Дата нараджэння: 02.10.1896 Любча, г. п., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці: 03.09.1980
Кароткая даведка: мастак, які працаваў пераважна ў жанры пейзажа, аўтар графічных краявідаў, нацюрмортаў, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў
Варыянты імя: Дучыц Мікалай Васілевіч
Імёны на іншых мовах: Dutchyts Mikalai Vasilievitch (не вызначана); Дучиц Николай Васильевич (руская);
Творчасць мастака Мікалая Васільевіча Дучыца непарыўна звязана з развіццём беларускага пейзажнага жывапісу, з дасягненнямі і цяжкасцямі, якія меў гэты жанр выяўленчага мастацтва ў сваім станаўленні.
Нарадзіўся ён у мястэчку Любча Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер г. п. Любча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям'і. У 1910–1914 гг. вучыўся ў Навагрудскім павятовым вучылішчы. Пасля яго заканчэння М. Дучыц паступіў у Пецярбургскую школу Таварыства заахвочвання мастацтваў. Школу не давялося скончыць, аднак, дзякуючы настаўнікам М. Рэрыху, А. Бенуа, У. Федаровічу, юнак атрымаў грунтоўныя веды ў жывапісе, малюнку, кампазіцыі. У 1916 г. мабілізаваны ў войска, быў удзельнікам Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Беларусь і з 1921 г. жыў у Мінску. З 1925 г. прымаў актыўны ўдзел у Рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. У 1940 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў.
Мастак працаваў пераважна ў жанры пейзажа, з'яўляўся аўтарам графічных краявідаў, нацюрмортаў. Прыярытэтным напрамкам творчасці быў станковы жывапіс. Убачыць малінавы досвітак на Сожы, адчуць прыгажосць веснавой пралескі, падслухаць спевы вясенніх птушак мастак заўсёды паспяваў першым, і яго лясныя краявіды – сапраўднае адкрыццё прыроды. У шматлікіх эцюдах М. Дучыца трапна занатаваны асобныя куткі прыроды, звілістыя берагі рэк, лясныя гушчары, карціны залатой восені, лагодныя зімкі з парыжэлымі хмызнякамі і дрэвамі, вячэрняя цішыня на шырокай рачной гладзі, усход ці заход сонца. Мастак імкнуўся ўлавіць тое першае і самае моцнае адчуванне, якое навеяна натурай. Таму ў лепшых яго работах «Пачатак сакавіка», «Майская зеляніна», «Лясная рэчка», «Зіма», «Пад вечар», «Возера Нарач» і іншых прырода жыве сапраўдным жыццём. Адной з нямногіх спроб стварэння ў беларускім жывапісе збіральнага вобраза прыроды з'яўляецца палатно М. Дучыца «Беларускі пейзаж». Напісанню гэтай карціны папярэднічала вялікая работа над эцюдамі Міншчыны. У пейзажы раскрываецца шырокая панарама: на першым плане ў глыбіню карціны спускаецца пакрыты лесам пагорак; шырокая лагчына, ствараючы ясную дыяганаль, падкрэслівае выразны сілуэт узвышшаў, што цягнуцца да небасхілу. Гэты прастор лясоў і палёў гучыць эпічна.
Праз усё жыццё пранёс мастак любоў да свайго роднага горада. З пяшчотным замілаваннем ствараў ён вобраз Мінска. Мастак натхнёна пераносіў на паперу стары горад, яго гістарычныя архітэктурныя помнікі. Вобраз сталіцы 1920–1930 -х гг. М. Дучыца застаўся адным з найбольш яркіх і самабытных у айчынным мастацтве («Ніжні рынак», «Чыгуначная царква», «Будаўніцтва універсітэцкага гарадка»). Дзякуючы творам мастака вядома, як выглядаў Мінск у час Вялікай Айчыннай вайны, бо ён правёў у горадзе ўсе гады акупацыі. Глыбокімі пачуццямі прасякнуты работы, напісаныя ў гэты перыяд , – «Руіны на Інтэрнацыянальнай вуліцы», «Стара-Барысаўскі тракт», «Разбітая гармата», «Разбурэнні на плошчы Свабоды», «Касцёл на Залатой Горцы» і інш. Аўтар імкнуўся перадаць настрой савецкіх людзей. Гісторыі горада прысвечана больш за 200 жывапісных і графічных работ. Яны каштоўныя для даследчыкаў гісторыі сталічнай архітэктуры тым, што на іх прадстаўлены многія куткі Мінска, якіх сёння ўжо няма.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцыях у Беларусі, Германіі, Японіі, ЗША, Нарвегіі, Польшчы, Расіі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.