Дата нараджэння:
11.02.1935 Перарост, в., Добрушскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
22.06.2004
Кароткая даведка:
пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1991), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (2000)
Варыянты імя:
Кусянкоў Мікалай Сяргеевіч
Імёны на іншых мовах:
Кусенков Микола (руская); Кусенков Николай Сергеевич (руская);
4068 сімвалаў
Даведка
Мікалай Сяргеевіч Кусянкоў адносіўся да тых пісьменнікаў, якія жылі высокім усведамленнем сацыяльнай місіі літаратуры. Яго творчасць вызначаецца непаўторнай індывідуальнасцю, адметным стылем, уласным падыходам да асвятлення рэчаіснасці.
Нарадзіўся М. Кусянкоў у в. Перарост Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Сваёй малой радзімай лічыў в. Кругавец-Калініна, дзе пасля смерці бацькі з шасці месяцаў выхоўваўся ў дзеда. У 1950 г. скончыў мясцовую сямігодку і паступіў у Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум. Атрымаў у 1953 г. дыплом і быў накіраваны ў Калінінградскую вобласць. Працаваў памочнікам лесніка, потым ляснічым. Праз тры гады вярнуўся ў Беларусь. З 1956 па 1969 г. быў тэхнікам, інжынерам-таксатарам Гомельскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыі. У гэты час выязджаў на палявыя работы ў Сібір. Прафесія лесавода вызначыла тэматыку і праблематыку многіх твораў М. Кусянкова, у якіх ён выкарыстоўваў і апісваў эпізоды свайго таёжнага жыцця, амаль не перайначваючы іх.
У 1955 г. у часопісе «Беларусь» быў надрукаваны першы верш пісьменніка «Імчыцца поезд…». Рэгулярна творы М. Кусянкова пачалі з’яўляцца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў з 1959 г. У 1966 г. раннія вершы склалі першую кніжку «Жывіца». У 1967 г. М. Кусянкова прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Год выхаду другога зборніка «Без прывалу» (1969) стаў пераломным у жыцці: ён паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Саюзе пісьменнікаў СССР. Менавіта з гэтага часу і пачалася актыўная літаратурная дзейнасць. Пасля заканчэння вучобы ў 1971 г. М. Кусянкоў працаваў намеснікам адказнага сакратара ў рэдакцыі газеты «Гомельская праўда». Праз нейкі час пераехаў у Мінск і ўладкаваўся рэдактарам дакументальных фільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм» (1977–1980). Адукацыю працягваў на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1982 г. У 1980–1985 гг. з’яўляўся рэдактарам аддзела прозы часопіса «Полымя». З 1985 г. загадваў рэдакцыяй прозы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (праз год стаў намеснікам галоўнага рэдактара). У 1996 г. М. Кусянкоў узначаліў выдавецкую групу па стварэнні гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць». Непасрэднае далучэнне да беларускай літаратуры ў гады рэдактарскай працы станоўча паўплывала на творчую дзейнасць. Ён працягваў пісаць лірычныя вершы, звяртаўся да прозы.
У 1990 г. выйшаў трэці зборнік паэта «Дуброва» (Літаратурная прэмія імя А. Куляшова, 1991). Набытае пісьменніцкае майстэрства дазволіла М. Кусянкову кранальна-шчыра, па-свойму проста расказаць у вершах пра вечнасць і непаўторнасць жыцця, адлюстраваць прыгажосць роднай зямлі, падкрэсліць адказнасць кожнага за гэту прыгажосць. У наступным зборніку «Чага» (1991) паэт апісаў чарнобыльскую бяду, агучыў праблему бяздумнага асушэння палескіх балот. Разважаючы над сучасным жыццём, М. Кусянкоў звяртаўся да сродкаў сатыры, аднак пры гэтым не браў на сябе ролю абвінаваўцы і выкрывальніка заганных з’яў. Яго непрыманне, асуджэнне, нязгода выяўляюцца праз іранічны падтэкст, іншасказанне.
Класічна-традыцыйны стыль паэтычнага пісьма найлепшым чынам спрыяў з’яўленню прозы пісьменніка. Першы празаічны твор М. Кусянкова аповесць «Палявы сезон» была выдадзена ў 1977 г. Менавіта ў жанры прозы пісьменнік праявіў сябе сапраўдным мастаком слова, яркай творчай асобай. Вяршыняй яго творчасці стала серыя з трох раманаў: «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1998), «Хмель каля вольхі» (2002). Два з іх былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа ў 2000 г. Трылогія М. Кусянкова ўражвае чытача мастацкай выразнасцю, новымі, нестандартнымі падыходамі да паказу складаных грамадскіх з’яў, тонкім псіхалагізмам, глыбокім веданнем штодзённага побыту жыхароў горада і вёскі. Не абыходзячы вострых вуглоў сучаснага няпростага жыцця, пісьменнік засяроджваў увагу чытача на спрадвечных каштоўнасцях чалавека: любові, дабрыні, сумленнасці.
Мікола Кусянкоў карпатліва працаваў над новымі творамі. У яго было шмат задум, творчых планаў, аднак заўчасная смерць не дазволіла іх рэалізаваць.