрамя паэтычнай творчасці ён займаўся перакладам рэлігійнай літаратуры на беларускую мову. У час культу асобы Я. Быліна быў падвергнуты беспадстаўным абвінавачванням і рэпрэсіям. Апошнія гады жыцця правёў у мястэчку Міхалова-Нязбудным на Беласточчыне. Пахаваны там жа.
Сваімі творамі Я. Быліна выклікаў цікавасць да Беларусі, жыў яе праблемамі, імкнуўся сваёй творчасцю павялічыць жанравую і тэматычную разнастайнасць беларускай літаратуры. Вершы простыя, часам нават спрошчаныя па сваёй тэматыцы і мастацка-выяўленчых асаблівасцях, але разам з тым без іх агульная карціна развіцця заходнебеларускай паэзіі была б няпоўнай і збедненай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.