Кароткая даведка:
вучоны-юрыст, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны юрыст Беларусі
Варыянты імя:
Сторажаў Мікалай Васільевіч
Імёны на іншых мовах:
Storozhev Nikolai Vasilievich (не вызначана); Сторожев Николай Васильевич (руская);
3475 сімвалаў
Даведка
Мікалай Васілевіч Сторажаў нарадзіўся ў в. Стары Вышкаў Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці (Расія) у сялянскай сям’і. У 1959 г. скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). У 1959‒1962 гг. працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Аддзела прававых навук Акадэміі навук БССР. У 1962 г. паступіў у аспірантуру. У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Материальная ответственность колхозников за причиненный ущерб колхозу», у 1977 г. ‒ доктарскую дысертацыю на тэму «Правовое положение колхозов СССР на современном этапе (внутрихозяйственные аспекты)». З 1965 г. быў старшым навуковым супрацоўнікам Аддзела прававых навук АН БССР. У 1978‒1986 гг. кіраваў сектарам, у 1986‒1998 гг. ‒ аддзелам у Інстытуце філасофіі і права АН Беларусі. У 1998‒1999 гг. працаваў намеснікам дырэктара Інстытута філасофіі і права НАН Беларусі, з 1999 г. ‒ дырэктарам-арганізатарам Інстытута дзяржавы і права НАН Беларусі, з 2002 г. ‒ з 2002 г. дырэктар гэтага інстытута. Навуковую работу вучоны сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю. У 1980‒1984 гг. быў прафесарам кафедры палітэканоміі Мінскага інстытута культуры, з 1993 г. ‒ прафесарам і загадчыкам кафедры экалагічнага права БДУ.
Мікалай Васілевіч ‒ аўтар больш за 150 навуковых прац, прысвечаных аграрнаму, зямельнаму і экалагічнаму праву, прававому становішчу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, зямельна-аграрнай рэформе, удасканаленню выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Сярод іх ‒ «Развитие советской демократии и укрепление законности» (1961, у суаўтарстве), «Правовое регулирование бытового обслуживания населения» (1963, у суаўтарстве), «Материальная ответственность колхозников» (1971), «Правовое положение колхоза на современном этапе: внутрихозяйственные аспекты» (1975), «Права и обязанности специалистов сельскохозяйственных предприятий по управлению производством» (1982, у суаўтарстве), «Правовой режим мелиорированных земель» (1986), «Правовая реформа: повышение действенности законодательства» (1992, у суаўтарстве). Вучоны ‒ адзін з аўтараў «Истории государства и права Белорусской ССР» (т. 1‒2, 1970–1976). Дзякуючы яму ўпершыню была пачата распрацоўка прававых праблем аховы меліяраваных зямель Беларусі. У 1989 г. прыняў удзел у паездцы ў Прыпяцкі запаведнік, якая была арганізавана з мэтай вывучэння яго прававога статусу, распрацоўкі рэкамендацый па ўзмацненні аховы тэрыторыі. Займаўся праблемамі прававога забеспячэння зямельна-аграрнай рэформы Рэспублікі Беларусь, харчовай бяспекі краіны. Шмат увагі надаваў прававым аспектам стварэння і функцыянавання Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Мікалай Васілевіч прымаў удзел у распрацоўцы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закона «Аб праве ўласнасці на зямлю», Закона «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і інш.
Вучоны з’яўляўся членам Савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ, членам Савета па абароне дысертацый пры Інстытуце дзяржавы і права НАН Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 15 кандыдацкіх дысертацый. З 2003 г. з’яўляўся членам расійска-беларускай камісіі па распрацоўцы праекта Канстытуцыйнага Акта Саюзнай дзяржавы.
Мікалай Васілевіч узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1981), медалём «Ветэран працы» (1985), Ганаровай граматай НАН Беларусі (2004). У 2000 г. удастоены звання заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь.