Дата нараджэння:
1793 Шчучын, г., Гродзенская вобласць
Дата смерці:
07.12.1863 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Кароткая даведка:
польскі і беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў Таварыства філаматаў
Псеўданімы:
Nuft; Stryjaszek
Варыянты імя:
Петрашкевіч Ануфры
Імёны на іншых мовах:
Pietraszkiewicz Onufry (польская); Петрашкевич Онуфрий (руская);
4822 сімвалы
Даведка
Ануфрый Петрашкевіч нарадзіўся ў мястэчку Шчучын Лідскага павета Гродзенскай губерні (цяпер горад у Гродненскай вобласці) у сям'і шляхціца. Пасля заканчэння мясцовай піярскай школы некаторы час працаваў гувернёрам, потым паступіў на факультэт прыродазнаўчых і фізічных навук Віленскага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчаў з работай у спецыяльнай канцылярыі па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. У 1816 г. атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Ва ўніверсітэце А. Петрашкевіч стаў актыўным членам тайнага таварыства філаматаў. Разам з Ю. Яжоўскім, Т. Занам, А. Міцкевічам, Ф. Малеўскім, В. Палюшынскім і Б. Сухецкім ён з'яўляўся заснавальнікам арганізацыі. Калі ў 1818 г. таварыства было падзелена на два аддзелы (свабодных навук і літаратуры; фізікі, матэматыкі і медыцыны) А. Петрашкевіч узначаліў апошні. Ён выступаў на пасяджэннях з дакладамі па фізіцы, з рэцэнзіямі на літаратурныя творы сяброў, чытаў свае вершы. Асабліва карыснай была дзейнасць А. Петрашкевіча як архівіста згуртавання. Паэт збіраў і захоўваў матэрыялы пра філаматаў (выдадзены ў 1913–1934 гг. і ў 1973 г. як архіў філаматаў). У 1819 г. былі створаны некалькі саюзаў-клубаў з мэтай пашырэння ўплыву філаматаў на моладзь, павышэння ўзроўню яе самаарганізацыі. Значную папулярнасць меў «Саюз прамяністых», структуру якога распрацаваў А. Петрашкевіч. Мэтай згуртавання стала далучэнне моладзі да навукі, падтрымка роднай мовы, літаратуры, вывучэнне беларускай гісторыі і г. д. Масавасць арганізацыі напалохала ўніверсітэцкае кіраўніцтва, і ў маі 1820 г. рэктар С. Малеўскі загадаў распусціць арганізацыю.
З 1820 па 1822 г. А. Петрашкевіч знаходзіўся ў Польшчы. Ён працягваў адукацыю ў Варшаўскім універсітэце і ў 1821 г. стаў магістрам філасофіі. Як стыпендыят універсітэта пасля заканчэння вучобы быў накіраваны ў г. Люблін, дзе выкладаў у ваяводскай школе геаграфію, гісторыю і лацінскую мову. Настаўніцкая праца не задавальняла, і ў канцы 1822 г. А. Петрашкевіч вярнуўся ў Вільню. Калі пачаліся арышты філаматаў, яму ўдалося застацца на волі. Гэта дало магчымасць захаваць усе матэрыялы таварыства, у тым ліку паэтычныя творы філаматаў. Аднак А. Петрашкевіч не пазбегнуў пакарання: у канцы следства паэт быў арыштаваны і 9 лістапада 1824 г. высланы ў Расію. Спачатку жыў у Санкт-Пецярбургу, у студзені 1825 г. быў адпраўлены ў Маскву, дзе атрымаў працу ў бібліятэцы ўніверсітэта. Там працягваў выконваць абавязкі архівіста філаматаў: захоўваў дакументы таварыства, творы і лісты сяброў. У 1826 г. дапамог А. Міцкевічу выдаць напісаныя ў Адэсе і Крыме «Санеты» (выйшлі асобнай кнігай у друкарні Маскоўскага ўніверсітэта), рыхтаваў да выдання вершы Я. Чачота і Т. Зана, якія адбывалі пакаранне на Урале. Працу А. Петрашкевіча перапыніла Лістападаўскае польскае паўстанне (1830–1831) і звязаныя з ім падзеі. Былы філамат марыў стаць у шэрагі паўстанцаў. Ён звязаўся з афіцэрамі Літоўскага корпуса, якіх улады трымалі ў Маскве (далей ад «мяцяжу») і рыхтаваўся разам з імі да вяртання на радзіму. Былі сабраны зброя і грошы, знойдзены спосаб атрымаць патрэбныя дакументы. Аднак 16 чэрвеня 1831 г. А. Петрашкевіч быў арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю, якое 13 студзеня 1832 г. было заменена на пажыццёвую ссылку ў Сібір з пазбаўленнем шляхецтва і навуковай ступені магістра філасофіі. З ліпеня 1832 г. паэт жыў у Табольску. У 1856 г. яму дазволілі пакінуць Сібір. У 1860 г. А. Петрашкевіч вярнуўся ў Вільню, дзе пасяліўся ў доме брата, доктара медыцыны. 7 снежня 1863 г. ён памёр і быў пахаваны ў Вільні на могілках Росы.
Выгнанне з роднай зямлі, царскія рэпрэсіі адмоўна адбіліся на літаратурнай дзейнасці А. Петрашкевіча. Аб таленце паэта можна меркаваць толькі па творах філамацкага перыяду. Сярод іх – сентыментальныя вершы і гістарычныя думы ў духу рамантызму «Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна», якія былі надрукаваны ў часопісе «Tygodnik Wilenski» («Віленскі штотыднёвік») у 1817 г. У сваіх першых творах паэт выкарыстоўваў матывы і вобразы вуснай паэзіі народа, яго звычаі і вераванні. Асабліва ярка гэта адлюстравана ў вершы «Купала» (не захаваўся), які быў прачытаны на пасяджэнні філаматаў у 1818 г. Праз год А. Петрашкевіч пазнаёміў сяброў-філаматаў з вершаванай фальклорна-этнаграфічнай замалёўкай «Ідылія Купала», якая была заснавана на беларускіх народных легендах і абрадах. Сярод іх – рытуал ахвярапрынашэнняў язычніцкаму богу Купалу, зварот да яго моладзі з малітвай-песняй і інш. Шмат каштоўнага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу можна знайсці і ў іншых творах А. Петрашкевіча – вершах на гістарычную тэму, паэтычных экспромтах, што ствараліся спецыяльна да розных філамацкіх сходак або як віншаванні сяброў. Звяртае ўвагу і мова твораў. Польскія даследчыкі знаходзяць у ёй нямала беларускіх слоў, выразаў і цэлых словазваротаў.