Любоў да сваёй малой Радзімы, да таго кутка зямлі, дзе рос і мужнеў, назаўсёды ўвайшла ў сэрца і памяць Міхася Клебановіча. Нарадзіўся ён у Грэску (цяпер аграгарадок Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. У 1952 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) быў накіраваны на Беларускае тэлебачанне. Працаваў рэдактарам ваенных перадач Мінскай студыі тэлебачання (1957–1962), быў старшым рэдактарам рэдакцыі сельскагаспадарчых перадач (1962–1967), старшым рэдактарам рэдакцыі «Тэлефільм» (1967–1972), з’яўляўся членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі галоўнай рэдакцыі «Тэлефільм» (1972–1977). З 1977 г. – галоўны рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі Рэспубліканскага тэлебачання і Дзяржтэлерадыё Беларусі.
Свой творчы шлях М. Клебановіч пачынаў з напісання карэспандэнцый, нарысаў, замалёвак, сцэнарыяў тэлевізійных перадач. Ён – аўтар п'ес «Аплявуха», «Санітарны дзень», «Збродныя душы». Напісаў сцэнарыі да шэрагу дакументальных і мастацкіх тэлефільмаў: «Вясёлка над полем (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Лідзія Асіюк» (1973), «Салдаты перамогі» (1975) і інш.
Празаічныя творы пачаў пісаць у канцы 1960-х. Першая падборка апавяданняў М. Клебановіча з’явілася ў часопісе «Полымя» ў 1971 г. Раз-пораз яго творы друкаваліся ў часопісах «Нёман», «Беларусь», газетах «Літаратура і мастацтва», «Мінская праўда». Пісьменнік – аўтар кнігі прозы «Ранішняе сонца» (1981), аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), шэрагу апавяданняў. Галоўная вартасць твораў М. Клебановіча – свежы, арыгінальны погляд на праблемы вёскі, жыццё людзей, звязаных з зямлёй, хлебам. Сярод асноўных творчых прынцыпаў празаіка зацікаўленасць сучасным жыццём, яго маральна-этычнымі праблемамі, жаданне знайсці герояў у самай гушчыні рэальнай паўсядзённасці, вызначыць іх духоўную сутнасць. У цэнтры яго ўвагі канкрэтныя чалавечыя лёсы, якія ён імкнецца раскрыць у суаднесенасці з грамадскім жыццём.
У кнізе прозы «Ранішняе сонца» адчуваецца пэўная цэласнасць, мэтанакіраванасць. Жыццёвы матэрыял у М. Клебановіча падабраны прадумана, адухоўлены ўменнем аўтара паказаць чалавека ў такі момант, які найбольш высвятляе асноўныя якасці характару, станоўчыя і адмоўныя рысы. Вострыя праблемы пасляваеннага вясковага жыцця пастаўлены аўтарам у аповесці «Ранішняе сонца». У цэнтры твора – спрэчка галоўных герояў (старшыня калгаса і вясковы настаўнік) аб адносінах да людзей, метадах кіраўніцтва і гаспадарання. Менавіта праз успрыманне чалавека, яго паводзіны паказаны і некаторыя эпізоды вайны («Роспачная ноч», «Свістун»), і складаны пасляваенны час (аповесць «Ранішняе сонца»), і нялёгкія праблемы сённяшняга дня («Соня», «Вясёлы шафёр», «Увосень», «Заручыны», «Маладая», «Старшынёва жонка», «Сімфонія»). Пісьменнік добра адчуваў становішча вёскі, яе маральную атмасферу, яе праблемы. У апявяданнях М. Клебановіча паўстаюць пытанні суадносін маральнага і матэрыяльнага, неабходнасці не паказной, а сапраўднай любові і павагі да чалавека, праблемы сямейных і грамадскіх сувязей. Паказваючы людзей у працы, ва ўзаемаадносінах, грамадскіх сувязях, пісьменнік імкнецца высветліць іх духоўны свет, раскрыць лепшыя рысы нацыянальнага характару, заснаваныя на высокіх маральных традыцях народнага жыцця. Героі М. Клебановіча ў большасці гумарысты па натуры, яны смяюцца са сваіх слабасцей і недахопаў, любяць дасціпны жарт. Добразычлівая, тонкая іронія, пачуццё гумару ў цеснай з’яднанасці з удумлівым аналізам надзённых праблем жыцця і вызначаюць стыль твораў празаіка, яго творчую індывідуальнасць.
Але галоўнае, што вылучае творы М. Клебановіча сярод іншых – мова яго герояў. Праз яе якраз і дасягаецца тая вышыня, якая ўласціва сапраўднаму мастацкаму твору: жывое, сакавітае слова гучыць са старонак кнігі. Выслоўі, выразы, дынамічныя дыялогі, гумарыстычныя сцэны дапамагаюць найлепш раскрыць душу чалавека. Строга індывідуалізаваная мова персанажаў удала спалучаецца з каментарыямі аўтара. Кожны з герояў М. Клебановіча мае свой голас, сваё моўнае аблічча, таму і ствараецца ўражанне непасрэднай прысутнасці на калгасным сходзе, вясковай вуліцы, або ў сялянскай хаце.
Праца Міхаіла Іванавіча Клебановіча была высока ацэнена дзяржавай: у 1985 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.