Дата нараджэння:
01.05.1934 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
08.07.1982
Кароткая даведка:
кампазітар, аўтар вакальных, вакальна-сімфанічных, аркестравых і камерна-інструментальных музычных твораў
Варыянты імя:
Касалапаў Якаў Ігаравіч
Імёны на іншых мовах:
Косолапов Яков Егорович (руская);
1895 сімвалаў
Даведка
Якаў Ягоравіч Касалапаў нарадзіўся ў Оршы. У 1950 г. паступіў у Аршанскае педагагічнае вучылішча. Затым вучыўся ў Віцебскім музычным вучылішчы на аддзяленні харавога дырыжыравання. Адначасова працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. У 1966 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас А. Багатырова). Пасля атрымання дыплома працаваў выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін у Віцебскім музычным вучылішчы.
Працаваў кампазітар у розных жанрах. Значную ўвагу надаваў музыцы для народных інструментаў, харавой і дзіцячай. Актыўна займаўся распрацоўкай музычнага фальклору Віцебшчыны. Асноўнымі тэмамі творчасці кампазітара з’яўляюцца Кастрычніцкая рэвалюцыя, Вялікая Айчынная вайна. Працаваў галоўным чынам у жанры вакалу. Сярод твораў ‒ вакальна-сімфанічная паэма «Белавежа» і «Беларуская уверцюра» (1966), кантата «Нараджэнне дзяржавы» (1967), п’еса «Успенская горка» для сімфанічнага аркестра і дывертысмент для ансамбля скрыпак і фартэпіяна (1968), сюіта (1970), фантазія на тэму беларускай народнай песні для камернага аркестра і «Беларуская уверцюра» для аркестра народных інструментаў (1971), канцэртная фантазія для цымбалаў і фартэпіяна (1973), сюіта для салістаў і хору a capella «Зарыва кастрычніка» (1977), цыкл апрацовак беларускіх народных песень «Аршанскі вяночак» для фартэпіяна (1979), хары, песні, музыка да тэатральных пастановак. Для дзяцей напісаў песні «Добры дзень, наша школа» (словы Р. Няхая), «Снежная баба едзе на пенсію» (словы В. Віткі), «Паравоз і паравозава песня» (словы А. Вольскага) і інш. Беларускім гарадам ‒ Віцебску, Оршы і Полацку ‒ прысвечаны песні «Родны горад» (словы Р. Барадуліна, П. Броўкі, Г. Бураўкіна), «Родные места» (словы У. Харытонава), «Полацкая лірычная» (словы В. Лукшы). Для творчасці кампазітара характэрны шматзначнасць інтанацыйнага і тэматычнага зместу, тэмбравая разнастайнасць, выразны меладызм.