Дата нараджэння:
09.05.1849 Слуцк, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
29.05.1925
Кароткая даведка:
вучоны-астраном, стваральнік маскоўскай навуковай школы астрафотаметрыі, педагог, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН
Варыянты імя:
Цяраскі Вітольд Карлавіч
Імёны на іншых мовах:
Цераский Витольд Карлович (руская);
3453 сімвалы
Даведка
Вітольд Карлавіч Цэраскі – адзін з піянераў выкарыстання фатаграфіі ў астраноміі, пачынальнік даследаванняў і заснавальнік навуковай школы па астрафотаметрыі ў Расіі.
Нарадзіўся ён у Слуцку ў сям’і выкладчыка геаграфіі Слуцкай гімназіі. У дзевяцігадовым узросце зацікавіўся астраноміяй, у родным горадзе праводзіў свае першыя астранамічныя назіранні. У далейшым паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1867). Астраномію вывучаў пад кіраўніцтвам прафесара Ф. А. Брадзіхіна, пад уплывам якога засяродзіў свае далейшыя даследаванні на астрафізіцы. Адначасова з вучобай працаваў у якасці звышштатнага вылічальніка ў астранамічнай абсерваторыі ўніверсітэта, даваў прыватныя ўрокі.
У 1871 г. В. К. Цэраскі атрымаў ступень кандыдата і пачаў займацца навуковай працай у абсерваторыі. У 1874 г. быў накіраваны ў г. Кяхта (Бурація, Расія), дзе вёў назіранні праходжання Венеры па дыску Сонца. У гэты ж час пры дапамозе фотагеліографа астраном пачаў рабіць фатаграфіі зорнага неба, удасканаліў фатометр нямецкага фізіка Цольнера, займаўся распрацоўкай методыкі фотаметрычных назіранняў. Вынікі сваёй працы друкаваў у “Трудах Московской астрономической лаборатории”, мноства артыкулаў апублікаваў у часопісах “Мир Божий”, “Русская мысль”, “Научное слово” і інш. У 1883 г. вучоны абараніў дысертацыю на ступень магістра “Об определении блеска белых звезд”. У працы з мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталога ў сучаснай сістэме зорных велічынь вызначалася яркасць больш як 500 зорак. У 1885 г. ён адкрыў існаванне так званых серабрыстых воблакаў і вызначыў іх сярэднюю вышыню. У 1888 г. В. К. Цэраскі абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Астрономический фотометр и его приложения”, у якой выклаў вынікі прымянення фотаметрычнага метада даследавання нябесных аб’ектаў. Адным з першых ён вызначыў ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца і яго зорную велічыню, прапанаваў аналітычны спосаб вызначэння каардынат метэорнага радыянта і метад вызначэння вуглавой скорасці метэораў, унёс шэраг удасканаленняў у астранамічныя прыборы і методыку назіранняў.
Акрамя навуковай дзейнасці вучоны займаўся педагагічнай працай. З канца 1870-х гг. выкладаў фізіку на Лубянскіх (вышэйшых) жаночых курсах, з 1882 г. вёў усе асноўныя курсы па астраноміі, кіраваў практычнымі заняткамі і назіраннямі студэнтаў у Маскоўскім універсітэце. Сярод яго вучняў – буйнейшыя расійскія астраномы А. А. Міхайлаў, С. М. Блажко, С. У. Арлоў і інш. У Політэхнічным і Гістарычным музеях выступаў таксама з публічнымі лекцыямі, якія карысталіся вялікім поспехам.
Прафесар В. К. Цэраскі з’яўляўся членам Маскоўскага матэматычнага таварыства і ганаровым членам Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды. У 1890–1916 гг. узначальваў абсерваторыю ўніверсітэта. Пад яго кіраўніцтвам тут была зроблена карэнная перабудова і ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, што зрабіла абсерваторыю другой па значнасці ў Расійскай імперыі. У 1914 г. вучоны быў выбраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук. Апошнія гады займаўся ўпарадкаваннем свайго навуковага архіва, імкнуўся завяршыць усе пачатыя даследванні. Па парадзе ўрачоў некаторы час жыў у Феадосіі (Крым). Памёр астраном 29 мая 1925 г. у Троіцку (каля Масквы), быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках.
У гонар вучонага названы малая планета № 807 Цэраскія і кратэр на адваротным баку Месяца, на будынку Слуцкай гімназіі № 1 у 2014 г. была ўсталявана мемарыяльная дошка.