Дата нараджэння:
29.01.1924 Саламір'е, в., Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
12.08.2001
Кароткая даведка:
мовазнавец, аўтар фундаментальных навуковых прац, укладальнік і навуковы рэдактар слоўнікаў-даведнікаў па беларускай мове, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Імёны на іншых мовах:
Баханьков Артём Ефимович (руская);
2144 сімвалы
Даведка
Арцём Яфімавіч Баханькоў нарадзіўся ў в. Саламір’е Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў сямігадовай школе, затым у Полацкім педагагічным вучылішчы (1938‒1941). Пасля яго заканчэння прызначаны загадчыкам Бікульніцкай пачатковай школы. У час Вялікай Айчыннай вайны быў палітруком узвода партызанскага атрада «Бальшавік», затым у Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у сельскіх школах Полацкага раёна, вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце (1950‒1955). У 1957 г. паступіў у аспірантуру. З 1960 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР. У 1961 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сложноподчиненные предложения в юго-западных белорусских говорах», у 1985 г. ‒ доктарскую на тэму «Развитие лексики белорусского литературного языка в советский период. Социолингвистический аспект». У 1992‒1997 гг. займаў пасаду загадчыка кафедры беларускай мовы пры Прэзідыуме Акадэміі навук Беларусі. У 1995 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара.
Арцём Яфімавіч ‒ аўтар навуковых прац, прысвечаных лексікалогіі, лексікаграфіі, дыялекталогіі, гісторыі беларускай мовы. Сярод іх ‒ манаграфія «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: сацыялінгвістычны нарыс» (1982), даследаванні «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970, у суаўтарстве), «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, у суаўтарстве). Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы выданняў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1–5, 1977–1984), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1–2, 1988–1989), тлумачальных слоўнікаў беларускай і рускай моў для сярэдняй школы і інш. Вучоны прааналізаваў сацыяльна-культурныя ўмовы фарміравання і змянення лексічнага складу беларускай мовы, вывучаў лексічную сістэму сучаснай беларускай літаратурнай мовы, параўноўваў працэсы запазычвання іншамоўных слоў у беларускай і рускай мовах. Арцём Яфімавіч займаўся зборам лексікі гаворкі Полаччыны, вынікі гэтай работы знайшлі адлюстраванне ў зборніках артыкулаў «З народнага слоўніка» (1975), «Народнае слова» (1976). Таксама перакладаў на беларускую мову школьныя падручнікі па эканамічнай геаграфіі.