Дата нараджэння:
23.06.1949 Юркавічы, в., Веткаўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
14.05.1986
Кароткая даведка:
кампазітар, які працаваў у жанрах вакальна-сімфанічнай музыкі і музыкі для народнага аркестра, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)
Імёны на іншых мовах:
Pomozov Viktor Petrovich (не вызначана); Помозов Виктор Петрович (руская);
2480 сімвалаў
Даведка
Віктар Пятровіч Помазаў нарадзіўся ў в. Юркавічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускую кансерваторыю па класе кампазіцыі дацэнта П. П. Падкавырава (1976) і асістэнтуру-стажыроўку пад кіраўніцтвам прафесара Я. А. Глебава (1979). З 1978 г. з’яўляўся членам Саюза кампазітараў БССР. У 1979‒1981 гг. працаваў выкладчыкам Беларускай кансерваторыі. У 1981‒1982 гг. быў на пасадзе адказнага сакратара праўлення Саюза кампазітараў БССР.
Аснову творчасці В. Помазава складалі вакальна-сімфанічная музыка і музыка для народнага аркестра. Ён аўтар шматлікіх сачыненняў, сярод якіх ‒ «Паэма» (1976), «Сімфонія» (1979) для сімфанічнага аркестра, сюіта «Арэшак» (1980), раманс для сімфанічнага аркестра (1981), вакальна-сімфанічная паэма «Янка Купала» (1982) для жаночага фальклорнага вакальнага ансамбля, сімфанічнага аркестра і аргана, «Памяць» (1984) для жаночага народнага голасу і сімфанічнага аркестра, «Заслаўская легенда» (1985) для народнага аркестра і 3 труб, кантата «Песня згоды» (1979) для дзіцячага хору і сімфанічнага аркестра, народныя сцэны «Калядкі» (1976) для хору, траістай музыкі і ўдарных, сюіта-жарт «Вясковыя музыкі» (1980) для народнага аркестра, вакальны цыкл на вершы М. Багдановіча (1979) і інш. Галоўная ідэя яго творчасці ‒ збліжэнне прафесійнага і народнага мастацтва праз аб’яднанне розных мастацкіх з’яў. Кампазітар з’яўляецца стваральнікам інструментальна-сцэнічнага паказу, аснову для якога склалі траістая музыка і старажытнабеларускі абрад, тэатралізаваныя народныя паказы, народныя тэатры лялек, сельскія гульні. У творах для народнага аркестра ён спалучаў розныя прынцыпы выканальніцтва і сучасныя тэхнікі інструментальнага пісьма, такія як алеаторыка, санорныя эфекты і пуантылізм, мадыфікацыя («Батлейка», «Вясковыя музыкі»). Сімфанічнай музыцы ўласцівы аркестравая маляўнічасць і выразнасць, выкарыстанне фальклору і традыцый народнага мастацтва. Для тэхнікі выканання твораў В. Помазава характэрны спалучэнне класікі і сучаснасці.
Кампазітар аформіў музычнае суправаджэнне каля дзесяці лялечных спектакляў. Сярод іх ‒ «Орешек» (1974), «Званы твайго лёсу» (1978), «Чароўная лямпа Аладзіна» (1983), «Камедыянт, ці Узнёсласць паэта» (1984) і інш. Віктар Помазаў напісаў шэраг камерных сачыненняў, якія былі разлічаны на самае шырокае кола слухачоў. Ён таксама аўтар музыкі для кіно і тэлебачання.
У 1986 г. за сюіту «Батлейка» і паэму «Янка Купала» В. Помазаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.