Дата нараджэння:
25.10.1858 Смалявіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
29.06.1934
Кароткая даведка:
беларускі і расійскі вучоны ў галіне этнаграфіі і геаграфіі, мовазнавец, фалькларыст, лінгвіст, член-карэспандэнт і ганаровы акадэмік АН СССР
Імёны на іншых мовах:
Piekarski Edward (польская); Пекарский Эдуард Карлович (руская);
2928 сімвалаў
Даведка
Эдуард Карлавіч Пякарскі нарадзіўся ў 1858 г. у фальварку Пятровічы Ігуменскага павета (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). Вучыўся ў Мазырскай, Мінскай, Таганрогскай і Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветэрынарным інстытуце. Вучоба засталася незавершанай. За ўдзел у народніцкім руху ў 1879 г. Э. Пякарскі быў сасланы ў Якуцію, дзе пачаў вывучаць культуру, побыт якуцкага народа. Авалодаў вуснай мовай, выступаў у ролі перакладчыка, вывучаў песенны, былінны фальклор багатага на культуру старажытнага народа. На аснове сабранага матэрыялу ў Якуцку ў 1898 г. выйшаў першы варыянт “Словаря якутского языка” Э. Пякарскага, які змяшчаў 7 тысяч слоў. У 1894–1896 гг. Эдуард Карлавіч удзельнічаў у экспедыцыі Усходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства, а ў 1903 г. Э. Пякарскага запрасілі ўдзельнічаць у Аяна-Нельканскай экспедыцыі. З Якуціяй даследчык развітаўся толькі тады, калі ў 1905 г. Акадэмія навук Расіі запрасіла яго ў Пецярбург для завяршэння працы над слоўнікам. Да 1910 г. вучоны працаваў рэгістратарам калекцый у этнаграфічным аддзеле Рускага музея, а з 1911 г. – у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага пры Акадэміі навук.
Першы выпуск “Словаря якутского языка” пабачыў свет у 1907 г. Даследчык быў удастоены залатога медаля Акадэміі навук. За перыяд з 1907 г. па 1930 гг. выйшла 13 выпускаў слоўніка. Э. Пякарскі стварыў не проста слоўнік якуцкай мовы, а сапраўдную энцыклапедыю ўсяго ўкладу жыцця народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. У слоўніку зарэгістравана 60 000 якуцкіх слоў з усебаковай іх характарыстыкай. Даследчык прывёў шмат звестак пра побыт, вераванні, звычаі якуцкага народа. Тлумачачы значэнне слова, ён адначасова апісваў абрады, прыметы, бытавыя падрабязнасці. У слоўніку побач з лінгвістычнымі прыводзяцца этнаграфічныя, фальклорныя і міфалагічныя звесткі. З 1907 па 1918 г. пад рэдакцыяй Э. Пякарскага выйшла восем выпускаў трохтомнага выдання “Образцы народной литературы якутов”. За “Словарь якутского языка” і першы том “Образцов народнай литературы якутов” вучонага ўзнагародзілі залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. Э. Пякарскі апублікаваў таксама нямала даследаванняў па этнаграфіі якутаў, працаваў у часопісе “Живая старина”.
1 лютага 1931 г. Э. Пякарскі быў выбраны ганаровым членам Акадэміі навук СССР, а 21 снежня гэтага ж года прэзідыум Якуцкага ЦВК узнагародзіў яго граматай за “шматгадовую працу па складанню якуцкага слоўніка, які з’яўляецца каштоўным укладам у навуку для вывучэння культуры Якуціі”.
На працягу ўсяго свайго жыцця Э. Пякарскі марыў пра Беларусь, але выключная занятасць не давала магчымасці наведацца ў родныя мясціны. Упершыню пасля ссылкі ён пабываў там у 1906 г. Аднак мара яшчэ раз прыехаць на радзіму так і засталася марай. Не маючы магчымасці працаваць на карысць Беларусі, ён прысвяціў сваёй другой радзіме дзесяткі гадоў нястомнай працы.