Дата нараджэння:
20.02.1889 Балотца, в., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
20.07.1960
Кароткая даведка:
вучоны-гісторык, грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў БДУ
Імёны на іншых мовах:
Турук Федор Федорович (руская); Турук Фёдор Фёдорович (руская);
3117 сімвалаў
Даведка
Фёдар Фёдаравіч Турук – адзін з заснавальнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – нарадзіўся ў в. Балотца Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці). Адукацыю атрымаў у Петраградзе, дзе ў 1915 г. адначасова скончыў два інстытуты (гісторыка-філалагічны і археалагічны). Працаваў выкладчыкам у мінскіх гімназіях. У час Першай сусветнай вайны эвакуіраваўся ў Маскву. Працягваў педагагічную работу, займаўся грамадскай і культурна-асветніцкай дзейнасцю. Ён быў адным з ініцыятараў стварэння і абвяшчэння Беларускай народнай грамады, уваходзіў у склад яе кіраўніцтва. У сакавіку 1918 г. Ф.Ф. Турука прызначылі загадчыкам аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. Ён з'яўляўся адным з арганізатараў Беларускага народнага ўніверсітэта і Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. Яго старшынёй прызначылі У.І. Пічэту, ганаровымі членамі былі вядомыя вучоныя Я.Ф. Карскі, М.К. Любаўскі, П.М. Жуковіч, М.В. Доўнар-Запольскі, І.І. Лапо, А.П. Сапуноў. Прымаючы ўдзел у рабоце таварыства Ф.Ф. Турук выступіў ініцыятарам падрыхтоўкі і выдання «Курса белорусоведения» (1918–1920) і напісаў прадмову да яго. Гэта былі лекцыі, якія чыталі слухачам Беларускага народнага ўніверсітэта ў Маскве вядучыя расійскія вучоныя-гуманітарыі, многія з іх вывучалі гісторыю Беларусі. З 1919 г. Ф.Ф. Турук загадваў беларускім пададзелам аддзела асветы нацыянальных меншасцей Наркамата асветы РСФСР. Пры яго актыўным удзеле быў апублікаваны першы зборнік вершаў Я. Купалы на рускай мове «Избранные стихотворения в переводах русских поэтов». Вучоны быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з'яўляўся сакратаром спецыяльнай Камісіі па яго арганізацыі. Разам з У.І. Пічэтам у канцы 1920 г. ён наведаў Мінск, каб вызначыць памяшканні для заняткаў і базы для навукова-практычнай дзейнасці студэнтаў. Вучоны прымаў непасрэдны ўдзел у падборы выкладчыцкіх кадраў, стварэнні першых навучальных планаў, набыцці кніг для бібліятэкі, уваходзіў у склад першага праўлення ўніверсітэта, зацверджанага ў ліпені 1921 г. У гэтым жа годзе стаў прафесарам кафедры гісторыі Беларусі. У 1921–1922 гг. на грамадска-педагагічным аддзяленні (факультэт грамадскіх навук) Ф.Ф. Турук вёў практычныя заняткі па крытычным вывучэнні земскіх (абласных) і шляхецкіх прывілеяў, пазней працаваў на педагагічным факультэце. У 1923 г. ён стаў выкладчыкам Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве. Да выхаду на пенсію (1955) працаваў у вышэйшых навучальных установах Масквы.
Фёдар Фёдаравіч з'яўляецца аўтарам прац па гісторыі Беларусі. Сярод іх – «Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613–1637) и его значение в истории униатской западной русской церкви» (1916), «Белорусское движение: очерк истории национального и революционного движения белорусов: с приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, составленной акад. Е.Ф. Карским» (1921) і інш.