Асоба Міколы Купавы – мастака і грамадскага дзеяча, безумоўна, вядома на Беларусі. Ён аформіў некалькі дзясяткаў кніг беларускіх аўтараў, удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і выстаўках.
Нарадзіўся мастак 1 студзеня 1946 г. у Оршы. Далучэнне да мастацтва адбылося менавіта тут, дзякуючы настаўніку малявання С. С. Дзерваеду ў гуртку пры аршанскім Доме піянераў. Затым была вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы, пазней на аддзяленні графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (майстэрня прафесара В. Шаранговіча). Сярод эстампаў студэнцкіх гадоў можна ўбачыць “Касцёл св. Алены і Сымона”, “Куток Старой Нямігі”, а таксама лінарыт “Руіны наваградскага замка”, пейзажную серыю малюнкаў, сярод якіх “Возера Поцех”, “Гальшанскае гарадзішча”, “Па-над Пінаю”.
Вялікае ўражанне зрабіў на мастака лёс К. Каліноўскага. Пасля года напружанай работы з’явіўся цыкл з дзевяці аркушаў – ілюстрацыі да кнігі Г. Кісялёва “Сейбіты вечнага” пра падзеі паўстання 1863–1864 гг. – дыпломная работа М. Купавы.
Ужо на пачатку творчага шляху вызначылася крэда мастака – гістарычныя вобразы, сюжэтныя партрэты беларускіх асветнікаў, рэвалюцыянераў, пісьменнікаў, зварот да духоўных сімвалаў беларускай гісторыі. У шэрагу работ, што зроблены графікам, серыя пластыкарытаў да твораў Цёткі (адзначана дыпломам рэспубліканскага конкурсу), лінарыты да зборніка вершаў і паэм “Браткі” Д. Бічэль-Загнетавай, афармленне кніг “Творы” К. Каганца і “Вечны вандроўнік” А. Ліса. Вялікай цеплынёй прасякнуты ілюстрацыі да кнігі С. Александровіча “На шырокі прастор”, аповесці пра дзіцячыя і юнацкія гады Я. Коласа.
Сваімі духоўнымі настаўнікамі мастак лічыць Ф. Скарыну і Я. Купалу. Ім выканана серыя лінарытаў “Шляхамі Янкі Купалы”, у якую ўвайшлі лісты “Вязынка”, “Акопы”, “Мінск”, “Вільня” і інш. За работу над афармленнем энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” М. Купава быў узнагароджаны дыпломам і медалём Францыска Скарыны.
Мікола Купава працуе не толькі як графік-ілюстратар. Ён таксама звяртаецца і да станковай графікі. Ім створана серыя сюжэтных партрэтаў беларускіх асветнікаў, гістарычных дзеячаў, пісьменнікаў. Сярод такіх асоб вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Мікалай Радзівіл Руды, пісьменнікі Я. Колас, Я. Купала, Ф. Багушэвіч, К. Каганец, М. Багдановіч і інш.
Творы мастака захоўваюцца у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, у Дзяржаўным літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча, у Дзяржаўным літаратурным музеі імяЯнкі Купалы, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, у Мінскім абласным музеі ў г. Маладзечна, у музеі гісторыі і культуры Аршаншчыны, у музеі-запаведніку "Заслаў'е", у Беларускім музеі ў Нью-Ёрку, у прыватных зборах ЗША, Эстоніі, Літвы, Польшчы, Украіны.
Акрамя творчасці Мікалай Мікалаевіч пэўны час займаўся выкладчыцкай працай. Прозвішча мастака часта сустракалася ў друку ў сувязі з яго актыўнай грамадскай дзейнасцю, публічнымі выступленнямі, артыкуламі на гістарычныя тэмы, правядзеннем культурных мерапрыемстваў з нагоды святкавання юбілейных дат і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1995 г., актуалізаваны ў 2011 г.