Дата нараджэння:
08.06.1895 Погіры, в., Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
08.12.1937
Кароткая даведка:
літаратуразнавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч
Псеўданімы:
Гудок; Гудок І.; Гудок Ігналь; Гудок Ігнат; Ладанчук І.
Імёны на іншых мовах:
Дворчанин Игнат Семёнович (руская);
Крыптанімы:
І.Д-н; І.Д.
5040 сімвалаў
Даведка
Ігнат Сымонавіч Дварчанін нарадзіўся ў в. Погіры Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і малазямельнага арандатара. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. Потым паступіў у Дзятлаўскую школу вышэйшай ступені, самыя здольныя вучні якой атрымлівалі званне народнага настаўніка. У 1912 г. І. Дварчанін паспяхова здаў экзамены і тры гады настаўнічаў у в. Хмельніца (Слонімскі павет). У 1915 г. быў прызваны ў армію. У красавіку 1916 г. скончыў школу прапаршчыкаў і некаторы час служыў у запасным палку ў Маскве. У час Першай сусветнай вайны ваяваў на Заходнім фронце (з восені 1916 г.).
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў чэрвені 1917 г. І. Дварчанін прыехаў у Мінск. Займаўся палітычнай і рэвалюцыйнай дзейнасцю. З сакавіка 1918 г. па запрашэнні А. Чарвякова знаходзіўся ў Маскве, дзе быў прызначаны сакратаром культурна-асветніцкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. Ён супрацоўнічаў з газетай «Дзянніца»; выступіў з дакладам на нарадзе настаўнікаў школ Беларусі (21–23 ліпеня 1918 г.), у якім падкрэсліў важнасць вывучэння беларускай мовы, літаратуры і гісторыі; з’яўляўся сакратаром курсаў Беларускага народнага ўніверсітэта, дзе выкладалі вядомыя вучоныя Ф. Турук, У. Пічэта, П. Растаргуеў і іншыя; удзельнічаў у арганізацыі таварыства беларускіх вучоных. Са жніўня 1918 г. па ліпень 1920 г. І. Дварчанін жыў у Погірах. У в. Пецюкі адкрыў пачатковую беларускую школу і працаваў там настаўнікам, падпольна арганізаваў драматычны гурток і беларускі хор. У 1919 г. ён быў арыштаваны польскімі ўладамі і адпраўлены ў беластоцкі канцлагер, адкуль у снежні ўцёк. Праз некаторы час дабраўся да роднай вёскі, дзе хаваўся ад паліцыі. У ліпені 1920 г. прыехаў у Мінск і ўладкаваўся на працу ў выдавецкі аддзел Наркамата асветы. Потым жыў у Вільні. З’яўляўся вольным слухачом Віленскай беларускай гімназіі. Вясной 1921 г. І. Дварчанін экстэрнам здаў экзамен за курс гімназіі і летам быў накіраваны Беларускім нацыянальным камітэтам у Латвію. Ён чытаў лекцыі па беларусазнаўстве на настаўніцкіх курсах у Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс), удзельнічаў у стварэнні культурна-асветніцкага таварыства нацыянальнай меншасці «Бацькаўшчына». У 1921–1925 гг. вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Пражскага ўніверсітэта.
У 1926 г. І. Дварчанін вярнуўся ў Вільню. Працаваў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, выкладаў літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. Ён стаў членам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў звязаны з яе кіраўніцтвам, выконваў даручэнні Цэнтральнага сакратарыята, чытаў лекцыі ў віленскім гуртку грамады, уваходзіў таксама ў Галоўную ўправу Таварыства беларускай школы (1926–1930). У 1928 г. ад Навагрудскай акругі І. Дварчанін выбраны паслом (дэпутатам) у польскі сейм, дзе разам з іншымі беларускімі прадстаўнікамі стварыў самастойную фракцыю (беларускі рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне»), якая стала самай уплывовай палітычнай арганізацыяй у Заходняй Беларусі. У жніўні 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай вызвалены 15 верасня 1932 г. З лістапада 1932 г. працаваў у Акадэміі навук БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі. Некаторы час выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства.
У 1933 г. І. Дварчанін арыштаваны органамі НКУС і ў пачатку студзеня 1934 г. адпраўлены ў лагер тэрмінам на 10 гадоў. Пакаранне адбываў на Салавецкіх астравах і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. 25 лістапада 1937 г. паўторна асуджаны і 8 снежня гэтага ж года расстраляны. Поўнасцю рэабілітаваны ў 1956 г. У 1983 г. у в. Погіры на доме, дзе нарадзіўся І. Дварчанін, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1989 г. у гарадскім пасёлку Дзятлава адкрыты помнік.
Грамадска-палітычную дзейнасць І. Дварчанін сумяшчаў з літаратурнай працай. Ён пачаў друкавацца з 1917 г. Першыя вершы – «Да беларусаў-інтэлігентаў» і «Покліч» – былі змешчаны ў газетах «Беларуская рада», «Вольная Беларусь». Наступныя творы – у часопісах «Наш шлях», «Маладое жыццё», «Беларуская школа ў Латвіі», газеце «Дзянніца» і інш. Тэматыка вершаў гэтага перыяду – барацьба за адраджэнне беларускай культуры, узняцце яе на больш якасны ўзровень, усведамленне беларусамі сваёй гістарычнай і палітычнай значнасці, роўнасці з іншымі народамі. З 1927 г. супрацоўнічаў у часопісах «Родныя гоні» і «Маланка». Асобныя творы былі апублікаваны ў беластоцкім «Беларускім календары», у часопісе «Беларусь», зборніку «Ростані волі» (1990) і ў іншых выданнях. На беларускую мову І. Дварчанін пераклаў паэму А. Блока «Дванаццаць» (1926, пад псеўданімам І. Гудок). Ён з’яўляецца таксама складальнікам «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)» (1927), у якой змешчаны творы беларускіх пісьменнікаў, дадзены кароткія каментарыі пра іх жыццёвы і творчы шлях. У 2011 г. міжнароднае грамадскае аб’яднанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» заснавала прэмію імя І. Дварчаніна, якую ўручаюць за даследчыцкія працы, прысвечаныя гісторыі і культуры беларускага замежжа.