Дата нараджэння:
05.06.1944 Талачын, г., Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
рэжысёр, акцёр, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002), прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2005), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2011), кавалер ордэна Ф. Скарыны
Імёны на іншых мовах:
Анисенко Валерий Данилович (руская);
5101 сімвал
Даведка
Талент Валерыя Данілавіча Анісенкі, выдатнага акцёра і рэжысёра, прызнаны не толькі ўдзячнымі гледачамі, але і патрабавальнымі крытыкамі.
Нарадзіўся ён у Талачыне Віцебскай вобласці ў сям’і сталяра-чырванадрэўшчыка. Калі вучыўся ў школе, актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. У 1961 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс Д. Арлова). Здольнага студэнта хутка заўважылі ў тэатральных колах і сталі запрашаць на тэлебачанне і радыё. Пасля паспяховай абароны дыплома ў 1965 г. В. Анісенка з групай аднакурснікаў быў накіраваны ў Беларускі дзяржаўны тэатр імя Я. Коласа (Віцебск). Адной з яго першых акцёрскіх работ стала роля Улдыса ў п’есе Я. Райніса “Ветрык, вей!”. Сыграў таксама Павала Няміру ў спектаклі “Бацькаўшчына” К. Чорнага, Славіка ў пастаноўцы “Сэрца на далоні” паводле І. Шамякіна і інш.
З 1969 г. В. Анісенка – акцёр Беларускага тэатра імя Я. Купалы. Вобразы, створаныя ў розныя гады, сведчылі аб своеасаблівасці таленту. Яны адрозніваліся павышанай эмацыянальнасцю, артыстызмам і тэмпераментам. Сярод найбольш значных – Хаценьчык (“Амністыя” М. Матукоўскага), Камкоў (“Пратакол аднаго пасяджэння” А. Гельмана), Зёлкін (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы) і інш. У 1960–70-я гг. В. Анісенка актыўна займаўся канцэртна-выканальніцкай дзейнасцю як чытальнік, у тым ліку ў оперы “Джардана Бруна” С. Картэса, араторыі “Мая Радзіма” Д. Смольскага.
У 1976 г. адбыўся рэжысёрскі дэбют акцёра на Беларускім радыё, дзе ім быў пастаўлены спектакль “Крык чайкі” па аднайменным апавяданні А. Асіпенкі. Радыёпастаноўка мела вялікі поспех, была адзначана як лепшая работа. Гэта акрыліла В. Анісенку, надало ўпэўненасці ў далейшай дзейнасці: ён паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія тэатральныя курсы пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А. В. Луначарскага ў Маскве. Вучоба ў знакамітых педагогаў А. Ганчарова і Р. Сіманава стала сур’ёзнай школай авалодання рэжысёрскім майстэрствам. У 1978 г. В. Анісенка скончыў курсы, атрымаў дыплом з адзнакай і прапанову застацца ў адным з маскоўскіх тэатраў, аднак ён вярнуўся ў Мінск.
З 1979 па 1980 г. працаваў галоўным рэжысёрам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1981–1982 гг. галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаакцёра. Зняў мастацкія тэлефільмы “Крык чайкі” (1984), “Паляванне на апошняга жураўля” (1986), “Прывід” (1991) і дакументальныя відэастужкі “Чорная быль Беларусі” (1990), “Кадыш” (1992), “Мой Эдынбург” (1996). У 1982–2000 гг. з’яўляўся галоўным рэжысёрам на Беларускім радыё, дзе было пастаўлена каля 100 спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў – А. Адамовіча, У. Караткевіча, Н. Гілевіча, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава, І. Шамякіна і інш. У 1990 г. В. Анісенка стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за радыёспектаклі “У тумане” і “Кар’ер” паводле твораў В. Быкава.
З 2000 па 2012 г. узначальваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. За гэты час выхаваў цудоўную трупу, якой пад сілу быў самы складаны пастановачны матэрыял. Усе спектаклі вызначаліся тонкай распрацоўкай характараў, сцэнічнай культурай, творчым пошукам, навізной, дынамізмам, арыгінальным выкананнем. Лепшыя з іх – “Жанчыны Бергмана” М. Рудкоўскага (2001), “Понцій Пілат” А. Курэйчыка (2002), “Чайка” А. Чэхава (2009), “Сонечка” А. Паповай паводле рамана Ф. Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне” (2010) – з поспехам удзельнічалі ў фестывалях нацыянальнай драматургіі, міжнародных тэатральных форумах, атрымлівалі прызы за лепшыя ролі, рэжысуру, станавіліся лаўрэатамі. Фактычна В. Анісенка стварыў новы тэатр з арыгінальным, пазнавальным, яркім творчым почыркам. Спектаклі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з поспехам ішлі ў Маскве, Гданьску, Ростаку, Каіры, Сібіу і іншых гарадах свету.
З красавіка 2012 г. В. Анісенка з’яўляецца дырэктарам – мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, на сцэне якога паставіў спектаклі “Песні ваўка” В. Паніна і “Ліфт” Ю. Чарняўскай (2012), “Што баліць?” Л. Агулянскага, “Макбет” У. Шэкспіра, “Пахавайце мяне за плінтусам” П. Санаева (усе 2013 г.).
Шмат увагі і часу аддае В. Анісенка выкладчыцкай дзейнасці, якую пачаў у 1972 г. у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1996 г. ён з’яўляецца прафесарам кафедры тэатральнага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У 2002 г. выпусціў курс выдатна падрыхтаваных спецыялістаў, большая частка якіх увайшла ў трупу Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Валерый Анісенка вядзе плённую навукова-метадычную дзейнасць. Ім апублікаваны тэксты лекцый “Конспект по Шекспиру” (1997) на рускай, іспанскай і англійскай мовах шэраг артыкулаў у рэспубліканскай і замежнай прэсе, выдадзена некалькі кніг.
За творчыя дасягненні ў 1991 г. В. Анісенка атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”. Ён з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002), прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2005), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2011). Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.