Дата нараджэння:
восень 1913 Гарадзецк, в., Дрыбінскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
22.06.1979
Кароткая даведка:
ваенны дзеяч, генерал-маёр авіяцыі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1942), узнагароджаны ордэнам Леніна, шасцю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава ІІІ ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі, дзяржаўнымі ўзнагародамі іншых краін
Варыянты імя:
Аўдзееў Міхаіл Васілевіч
Імёны на іншых мовах:
Авдеев Михаил Васильевич (руская);
2493 сімвалы
Даведка
Міхаіл Васільевіч Аўдзееў нарадзіўся ў вёсцы Гарадзецк Дрыбінскай воласці Чавускага павета Магілёўскай губерні (цяпер Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці). У 1930 г. скончыў 6 класаў школы ў роднай вёсцы. У 1930–1932 гг. працаваў у калгасе, вясной 1932 г. быў цесляром на электрастанцыі ў Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург).
У маі 1932 г. стаў чырвонаармейцам. Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу ваенна-паветраных сіл, Варашылаўградскую ваенную авіяцыйную школу лётчыкаў. Служыў у марской авіяцыі. Быў лётчыкам асобнай знішчальнай авіяэскадрыллі, камандзірам звяна і намеснікам камандзіра авіяэскадрыллі знішчальнага авіяпалка ваенна-паветраных сіл Чарнаморскага флоту (ВПС ЧФ). З чэрвеня 1941 г. удзельнічаў у абароне Крыма і Севастопаля.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 чэрвеня 1942 г. Міхаілу Васільевічу Аўдзееву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
За час Вялікай Айчыннай вайны М.В. Аўдзееў здзейсніў каля 500 баявых вылетаў на знішчальніках І-16, Як-1, Як-9, у паветраных баях збіў 12 самалётаў праціўніка асабіста і 6 у складзе групы. Удзельнічаў у бітве за Каўказ, Новарасійска-Таманскай, Крымскай, Адэскай і Яска-Кішынёўскай аперацыях.
Пасля заканчэння вайны М.В. Аўдзееў скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваенна-марской акадэміі, Вышэйшую ваенную акадэмію (Ваенную акадэмію Генеральнага штаба). У 1957 г. стаў генерал-маёрам авіяцыі. Камандаваў авіяцыйнай дывізіяй, корпусам, быў намеснікам камандуючага паветранай знішчальнай арміяй і намеснікам камандуючага знішчальнай авіяцыяй Бакінскай акругі, узначальваў аддзел баявой падрыхтоўкі і ваенна-навучальных устаноў ВПС Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Знаходзіўся на вайсковай службе да 1964 г.
Узнагароджаны ордэнам Леніна (1942), шасцю ордэнамі Чырвонага Сцяга (1941; 1942; 1943; 1944; 1953; 1955), ордэнам Суворава ІІІ ступені (1944), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (1947; 1954), медалямі, амерыканскім ордэнам «Марскі крыж» (1943).
У 1967–1975 гг. былі надрукаваны тры кнігі ўспамінаў М.В. Аўдзеева аб гераічнай службе савецкіх лётчыкаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны.
Памяць пра героя-беларуса старанна захоўваецца: бюст М.В. Аўдзеева ўсталяваны ў пасёлку Кача каля Севастопаля. Імя выбітнага лётчыка прысвоена школе № 16 сяла Малдаванаўка Туапсінскага раёна Краснадарскага краю.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў Міжнароднага інтэрнэт-праекта «Герои страны».