Кароткая даведка:
царкоўны дзеяч, мітрапаліт Літоўскі і Віленскі, адна з самых значных фігур у канфесійнай гісторыі Беларусі, ініцыятар і актыўны ўдзельнік Полацкага царкоўнага сабора 1839 г., які прыняў рашэнне аб далучэнні ўніяцкай царквы да праваслаўнай, узнагароджаны ордэнамі святой Ганны І ст. (1833), святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра І і ІІ ст. (1838, 1843), святога Аляксандра Неўскага (1849), святога апостала Андрэя Першазванага (1856)
Імёны на іншых мовах:
Семашко Иосиф (руская); Семашко Иосиф Иосифович (руская);
4881 сімвал
Даведка
Адным з самых вядомых царкоўных дзеячаў ХІХ ст. у Беларусі і за яе межамі быў Іосіф Сямашка, які адыграў найбольш значную ролю ў аб’яднанні ўніятаў з праваслаўнай царквой.
Ён нарадзіўся ў с. Паўлаўка Ліпавецкага павета Кіеўскай губерні (цяпер Вінніцкая вобласць, Украіна) у сям’і небагатага двараніна, які пазней стаў уніяцкім святаром. Атрымаўшы хатнюю адукацыю, І. Сямашка вучыўся ў Няміраўскай гімназіі. У 1816 г. паступіў у Галоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце, якую скончыў у 1820 г. са ступенню магістра багаслоўя. На працягу двух гадоў праходзіў царкоўнае паслушэнства на пасадзе асэсара кансісторыі Луцкай епархіі (у м. Жыдзічын) і выконваў абавязкі выхавацеля мясцовай семінарыі. У 1820 г. пасвячоны ў бязжоннага іпадыякана (6 кастрычніка), потым у дыякана (26 снежня), у 1821 г. у сан святара (28 снежня). У чэрвені 1822 г. быў выбраны ад Луцкай епархіі членам 2-га Уніяцкага дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі і выехаў у Санкт-Пецярбург. Знаходзячыся там, у сакавіку 1823 г. атрымаў званне каноніка, у кастрычніку 1825 г. прэлата-схаласта Луцкага ўніяцкага кафедральнага капітула. У Санкт-Пецярбургу І. Сямашка займаўся ўдасканаленнем ведаў, шмат чытаў, вывучаў гісторыю ўніяцтва былой Рэчы Паспалітай. У 1827 г. па просьбе дырэктара Дэпартамента духоўных спраў замежных спавяданняў Р. Карташэўскага падрыхтаваў запіску аб становішчы ўніяцкай царквы ў Расійскай Імперыі і спосабах па яе далучэнні да праваслаўнай, якая 14 лістапада 1827 г. была прадстаўлена імператару Мікалаю I. У хуткім часе пачалася рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да ўніяцкай царквы. Непасрэдны ўдзел у гэтай рабоце прымаў І. Сямашка. Найбліжэйшымі яго саратнікамі сталі архіепіскапы Васілій (Бенядзікт Лужынскі), Антоній (Зубко) і Міхаіл (Галубовіч), епіскап Ігнацій (Жэлязоўскі), пратапрэсвітар Антоній Тупальскі і інш. Згодна з указам правячага Сената ад 22 красавіка 1828 г. пры ўдзеле І. Сямашкі былі заснаваны самастойная Грэка-ўніяцкая калегія, некалькі духоўных семінарый для ўніяцкага духавенства, паменшана колькасць уніяцкіх епархій, перафарміраваны склад уніяцкіх кансісторый, базыльяне пастаўлены пад кантроль епархіяльнай улады, католікам прапанавана пакінуць базыльянскі ордэн. У 1829 г. І. Сямашка стаў вікарным епіскапам Мсціслаўскім Полацкай уніяцкай архіепархіі, старшынёй яе кансісторыі. Адначасова захоўваў членства, а потым старшынства ў Грэка-ўніяцкай калегіі. У 1833 г. яго прызначылі кіруючым епіскапам Літоўскім. На гэтай пасадзе І. Сямашка праводзіў падрыхтоўчую работу па скасаванні уніі. Ён наведваў епархіі, дзе наглядаў за ўвядзеннем у храмах іканастасаў і служэбнікаў маскоўскага друку, вынішчэннем арганаў і навучаннем святароў богаслужэнню на царкоўнаславянскай мове, узгадняў арганізацыйныя пытанні з дзяржаўнымі ўладамі. У 1835 г. прызначаны членам асобага сакрэтнага камітэта, створанага для кіравання ўніяцкімі справамі, i членам камісіі духоўных вучылішчаў. Сваімі дзеяннямі ён дасягнуў таго, што ў 1837 г. уніяцкая царква была падпарадкавана обер-пракурору Сінода, а ў лютым 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы прынята рашэнне аб яе далучэнні да праваслаўнай царквы. У 1840 г. І. Сямашка стаў архіепіскапам Літоўскім і Віленскім (з 1852 г. мітрапалітам). У 1844 г. ён пераехаў з Санкт-Пецярбурга ў Жыровічы, потым у 1845 г. у Вільню). Садзейнічаў пераводу з Жыровіч у Вільню Літоўскай духоўнай семінарыі. 3 красавіка 1847 г. з’яўляўся членам Свяцейшага Сінода. Ён аказваў матэрыяльную падтрымку праваслаўнаму духавенству, якое пацярпела ў час паўстання 1830–1831 гг., аднавіў i пабудаваў некалькі цэркваў. У апошнія гады жыцця займаўся дабрачыннасцю, пісаў мемуары. У рабоце «Записки Иосифа, митрополита Литовского» (т. 1–3, 1883) акрамя ўласнага жыццеапісання даў ацэнку пераломнаму моманту ў адносінах паміж уніяцкай, праваслаўнай i каталіцкай канфесіямі, апісаў свой удзел у падзеях 1839 г., ахарактарызаваў многіх тагачасных дзеячаў. Да «Записок...» прыкладзены дакументы, якія адносяцца да гісторыі праваслаўнай i ўніяцкай цэркваў.
Царкоўна-грамадская дзейнасць І. Сямашкі паўплывала на рэлігійнае і культурнае развіццё Беларусі, Расіі і некаторых усходнеславянскіх краін. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны І ступені (1833), Святога Уладзіміра ІІ і І ступеняў (1838, 1843), Святога Аляксандра Неўскага (1849), Святога апостала Андрэя Першазванага (1856). У 1870 г., ушаноўваючы памяць архірэя, Свяцейшы Сінод пастанавіў, каб ва ўсіх праваслаўных храмах Паўднёва-Заходняй і Паўночна-Заходняй Расіі ў дзень смерці І. Сямашкі (5 снежня) праходзіла памінальная служба. У 2012 г. гэта традыцыя была адноўлена. Да 220-годдзя з дня яго нараджэння плануецца шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх правядзенне ў Мінску ў кастрычніку 2018 г. Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. 2018 г. абвешчаны таксама Беларускай праваслаўнай царквой Годам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі.