Дата нараджэння:
04.03.1634 Лышчыцы, в., Брэсцкі раён
Дата смерці:
30.03.1689
Кароткая даведка:
мысліцель, грамадска-палітычны дзеяч, педагог
Імёны на іншых мовах:
Лыщинский Казимир (руская);
3365 сімвалаў
Даведка
У беларускай гісторыі другой паловы XVII ст. вылучаецца выдатная, яркая і самабытная постаць Казіміра Лышчынскага.
Нарадзіўся ён у маёнтку Лышчыцы на Брэстчыне, быў выхадцам са старадаўняга небагатага дваранскага роду. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. Вучыўся ў Брэсцкім езуіцкім калегіуме, пасля заканчэння якога працягваў адукацыю ў езуіцкіх установах Кракава, Каліша і Львова. У 1658 г. уступіў у ордэн езуітаў. Нейкі час выкладаў у Львове, з 1665 г. з’яўляўся памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума. У 1666 г. выйшаў з ордэна езуітаў, ажаніўся, пакінуў Брэст і пасяліўся ў сваім родавым маёнтку Лышчыцы. Займаўся юрыдычнай практыкай, выбіраўся паслом ад шляхты Брэсцкага ваяводства на сеймы ў Варшаве (1669, 1670, 1672, 1674). Прывілеем караля Яна III у 1682 г. зацверджаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Казімір Лышчынскі ўдзельнічаў таксама ў трыбунальскім судзе, быў пісарам каралеўскага суда. Дзякуючы грамадскай дзейнасці карыстаўся аўтарытэтам сярод шляхты. Найперш зарэкамендаваў сябе як педагог. У сваім маёнтку К. Лышчынскі, будучы прыхільнікам ідэй асветніцтва, адкрыў школу, дзе сам выкладаў мовы і асновы розных навук. Там вучыліся разам дзяўчынкі і хлопчыкі, дзеці шляхты і сялян. Замест таго, каб вучыць па Катэхізісе, як было ў тагачасных школах, даваў веды пра прыроду і прыродазнаўчыя законы, па якіх яна развіваецца. У якасці галоўнай каштоўнасці аб’яўляўся чалавек і вартасць яго асобы.
Усё жыццё К. Лышчынскі правёў у навуковых пошуках. Глыбока вывучаў філасофію, гісторыю, прыродазнаўства. Атэістычныя погляды пачалі фарміравацца яшчэ ў калегіуме, дзе выказваў парадаксальныя думкі пра Бога, анёлаў і рэлігію. Казімір Лышчынскі імкнуўся знайсці адказы на пытанні, якія хвалявалі яго. Светапогляд фарміраваўся пад уплывам гуманістычных традыцый мысліцеляў Антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Свае атэістычныя ідэі і вывады выклаў у трактаце “Аб неіснаванні Бога”, напісаным на лацінскай мове. Да нас дайшлі толькі асобныя фрагменты твора, якія захаваліся ў матэрыялах судовага працэсу над К. Лышчынскім. Аўтар выступаў супраць рэлігійнага светаразумення і хрысціянскай рэлігіі, адкідаў біблейскую касмагонію, сцвярджаў, што прырода развіваецца па ўласных законах без умяшання звышнатуральных істот, а свет існуе вечна. Ён лічыў, што ўяўленні людзей пра Бога – вынік іх фантазіі і памылак, Стары і Новы Запаветы – выдумка ашуканцаў Майсея і Хрыста, адмаўляў бессмяротнасць душы, Тройцы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых, крытыкаваў царкоўную мараль, лад жыцця духавенства, настойваў на замене царкоўнага шлюбу грамадзянскім. Казімір Лышчынскі – адзін з першых прапагандыстаў ідэй утапічнага сацыялізму ў Беларусі. Марыў аб сацыяльнай роўнасці і свабодзе, жадаў бачыць свет без улады, гарады без начальнікаў, народ без гаспадароў. За смеласць поглядаў ён паплаціўся жыццём. 30 сакавіка 1689 г. паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры ў Варшаве.
Атэістычная сістэма К. Лышчынскага ўвабрала ў сябе прагрэсіўныя ідэі свайго часу. Яна фарміравалася ў рэчышчы еўрапейскай і айчыннай матэрыялістычнай і атэістычнай традыцый. Казіміра Лышчынскага не без падстаў параўноўваюць з такімі прадстаўнікамі гэтых традыцый, як Дж. Бруна, Л. Ваніні, Т. Кампанела, Б. Спіноза, С. Будны і інш.