Кароткая даведка:
расійскі мовазнавец, філолаг, гісторык, які зрабіў істотны ўклад у беларусістыку (выдаў тэксты беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік у серыі "Поўны збор рускіх летапісаў", зрабіў фанаграфічныя запісы беларускіх гаворак і фальклору Барысаўскага павета і інш.), акадэмік Пецярбургскай АН
Імёны на іншых мовах:
Шахматов Алексей Александрович (руская);
3394 сімвалы
Даведка
Навуковая дзейнасць Аляксея Аляксандравіча Шахматава стала адметнай з’явай у беларускай і расійскай археаграфічнай навуцы і мовазнаўстве.
Нарадзіўся ён у г. Нарва ў дваранскай сям’і. Пасля смерці бацькоў выхоўваўся ў сям’і дзядзькі ў в. Губараўка Саратаўскай губерні. З 1877 г. вучыўся спачатку ў Маскоўскай гімназіі Ф. Крэймана, а потым у 4-й гімназіі, якую скончыў у 1883 г. Далейшую адукацыю працягнуў на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (1883–1887). У 1884 і 1886 гг. выязджаў вывучаць паўночнарускія гаворкі і старажытныя пісьмовыя помнікі ў Аланецкую губерню. Пасля атрымання дыплома застаўся на кафедры рускай мовы і славеснасці для падрыхтоўкі да магістарскага экзамену і прафесарскага звання. У 1890 г. працаваў прыват-дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, потым вярнуўся ў Губараўку, дзе стаў земскім начальнікам, вывучаў побыт мясцовых сялян і формы землеўладання. У 1894 г. за магістарскую дысертацыю «Исследования в области русской фонетики», яму была прысуджана адразу ступень доктара рускай мовы і славеснасці. У снежні гэтага ж года ён пераехаў у Санкт-Пецярбург і заняў пасаду ад’юнкта Аддзялення рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук. У 1899 г. стаў акадэмікам. У 1900 г. А. Шахматава прызначылі дырэктарам рускага аддзялення Бібліятэкі Акадэміі навук. На гэтай пасадзе ён шмат зрабіў для развіцця навуковай работы з рукапіснымі матэрыяламі. З 1904 г. вучонага ўключылі ў Камісію па падрыхтоўцы рэформы арфаграфіі. У 1906–1920 гг. А. Шахматаў быў старшынёй Аддзялення рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук, адначасова з 1909 г. ‒ прафесарам Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе чытаў курсы гісторыі рускай мовы і дыялекталогіі.
Акадэмік А. Шахматаў вывучаў славянскую акцэнталогію, старажытныя і сучасныя індаеўрапейскія мовы, фінскую і мардоўскую мовы, пытанні параўнальнай фанетыкі і граматыкі славянскіх моў, фанетыку і граматыку сучаснай рускай мовы. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 170 навуковых прац. Сярод іх ‒ «Исследование о языке новгородских грамот XIII и XIV века» (1886), «К истории сербскохорватских ударений» (1888), «Исследования в области русской фонетики» (1893), «К вопросу о древнейших славяно-кельтских отношениях» (1912), «Синтаксис русского языка» (1925‒1927), «Обозрение русских летописных сводов XIV‒XVI вв.» (1938) і інш. Вучоны таксама рэдагаваў акадэмічны слоўнік рускай мовы (1895‒1916). Мовазнавец грунтоўна даследаваў гістарычную марфалогію рускай мовы, заклаў асновы вывучэння летапісаў і тэксталогіі як навукі.
Значны ўклад А. Шахматаў унёс у беларусістыку. У серыі «Полное собрание русских летописей» (т. 17, 1907, з С. Пташыцкім) ён выдаў тэксты беларуска-літоўскіх летапісаў. Абгрунтаваў рускія крыніцы Супрасльскага спісу Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. У 1908 г. запісваў фальклор і маўленне жыхароў Барысаўскага павета. У 1914‒1915 гг. у Петраградскім універсітэце чытаў курс «Беларуская мова ў сучасных яе гаворках». Мовазнавец дапамагаў Б. Тарашкевічу ў напісанні «Беларускай граматыкі для школ» (1918). Пасля смерці А. Шахматава тэксты яго лекцый былі апрацаваны лінгвістам Б. Ларыным па рукапісных матэрыялах. Эпісталярная спадчына вучонага, якая захоўваецца ў архіве Расійскай акадэміі навук, складае ад 17 да 25 тыс. лістоў амаль ад 2 тыс. карэспандэнтаў, сярод якіх ‒ У. Дабравольскі, М. Доўнар-Запольскі, Я. Дыла, Я. Карскі, Е. Раманаў, П. Шэйн, М. Янчук і інш.