Францішак Смуглевіч – буйнейшы прадстаўнік класіцызму ў мастацтве Польшчы, Літвы і Беларусі. Паходзіў з сям’і мастака Л. Смуглевіча, які служыў прыдворным жывапісцам караля Аўгуста ІІІ. Першыя ўрокі жывапісу атрымаў у бацькі і дзядзькі – вядомага мастака Ш. Чаховіча. У 1763–1764 гг. Ф. Смуглевіч як стыпендыят Станіслава Аўгуста жыў у Італіі, вучыўся ў А. Марона, а з 1766 г. – у Акадэміі Святога Лукі, быў вучнем Р. Менгса, вывучаў тэарэтычныя творы І. Вінкельмана. Пасля заканчэння акадэміі некаторы час знаходзіўся ў Рыме, разам з В. Брэна рамалёўваў золатам гроты. У 1784–1797 гг. жыў і працаваў у Варшаве, наведваў Вільню, Гродна і Мінск.
У 1797 г. Ф. Смуглевіч быў запрошаны на пасаду прафесара жывапісу і малюнка Віленскага ўніверсітэта. Да да канца свайго жыцця жывапісец жыў і працаваў у Вільні. Той перыяд, калі ён узначальваў кафедру малюнка і жывапісу, летапісцы ўніверсітэта называлі “залатым часам” Віленскай мастацкай школы.
Сваю педагагічную дзейнасць Ф. Смуглевіч спалучаў з творчай працай: прымаў удзел у размалёўцы інтэр’ераў Міхайлаўскага палаца ў Санкт-Пецярбургу (1800–1801, не зберагліся), аформіў так званую “Залу Смуглевіча” ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта (разам з братам Антоніем), напісаў для Віленскага кафедральнага сабора фігуры 12 апосталаў, стварыў некалькі рэлігійных кампазіцый на біблейскія сюжэты для касцёлаў Беларусі (у Рэчыцы, Мінску, Гродне, Полацку), Літвы і Польшчы.
Францішак Смуглевіч працаваў у гістарычным, батальным і партрэтным жанрах, ствараў алегарычныя і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў – “Смерць Марыі”, “Святы Іаан-Хрысціцель”, “Прыгавор аб выгнанні Арыстыда”, “Перамога Аляксандра над Дарыем”, “Юдзіф”, “Бітва каля Берасцечка ў 1651”, “Развітанне апосталаў Пятра і Паўла”, “Пасольства скіфаў у Дарыя”, “Бітва пры Хаціне ў 1673”, “Уступленне Баляслава Храбрага ў Кіеў” і інш.
У творчасці Ф. Смуглевіча маюцца карціны па матывах народнага жыцця: “Польскія сяляне за сталом”, “Літоўскія сяляне”, “Сяляне ў нацыянальным адзенні”, “Сцэна з сялянскага жыцця” і інш. Характэрнай асаблівасцю яго жывапісу было тое, што прататыпамі герояў сваіх твораў мастаку, выхадцу з небагатай сям’і, звычайна служылі простыя людзі – гарадскія рамеснікі і сяляне.
У жанры партрэта ім былі напісаны партрэты Ю. Пешкі, Р. Пшаздзецкага, сям’і Тышкевічаў, епіскапа Гедройца, сям’і Прозараў, партрэт Граноўскай, аўтапартрэт і інш. Сярод мастацкай спадчыны жывапісца ёсць шмат твораў арыгінальнай графікі, у тым ліку кніжнай.
Пасля сябе Ф. Смуглевіч пакінуў плеяду выдатных вучняў, творчая дзейнасць якіх доўгі час падтрымлівала высокі ўзровень Віленскай мастацкай школы. Сярод іх – Я. Рустэм, Ю. Пешка, Ю. Аляшкевіч, К. Бароўскі, Я. Дамель.
Жывапісныя і графічныя творы Ф. Смуглевіча захоўваюцца ў музеях Літвы і Польшчы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.