Кароткая даведка:
этнограф, фалькларыст, гісторык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)
Варыянты імя:
Грынблат Міхаіл Якаўлевіч
Імёны на іншых мовах:
Гринблат Моисей Яковлевич (руская);
3821 сімвал
Даведка
Значную частку свайго жыцця Майсей Якаўлевіч Грынблат прысвяціў вывучэнню матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. У 1930–1970-я гг. яго імя часта з’яўлялася на старонках навуковых выданняў па беларускай этнаграфіі і фальклоры.
Нарадзіўся даследчык у Мінску ў сям’і прафесійнага друкара. Са школьных гадоў захапіўся беларускай мовай, меў схільнасці да акцёрскага майстэрства. У якасці чытальніка гумарыстычных сцэнак і апавяданняў удзельнічаў у школьных драматычных гуртках і канцэртах. У 1921 г. далучыўся да тэатральнай трупы У. Галубка, з якой шмат вандраваў па Беларусі. На працягу чатырох гадоў пад псеўданімам «Васілёк» іграў ролі Гарбуза («Суд»), Сядзельца («Пісаравыя імяніны»), Гімназіста («Бабы-ліхадзейкі»), Пажарніка («Жаніхі») і іншых у п’есах мастацкага кіраўніка трупы. Успаміны пра У. Галубка і яго тэатр былі апублікаваны ў кнізе «Адхінуўшы заслону часу…: успаміны пра Уладзіслава Галубка» (1979). Знаёмства з карцінамі народнага жыцця і іх рэгіянальнымі адметнасцямі адыграла значную ролю ў вызначэнні далейшага прафесійнага лёсу М. Грынблата. Адначасова з вучобай у школе і заняткамі ў тэатральнай трупе ён працаваў справаводам у Беларускім аддзеле Наркамасветы БССР. У 1922 г. паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З мэтай удасканальвання ведаў па этнаграфіі ўсходніх славян у 1925 г. перавёўся на этнаграфічнае аддзяленне геаграфічнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гады вучобы быў адным з арганізатараў і старшынёй студэнцкага гуртка па вывучэнні Беларусі, кіраваў драматычным калектывам Беларускага дома асветы ў Ленінградзе.
Пасля заканчэння навучання М. Грынблат вярнуўся ў Беларусь. З 1930 г. як навуковы супрацоўнік, загадчык сектара этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі ўдзельнічаў у палявых экспедыцыях, збіраў і вывучаў фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. У гэты перыяд падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Западная этнографическая граница белорусов» (1945), адначасова выкладаў курсы агульнай этнаграфіі і беларускага фальклору ў Мінскім педагагічным інстытуце і Беларускім дзяржаўным універсітэце. Апублікаваў артыкул «Аб вывучэнні фальклору рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва» (1932), склаў зборнікі «Чырвоная Армія і абарона Радзімы ў беларускай народнай творчасці», у суаўтарстве – «Дарэвалюцыйная і Савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938). Навуковую каштоўнасць мае яго публікацыя, прысвечаная новаму запісу народнай драмы «Цар Максімілян», надрукаваная ў зборніку «Беларускае мастацтва» (1957).
У 1957–1976 гг. М. Грынблат працаваў у Інстытуце мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Даследаваў праблемы этнагенезу беларусаў, каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію, легенды і паданні, тапаніміку і інш. Выступаў у перыядычным друку, з’яўляўся рэдактарам навуковых і навукова-папулярных выданняў. Вучоны з’яўляецца аўтарам манаграфіі «Белорусы: очерки происхождения и этнической истории» (1968), артыкулаў і раздзелаў у калектыўных працах «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Гісторыя Беларускай ССР» (1961, у 2 т.; 1972, у 5 т.), «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967), складальнікам некалькіх тамоў збору «Беларуская народная творчасць» – «Радзінная паэзія» (1971), «Загадкі» (1972), «Легенды і паданні» (1983, з А. Гурскім), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1–2, 1976), «Выслоўі» (1979) і інш. Створаны М. Грынблатам бібліяграфічны паказальнік «Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка (1945–1970)» (1972), які ўключаў больш за 5 тыс. запісаў, доўгі час служыў настольнай кнігай для даследчыкаў разнастайных аспектаў беларускай культуры. У 1986 г. М.Я. Грынблат быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.