Павел Ксаверы Бжастоўскі нарадзіўся ў в. Мосар Ашмянскага павета (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Яго бацька Юзаф – пісар вялікі літоўскі з 1715 г., стараста быстрыцкі – паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду герба «Стрэмя». Атрымаўшы добрую адукацыю, П. Бжастоўскі з 1755 па 1773 г. быў віленскім канонікам, з 1763 г. святаром. Каб атрымаць вышэйшую адукацы, вучыўся ў духоўных акадэміях у Вільні і Варшаве, у 1758 г. паехаў у Рым, дзе на працягу трох гадоў слухаў лекцыі ў Калегіум Кліменцінум. У час вучобы захапіўся ідэямі Т. Мора, А. Сен-Сімона і іншых сацыялістаў-утапістаў, пазнаёміўся з творамі выдатнага філосафа-асветніка Ж.Ж. Русо. Пасля вяртання на радзіму П. Бжастоўскі быў прызначаны вялікім пісарам літоўскім (1762–1774).
У ліпені 1767 г. ён набыў у Віленскім ваяводстве маёнтак Мерач. Убачыўшы цяжкае становішча сялян, П. Бжастоўскі вырашыў заняцца паляпшэннем жыцця сваіх прыгонных і правёў там радыкальныя сацыяльна-эканамічныя рэформы. Не жадаючы, каб назва Мерач у будучым нагадвала пра былое, перайменаваў маёнтак у Паўлава. У 1769 г. стварыў там нешта накшталт рэспублікі, дзе сяляне карысталіся асабістай свабодай і самі кіравалі сваёй абшчынай, прэзідэнтам якой быў іх гаспадар. Заканадаўчая ўлада належала сейму. У абшчыне існавалі так званае «міністэрства фінансаў», свае грошы, войска і іншыя інстытуты, была прынята канстытуцыя (зацверджана ў 1791 г.). Новы гаспадар дзейнічаў асцярожна і разважліва. Размаўляў з усімі і з кожным паасобку, заклікаў будаваць жыццё па-хрысціянску, узнагароджваў тых, хто добра вёў гаспадарку. Паступова перайшоў да эканамічных пытанняў. Паншчыну ў Паўлаве замянілі чыншам, ліквідавалі цераспалосіцу, зямля амаль цалкам была падзелена паміж сялянамі. У Паўлаве працавала свая ашчадна-пазыковая каса, дзе не толькі дапамагалі грашыма, але выдавалі збожжа, неабходны сельскагаспадарчы інвентар; існавалі школа, бальніца, аптэка і інш. Дасягненні П. Бжастоўскага ўражвалі. У хуткім часе пайшлі запыты аб перайманні вопыту ад А. Чартарыйскага, Г. Ябланоўскай, С. Панятоўскага і іншых магнатаў. Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст 8 мая 1767 г. узнагародзіў П. Бжастоўскага ордэнам Святога Станіслава. У 1774 г. ён атрымаў званне рэферэндара вялікага літоўскага і быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла.
Шмат увагі П. Бжастоўскі надаваў літаратурнай дзейнасці і мецэнацтву. Ён фінансаваў выданне кніг па гісторыі Рэчы Паспалітай, філасофіі, тэалогіі, рэлігійнаму праву. З'яўляўся аўтарам некалькіх дзясяткаў перакладаў з італьянскай, французскай, лацінскай моў. Напісаў «Wiadomosc genealogiczna o domie Brzostowskich» («Генеалогічныя паведамленні аб доме Бжастоўскіх»), выдадзеныя на некалькіх мовах у 1776, 1796, 1818 гг. Рэформы апісаў у кнізе «Ustawy stosujace sie do dobrego porzadku i powinnosci osiadlych ludzi w dobrach Pawlowie czyli Mereczu, przepisane r. 1769» («Уставы для добрага парадку і павіннасцей аселых людзей у маёнтку Паўлава ці Мерач, прадпісаныя ў 1771 г.»), «Lіsty anonima, opisujace komisja wolnych wloscian pawlowskich z dziedzicem svoim, ks. Brz., eks-referendarzem WKL» («Лісты ананіма, якія апісваюць камісію вольных паўлаўскіх валашчан са сваім дзедзічам, ксяндзом Бжастоўскім, экс-рэферэндарам ВКЛ», без месяца і года выдання). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. Бжастоўскі прадаў Паўлава, некалькі гадоў вандраваў за мяжой, жыў у Дрэздэне, Рыме. Пасля вяртання на радзіму служыў пробашчам у Рукойнях (каля Вільні), дзе ў вольны час займаўся літаратурнай творчасцю, арганізаваў там школу, пасадзіў сад і ахвяраваў сродкі на пабудову каменнага касцёла (стары згарэў у 1812 г.). У 1823 г. П. Бжастоўскі быў узведзены ў сан віленскага архідыякана. Ён памёр 17 лістапада 1827 г. Пахаваны ў Рукойнях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.