Мікалай Канстанцінавіч Казакевіч – адзін з вядучых беларускіх пейзажыстаў.
Нарадзіўся ён у в. Дулебы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Дзяцінства прыйшлося на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і да 1950 г. выхоўваўся ў Бярэзінскім дзіцячым доме. У 1955 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1961 г. Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Яго настаўнікамі былі знакамітыя мастакі В. Цвірка, А. Шаўчэнка, У. Сухаверхаў, А. Мазалёў. Атрымаўшы прафесійную адукацыю, М. Казакевіч меў магчымасць застацца ў сталіцы, але вырашыў разам з аднакурснікамі паехаць на працу ў Гомель. Дзякуючы агульным намаганням маладога мастацкага калектыву праз некалькі гадоў нараўне з віцебскай школай акварэлі стала вядома гомельская школа жывапісу, якая з’явілася пераемніцай лепшых традыцый імпрэсіянізму і вызначаецца светлым, радасным адчуваннем жыцця, яркасцю фарбаў. З 1961 па 2000 г. працаваў на камбінаце “Мастацтва” Мастацкага фонду Беларусі ў Гомелі, быў старшынёй манументальна-мастацкага савета Гомельскай вобласці. З 1961 г. пачаў удзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках, у тым ліку персанальных, пленэрах. З 1963 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.
Мікалай Казакевіч працуе ў станковым жывапісе ў жанры лірычнага пейзажа. Для яго творчасці характэрны адзіная паэтычная стылістыка, натуральнасць, жывапісная стыхія, лёгкі, рухавы мазок, поўная адмова ад дробнага апісальніцтва. У творах М. Казакевіча вельмі ўдала спалучаюцца малюнак, колер, святло, цень, прастора і нават імкненне да гіпербалізацыі. Асабліва дакладна майстар улаўлівае непаўторныя рысы беларускай прыроды – яе задушэўны рытмічны лад, гармонію каларыстычных сугуччаў. Чыстая празрыстасць радасных колераў зямлі і неба, іх трапяткая зменлівасць неяк вельмі натуральна пераходзіць з аднаго твора на другі, ствараючы адзіную маляўнічую перспектыву, – “Возера” (1962), “Па родных прасторах” (1963), “Свята песні” (1969), “Азёрныя далі” (1970), “Юнацтва” (1971), “Пасля дажджу” (1977), “Блакітны красавік” і “Над роднымі прасторамі” (1980), “Лета” (1982), “Свята на нашай вуліцы” (1984), “Рэквіем” (1987), “Вясна” (1995), “Дарога да храма” (1998), “Першы снег” (2005), “Восень” (2006), “Абуджэнне” (2006), “Бярозавы край” (2007), “Туманная раніца” і “Бярозавы гай” (2011), “У парку”(2012). Многа палотнаў прысвечана розным куткам Беларусі – “Вясна на Гомельшчыне” (1972), “На Палессі” (1976), “На Прыпяці” (1978), “Вялікая вада на Бесядзі” (1996), “Вечар на Дняпры” (2000), “Раніца на Бесядзі” (2012). Яны вызначаюцца жыццярадаснасцю, рухомасцю сонечнага святла, узаемапранікненнем фарбаў. На палатне “Туманы Палесся” прастора як бы раствараецца ў зіхоткай прасветленасці паветра. Гэта вельмі жывое ўвасабленне летняй раніцы, ахопленай воблачным мроівам, у якім патанае ўсё: і ледзь бачная вёска, і хісткія дрэвы, што знікаюць на вачах, і сілуэтна вызначаныя коні, але адчуванне бясконцасці ўсё ж прасветленай прасторы застаецца. Геаграфія палотнаў не абмяжоўваецца толькі Беларуссю. Ёсць карціны, назвы якіх гавораць самі за сябе, – “Рака Влтава”, “Востраў Валаам”, “Кіжы”, “Мілаград”, “Секір-гара. Салаўкі”. Вельмі цікавым з’яўляецца твор “Край дзяцінства” (1998). Праз асляпляльнае сонца ўсміхаецца нам вясковы светлавалосы хлапчук. Каля яго стаіць, нібыта ўсплываючы з туману, гняды конь, які пазірае так даверліва, нават па-сяброўску. Пэўная фрагментарнасць надзвычай выразнага твора не пазбаўляе яго прасторавай велічы. У палотнах мастака жывуць сапраўдная прыгажосць нашай зямлі, яе глыбінны магутны дух. Асобнае месца ў творчасці М. Казакевіча займае тэматычная карціна “У тыле ворага” (1964), дзе паказана, як партызаны ў патаемным паўзмроку рамантуюць зброю, каб праз некалькі хвілін уступіць у бой з ворагам. Ёсць нешта аўтабіяграфічнае ў гэтым пранікнёным творы. Але тэма вайны ў творчасці мастака развіцця не атрымала.
За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1988) М. Казакевіч узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Францыска Скарыны, бронзавым медалём ВДНГ за работу “Юнацтва”. У 2000 г. ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за серыю пейзажаў “Краявіды Беларусі”, выкананых у 1995–1998 гг. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Гомельскім і Віцебскім абласных краязнаўчых музеях, Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі ў Гомелі, у галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.