Вядомы расійскі кампазітар Аляксандр Ціханавіч Грачанінаў увайшоў у гісторыю беларускага музычнага мастацтва як выдатны інтэрпрэтатар нацыянальнага песеннага фальклору.
Нарадзіўся ён у Калузе ў сям’і купца. Дзіцячыя і юнацкія гады А. Грачанінава прайшлі ў Маскве, куды пераехалі бацькі. Пасля заканчэння чатырох класаў гімназіі паступіў у Маскоўскую кансерваторыю. Педагогамі А. Грачанінава былі М. Кашкін і В. Сафонаў (фартэпіяна), Г. Ларош, М. Губерт і А. Арэнскі (поліфанія і тэорыя музыкі). Найбольшую цікавасць прадстаўлялі заняткі С. Танеева (пазней А. Грачанінаў браў у гэтага кампазітара ўрокі фугі і контрапункта). У студэнцкія гады ён пачаў пісаць самастойныя музычныя творы, сярод якіх – некалькі рамансаў і знакамітая «Калыханка» на словы М. Лермантава. У 1890 г. А. Грачанінаў паспяхова вытрымаў экзамены ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю і быў прыняты ў клас кампазіцыі і інструментоўкі М. Рымскага-Корсакава. Пад яго кіраўніцтвам у час вучобы напісаў некалькі самастойных твораў: Канцэртную ўверцюру для вялікага сімфанічнага аркестра, некалькі рамансаў, шэраг хароў. Дыпломнай работай стала кантата «Самсон» (1893) для сола, хору і аркестра. Пасля заканчэння кансерваторыі А. Грачанінаў даваў прыватныя ўрокі, займаўся творчасцю. Напісаў элегію «Памяці Чайкоўскага» (1893), Першы струнны квартэт (1894), Першую сімфонію (1895), некалькі рамансаў. У 1895 г. кампазітар вярнуўся ў Маскву. Выкладаў у музычнай школе Гнесіных, кіраваў дзіцячым хорам, працягваў творчую дзейнасць. У гэты час з’явіліся яго оперы «Дабрыня Мікітавіч» (1902), «Сястра Беатрыса» (1910) і дзіцячая – «Сон елачкі» (1911); кантаты і канцэртныя арыі з аркестрам. На працягу некалькіх гадоў А. Грачанінаў пісаў музыку да драматычных тэатральных спектакляў. Сярод іх – «Цар Фёдар» (1898) і «Смерць Іаана Грознага» (1899), «Снягурачка» (1900) і інш. Значнае месца ў творчасці кампазітара займала музыка для дзяцей і царкоўная, у якой ён імкнуўся адрадзіць стыль старадаўняга рускага спявання, ўзбагаціць яго харавую фактуру. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. А. Грачанінаў некалькі гадоў канцэртаваў у якасці дырыжора і піяніста, праводзіў лекцыі-канцэрты, кіраваў дзіцячымі музычнымі і вакальнымі калектывамі. У 1925 г. эмігрыраваў у Францыю. У парыжскі перыяд напісаў Чацвёртую і Пятую сімфоніі, дзіцячы балет «Лясная ідылія», санаты для скрыпкі, фартэпіяна, віяланчэлі, шэраг духоўных твораў, арганныя п’есы, рамансы і хары, канцэрты для скрыпкі і флейты. У 1934 г. выдаў кнігу ўспамінаў «Маё музычнае жыццё». У 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна, і А. Грачанінаў пераехаў у Амерыку. У Нью-Ёрку напісаў сімфанічную паэму «Да перамогі!» (1943), прысвечаную барацьбе савецкага народа з фашысцкімі захопнікамі, і «Элегічную паэму» (1944), дзе ўшанаваў памяць герояў, загінуўшых у баях.
Творчая цікавасць А. Грачанінава да беларускага песеннага фальклору праявілася ў гады яго працы намеснікам старшыні Музычна-этнаграфічнай камісіі пры Маскоўскім універсітэце, кіраўніком якой быў прафесар М. Янчук. На працягу 15 гадоў камісія сабрала некалькі тамоў народнай музычнай творчасці, у тым ліку беларускай. У кнізе сваіх успамінаў А. Грачанінаў пісаў, што пазнаёміўся амаль з усімі песнямі народаў Расіі, але асабліва палюбіў беларускія і вывучаў іх з вялікім захапленнем. Першымі творамі, якія ён апрацаваў для голасу і фартэпіяна, былі песні «Гэй ты, доля» і «Бяда», тэкст і мелодыю да іх напісаў М. Янчук. У 1923–1924 гг. А. Грачанінаў уваходзіў у Беларускую песенную камісію, створаную з мэтай гарманізацыі беларускіх народных песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А. Грыневіча, У. Тэраўскага, М. Янчука). Было апрацавана больш за 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зборніку «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929–1930). Найбольш каштоўнымі, па-сапраўднаму беларускімі абразкамі, лічацца песні для хору «Ішла каляда», «Чаму селязень», «Перад Пятром», «Перапёлачка», «Ішоў раёк»; для голасу з фартэпіяна – «Зазвінела пчолачка», «Калыханка». Пасля выезду за мяжу кампазітар працягваў займацца беларускай песняй. Ён атрымаў ад Р. Шырмы 25 запісаў заходнебеларускіх песень, якія апрацаваў для хору. Прастата, яснасць, прыгожая гучнасць, строга захаваны народны лада-танальны каларыт – іх асаблівасці. Песні вылучаліся прыцягальнай мяккай лірычнай напеўнасцю, арганічнай сувяззю з фальклорнымі вытокамі, паэтычнай вобразнасцю, задушэўнай меладычнасцю. Апошнімі апрацоўкамі А. Грачанінава сталі тры беларускія народныя песні для змешанага хору «Кукавала зязюля», «Зялёны гай», «Ой, гыля, гыля, гусі вадою». Захаваліся 17 песень для голасу і фартэпіяна і 11 для змешанага хору ў апрацоўцы кампазітара. Сярод іх – «Ляціць сарока», «Конь бяжыць», «Шчука-рыба ў моры», «Ой, рана куры запелі». Гэтыя і іншыя песні спявалі не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе, а «Перапёлачка» гучала нават у Амерыцы. На тэмы народных песень кампазітар напісаў у Парыжы «Беларускую рапсодыю» для сімфанічнага аркестра і п’есу для скрыпкі і фартэпіяна «Дар Белай Русі». Ён аўтар музыкі да казкі-феерыі В. Шашалевіча «Апраметная», якая была пастаўлена ў 1925 г. Беларускай драматычнай студыяй у Маскве, а ў 1926 г. на сцэне Другога Беларускага драматычнага тэатра.
Да апошніх дзён А. Грачанінаў марыў вярнуцца ў Расію, але гэта ажыццявіць не ўдалося. Ён памёр 4 студзеня 1956 г. ва ўзросце 92 гадоў. Кампазітар пакінуў нашчадкам у спадчыну шмат цудоўных твораў, якія ўвайшлі ў залаты фонд не толькі рускай, але і беларускай музычнай культуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.