Дата нараджэння:
1858 Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
1924
Кароткая даведка:
рэвалюцыянер-народнік
Імёны на іншых мовах:
Борейшо Антон Степанович (руская);
2536 сімвалаў
Даведка
Рэвалюцыянер-народнік, член цэнтральнага гуртка рабочай арганізацыі “Народная воля”, кіраўнік яе раённых аддзяленняў, Антон Сцяпанавіч Барэйша нарадзіўся ў 1858 г. на хутары Любаполь (Пінскі раён, Брэсцкая вобласць) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Пінскай гімназіі, Беластоцкім рэальным вучылішчы. У час вучобы ўваходзіў у склад нелегальнага вучнёўскага гуртка, арганізаванага І. Я. Грынявіцкім.
У 1877 г. паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, але з 2-га курса пакінуў яго з намерам стаць студэнтам Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі (зараз – Маскоўская сельскагаспадарчая акадэмія імя К. А. Ціміразева). Аднак мара засталася неажыццёўленай: у 1879 г. ён выехаў у вёску Бацішчава ў памесце рускага вучонага-аграхіміка і публіцыста А. М. Энгельгарта, дзе працаваў рабочым і вывучаў сельскую гаспадарку. У памесці А. С. Барэйша пазнаёміўся і зблізіўся з рэвалюцыйна настроенай моладдзю.
Пасля вяртання ў Пецярбург А. Барэйша сустрэўся са сваім таварышам па Беластоцкім вучылішчы Ігнатам Грынявіцкім – рэвалюцыянерам, будучым забойцам расійскага імператара Аляксандра ІІ. Пад уплывам І. Грынявіцкага Антон Сцяпанавіч далучыўся да народавольніцкага руху і цвёрда вырашыў прысвяціць сваё жыццё барацьбе за народную справу. Члены “Народнай волі” хутка ўбачылі ў ім добрага арганізатара і таленавітага прапагандыста.
У маі 1880 г. у Пецярбургу выканаўчы камітэт “Народнай волі” арганізаваў друкарню і пачаў выданне “Рабочей газеты”. А. С. Барэйша стаў яе карэспандэнтам і друкаром. Пазнаёміўся з актыўнымі прадстаўнікамі рэвалюцыйнага свету – членамі выканаўчага камітэта М. Грачэўскім, Р. Ісаевым, П. Талалавым, М. Лангенсонам, А. Жалябавым, С. Пятроўскай і іншымі народавольцамі. У сакавіку 1881 г. па прапанове Р. Ісаева А. Барэйша перайшоў з друкарні “Рабочей газеты” ў друкарню газеты “Народная воля”.
Улетку 1881 г. А. Барэйша праводзіў рэвалюцыйную прапаганду сярод рабочых Масквы і сялян Пінскага павета, удзельнічаў у стварэнні рабочай народавольскай арганізацыі ў Маскве. У снежні 1881 г. рэвалюцыянер быў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Пры вобыску ў яго былі знойдзены экзэмпляры “Рабочей газеты”, рукапіс артыкула “Эксплуатацыя рабочых на Балтыйскім заводзе”. У сакавіку 1883 г. А. Барэйша паўстаў перад судом урадавага сената на “працэсе 17-і” і быў прыгавораны да 15 гадоў ссылкі ў Якуцію з далейшым пажыццёвым пасяленнем у Сібіры. Памёр рэвалюцыянер-народаволец далёка ад радзімы ў г. Кірэнск (Іркуцкая вобласць, Расія).