Кароткая даведка:
актрыса, заслужаная артыстка Беларусі
Імёны на іншых мовах:
Кабатникова Вера Рафаиловна (руская);
2613 сімвалы
Даведка
Усё сваё жыццё Вера Рафаілаўна Кабатнікава прысвяціла тэатру, дзе зведала вялікую любоў і пашану гледачоў, калег і сяброў.
Яна нарадзілася на Далёкім Усходзе ў г. Чыце (Расія). У 1943 г. сям’я пераехала ў Новасібірск. У гады вайны В. Кабатнікава працавала ў шпіталі, потым на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады. Яна нават атрымала медаль “За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны”. У 1944 г. паступіла ў Маладзёжны тэатр-студыю, які праз два гады па загаду камітэта па справах мастацтваў Расійскай Федэрацыі быў накіраваны спецыяльным курсам у Ленінградскі тэатральны інстытут імя А.М. Астроўскага. Закончыўшы ў 1948 г. з адзнакай акцёрскі факультэт гэтага інстытута (майстэрню народнага артыста СССР В.В. Мяркур’ева), В. Кабатнікава спачатку працавала ў г. Выбаргу, потым у Куйбышаўскім тэатры юнага гледача, з 1953 г. звязала творчае жыццё з Магілёўскім абласным драматычным тэатрам.
Ярка і тэмпераментна выконвала артыстка ролі маладых гераінь, натур свавольных, цэльных, бескампрамісных, няўрымслівых. Сярод іх: Шура Азарава (“Даўным-даўно” А. Гладкова), Таня (аднайменная п’еса А. Арбузава), Эліза Дулітл, Епіфанія (“Пігмаліён”, “Мільянерка” Б. Шоу), Катарына (“Утаймаванне свавольніцы” У. Шэкспіра), Соф’я (“Гора ад розуму” А. Грыбаедава), Вера Грынько (“Выбух” М. Алтухова і М. Гарулёва). Яна валодала майстрэрствам ствараць пераканаўчыя, глыбока псіхалагічныя вобразы, асаблівае значэнне надавала індывідуалізацыі характараў, сцэнічнай выразнасці і паспяхова іграла ў спектаклях” “Імем рэвалюцыі” М. Шатрова, “Людзі, якіх я бачыў” С. Смірнова, “Доўгачаканы” А. Салынскага, “Рассудзіце нас, людзі!” А. Андрэева, “Провады белых начэй” В. Пановай. Да лепшых работ В. Кабатнікавай адносяцца: Філумена Мартурана (аднайменная п’еса Э. Дэ Філіпа), Паліна (“Мачаха” А. Бальзака), Лізавета (“Марыя Сцюарт” Ф. Шылера), фру Ліндэ (“Нора” Г. Ібсена), Эмілія (“Іспанцы” М. Лермантава), Карсавіна (“Жаніцьба Бальзамінава” А. Астроўскага), Маша Забеліна (“Крамлёўскія куранты” М. Пагодзіна), Ліза (“Іван Рыбакоў” В. Гусева), Алена Андрэеўна (“Дзядзька Ваня” А. Чэхава), Эпіфанія і Эліза (“Мільянерка” і “Пігмаліён” Б. Шоу), Аркадзіна і Валькірыя (“Галоўная стаўка” і “Даруй мне” К. Губарэвіча), Ніна (“Усяго адно жыццё А. Маўзона), Паліна (“Салдацкая ўдава” М. Нікалаева), Маці (“Антаніна” Г. Мамліна), Наталля Гаўрылаўна (“Гняздо глушца” В. Розава), Марыя (“У сваім каханні азірніся” Ю. Якаўлева) і іншыя. У 1959 г. за плённую працу і вялікі ўклад у тэатральнае мастацтва В. Кабатнікава атрымала ганаровае званне “Заслужаная артыстка Беларусі”.