Дата нараджэння:
26.10.1904 Барысаў, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
24.04.1985 Расія
Кароткая даведка:
ваенны дзеяч, генерал-маёр, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), ганаровы грамадзянін Барысава, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Кутузава ІІ ст., Суворава ІІ ст., Айчыннай вайны І і ІІ ст., медалямі
Імёны на іншых мовах:
Толстиков Павел Фёдорович (руская);
4429 сімвалаў
Даведка
Павел Фёдаравіч Тоўсцікаў нарадзіўся ў г. Барысаў Мінскай вобласці ў сям’і рабочага. Пасля атрымання няпоўнай сярэдняй адукацыі працаваў на Барысаўскім крыштальным заводзе. У 1926 г. стаў чырвонаармейцам, скончыу палкавую школу. Пасля заканчэння тэрміновай вайсковай службы вырашыў стаць прафесійным вайскоўцам і ў 1930 г. скончыў Кіеўскае ваеннае пяхотнае вучылішча. Прымаў удзел у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г. Да вясны 1941 г. П.Ф. Тоўсцікаў прайшоў шлях ад камандзіра аддзялення да начальніка аператыўнага аддзялення штаба 27-й Омскай стралковай дывізіі 4-га стралковага корпуса 3-й арміі Заходняй Асобай ваеннай акругі, падраздзяленні якой размяшчаліся на тэрыторыі Беластоцкай вобласці БССР (цяпер Польшча).
22 чэрвеня 1941 г. войскі 27-й дывізіі ўступілі ў бой з двума нямецкімі пяхотнымі дывізіямі. Нямецкае камандаванне сканцэнтравала на гэтым участку фронту значныя сілы, якія нягледзячы на ўпартае супраціўленне чырвонаармейцаў, хутка прасоўваліся ўглыб тэрыторыі БССР. За некалькі дзён абарончых баёў 27-я дывізія страціла больш за 60% асабістага складу. Рэшткі яе фарміраванняў трапілі ў “Навагрудскі кацёл”. У пачатку ліпеня 1941 г. невялікая колькасць байцоў дывізіі змагла выйсці з акружэння. Маёр Тоўсцікаў быў сярод іх.
У кастрычніку 1941 г. П.Ф. Тоўсцікаў быў пераведзены на пасаду кіраўніка аператыўнага аддзялення штаба 134-й стралковай дывізіі Заходняга фронту. У складзе дывізіі ваяваў пад Вязьмай, Гжацкам, Нара-Фамінскам. У якасці старшага памочніка начальніка 1-га аддзялення аператыўнага штаба 33-й арміі прымаў удзел у баях пад Масквой і Мажайскам, Ржэўска-Вяземскай наступальнай аперацыі. У ходзе апошняй два з паловай месяцы знаходзіўся ў акружэнні. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені.
З сакавіка 1943 г. П.Ф. Тоўсцікаў кіраваў штабам 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі 11-й гвардзейскай арміі. Дывізія прымала ўдзел у Курскай бітве, Арлоўскай, Бранскай і Гарадоцкай наступальных аперацыях.
З сакавіка 1944 г. і да Перамогі П.Ф. Тоўсцікаў быў камандзірам 1-й гвардзейскай стралковай Маскоўскай дывізіі 11-й гвардзейскай арміі. Дывізія пад камандаваннем Тоўсцікава вызначылася пры фарсіраванні Бярэзіны, авалоданні Віцебскам, Барысавам і Мінскам. За поспехі ў Беларускай наступальнай аперацыі 1-я гвардзейская стралковая Пралетарская Маскоўская Чырванасцяжная дывізія была адзначана ордэнам Суворава ІІ ст. і прысваеннем ганаровага наймення “Мінская”, а яе кіраўнік ўзнагароджаны ордэнам Суворава. Увосень 1944 г. байцы дывізіі прымалі ўдзел у Вільнюскай і Гумбіненскай наступальных аперацыях і першымі выйшлі на мяжу з Усходняй Прусіяй. У лістападзе 1944 г. дывізія П.Ф. Тоўсцікава была ўзнагароджана ордэнам Леніна.
На завяршальным этапе вайны байцы дывізіі пад камандаваннем П.Ф. Тоўсцікава выдатна праявілі сябе ў час Усходне-Прускай, Кёнігсбергскай і Земландскай наступальных аперацый, жорсткіх баях за гарады Альтэнберг, Людвігсорт, Кёнігсберг і Пілау (цяпер пасёлак Дарожнае, гарады Ладушкін, Калінінград і Балтыйск Расійскай Федэрацыі). У маі 1945 г. 1-я гвардзейская стралковая дывізія была ўзнагароджана ордэнам Кутузава ІІ-й ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 мая 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм, камандзіру 1-й гвардзейскай стралковай Маскоўска-Мінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі генерал-маёру Паўлу Фёдаравічу Тоўсцікаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Да 1948 г. адважны камдзіў працягваў камандаваць 1-й гвардзейскай стралковай Пралетарскай Маскоўска-Мінскай Чырванасцяжнай ордэнаў Леніна, Суворава і Кутузава дывізіяй. У 1949 г. скончыў курсы ўдасканалення афіцэрскага складу, у 1953 г. – Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі генштаба. Да 1957 г. працаваў у Цэнтральным апараце Міністэрства абароны СССР.
З 1957 г. генерал-маёр П.Ф. Тоўсцікаў – у запасе. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава ІІ-й ступені, Кутузава ІІ-й ступені, Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ступеняў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі. У 1969 г. П.Ф. Тоўсцікаў стаў ганаровым грамадзянінам Барысава. Жыў у Маскве, памёр 24 красавіка 1985 г.
Імем Героя названы вуліцы ў Барысаве (Беларусь) і Калініградзе (Расія).