Людміла Георгіеўна Гафо нарадзілася ў в. Караджы Акмячэцкага раёна Крымскай вобласці (цяпер в. Аленеўка Чарнаморскага раёна Рэспублікі Крым) у сям’і рыбака. Пасля заканчэння школы паступіла на архітэктурны факультэт Адэскага інжынерна-будаўнічага інстытута. У 1941 г. пераведзена ў Маскоўскі архітэктурны інстытут. У час Вялікай Айчыннай вайны прымала ўдзел у будаўніцтве абарончых збудаванняў каля Масквы. У 1942 г. інстытут быў эвакуіраваны ў Ташкент, дзе Людміла Георгіеўна сумяшчала вучобу з працай капіравальшчыцы ў архітэктурна-будаўнічай майстэрні. У 1945 г. атрымала дыплом і была накіравана ў Мінск на аднаўленчыя работы. З гэтага часу жыццё і дзейнасць Людмілы Гафо звязаны з беларускай сталіцай. Яна працавала ў інстытуце «Белсельпраект» (1945‒1947), Упраўленні па справах архітэктуры Мінска (1947‒1949), інстытуце «Белдзяржпраект» (1949‒1953). У 1954‒1983 гг. была галоўным архітэктарам праектаў у майстэрні генплана інстытута «Мінскпраект». З 1946 г. з’яўлялася членам Саюза архітэктараў СССР.
Асноўныя працы Л.Г. Гафо ‒ генпланы Мінска на 1980 г. (1963) і на 2000 г. (1980), карэкціроўка генплана на 1980 г. і асноўныя напрамкі развіцця Мінска на 2000 г. (1971), тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне генплана Мінска на 2010 г. (1979, усе ў аўтарскім калектыве). Пад яе кіраўніцтвам і ў аўтарскім калектыве распрацаваны праекты планіроўкі Ленінскага праспекта (1947), заходняй планіровачнай зоны Мінска (1974), прамысловага раёна па вул. Платонава (1972), Навукова-даследчага інстытута тэхналогіі аўтамабільнай прамысловасці (1973), праект сілуэта Мінска (1973), парка Перамогі (1967), жылых раёнаў па Лагойскім тракце (1954), вуліцах Маскоўскай, Чкалава, Брылеўскай (усе 1955), К. Лібкнехта (1958), Аэрадромнай (1967), Горкага (1969), мікрараёнаў Усход 1 (1965), Паўднёвы Захад 2, 3 (1976).
Працоўныя поспехі Людмілы Георгіеўны адзначаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1979), прэміяй Савета Міністраў СССР (1985, у аўтарскім калектыве), медалямі. Яе імем у 2025 г. названа вуліца ў Мінску.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.