Дата нараджэння:
каля 1815 Вяляцічы, в., Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
каля 1845
Кароткая даведка:
паэт, публіцыст, рэвалюцыянер-дэмакрат, аўтар аднаго з першых палітычных памфлетаў у гісторыі вызваленчага руху Беларусі
Варыянты імя:
Савіч Францішак Андрэевіч
Імёны на іншых мовах:
Савич Франц Андреевич (руская);
2334 сімвалы
Даведка
Будучы паэт, публіцыст і рэвалюцыянер Франц Андрэевіч Савіч нарадзіўся каля 1815 г. у сям’і ўніяцкага святара ў в. Вяляцічы на Піншчыне. Пасля заўчаснай смерці бацькі хлопчыка ўзяў да сябе на выхаванне ў Пінск наглядчык павятовага вучылішча Ф. Махцінскі. Па прызнанні самога паэта ўплыў апекуна на яго светапогляд і характар быў вельмі значным і глыбокім.
Пасля заканчэння ў 1833 г. з выдатнымі адзнакамі Пінскага павятовага вучылішча малады чалавек паступіў у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, дзе разам з іншымі студэнтамі арганізаваў нелегальнае рэвалюцыйнае “Дэмакратычнае таварыства”, якое ўжо праз два гады вырасла ў моцную заканспіраваную арганізацыю. На час вучобы прыпадае і найбольшая літаратурная актыўнасць Ф. Савіча. Для “Дэмакратычнага таварыства” ён напісаў статут “Прынцыпы дэмакратызму” і пракламацыю “Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам” – адзін з першых палітычных памфлетаў у гісторыі вызваленчага руху Беларусі. Таксама пісаў прозу і вершы, з якіх, на жаль, да нас дайшоў толькі адзіны верш “Там блізка Пінска…”, апублікаваны ў 1882 г.
У 1837 г. малады паэт і рэвалюцыянер пазнаёміўся з вядомым польскім барацьбітом, удзельнікам паўстання 1830–1831 гг. Ш. Канарскім, які прыехаў у Вільню і падключыўся да дзейнасці таварыства. Аднак у хуткім часе ён быў арыштаваны царскімі ўладамі, а праз некаторы час і сам Ф. Савіч трапіў у турму. Пасля следства, якое цягнулася больш за паўгода, у студзені 1839 г. Ф. Савіч быў прыгавораны да ссылкі на Каўказ у салдаты.
У красавіку 1841 г. малады чалавек уцёк з арміі, інсцэніраваўшы самагубства. Быў злоўлены, арыштаваны і зноў адпраўлены на вайсковую службу ў Чарнігаў. Зноў уцёк, жыў пад імем доктара Гельгета ў мястэчку Янушпаль на Жытоміршчыне (цяпер г. Іванопаль, Украіна). Некаторы час займаўся тут медыцынскай практыкай, якую не кінуў нават пасля пачатку эпідэміі халеры. Ратуючы іншых, заразіўся халерай і напрыканцы 1845 г. памёр. Быў пахаваны ў Астражку на Чарнігаўшчыне.
Сярод небагатай творчай спадчыны Ф. Савіча асаблівае месца займаюць яго мемуары, якія ахопліваюць перыяд дзяцінства, юнацтва, віленскі перыяд жыцця і службу на Каўказе (былі апублікаваны ў 1876 г.). У сваіх творах аўтар выступае як чалавек глыбокаверуючы, мужны і адданы патрыёт сваёй Бацькаўшчыны.