Дата нараджэння: 13.01.1893 Смілавічы, г. п., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці: 09.08.1943
Кароткая даведка: жывапісец, адзін з вядучых прадстаўнікоў экспрэсіянізму, які жыў і працаваў у Францыі
Імёны на іншых мовах: Сутин Хаим (руская); Сутин Хаим Соломонович (руская);
Гісторыя беларускай культуры была б няпоўнай без імя выдатнага мастака-экспрэсіяніста XX ст., жывапісца парыжскай школы, выхадца з Беларусі Хаіма Суціна, творчая дзейнасць якога набыла сусветную вядомасць.
Нарадзіўся ён у 1893 г. (па іншых звестках у 1894 г.) у г. п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў шматдзетнай сям’і дробнага краўца. З малых гадоў нішто так не захапляла хлопца, як маляванне. Ён падбіраў вугольчыкі каля печы і штосьці выводзіў на сценах, але талент не было каму ацаніць. У чатырнаццацігадовым узросце збег з дому і апынуўся ў Мінску, дзе перабіваўся выпадковымі заробкамі. Пазней уладкаваўся рэтушорам у фотаатэлье. Наведваў урокі жывапісу ў школе малюнка Я. Кругера. Хлопцу не хапала грошай, таму заняткі былі вельмі рэдкімі. У 1910 г. пераехаў у Вільню, паступіў у Віленскую акадэмію мастацтваў. Тут яму сапраўды пашанцавала, бо на хваравітага маладога мастака звярнуў увагу адвакат-мецэнат, які даў рэкамендацыю ў Таварыства падтрымкі мастацтва, а ўжо адтуль у 1913 г. ён трапіў у Францыю, дзе працягваў вучобу.
Пачаўся новы этап у жыцці Х. Суціна. Спачатку было вельмі цяжка: еў ад выпадку да выпадку, спаў дзе папала, працаваў грузчыкам, насільшчыкам на вакзале, вартаўніком, дэкаратарам і нават натуршчыкам, каб зарабіць грошы на фарбы і палатно. Але ў гэтым кволым хлопчыку быў закладзены магутны дух, бо, нягледзячы на страшэнныя цяжкасці, што выпалі на яго долю, упарта імкнуўся да сваёй мэты і дасягнуў яе. Паступіў у Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы, наведваў майстэрню знакамітага мастака Ф. Кармона, дзе вучыўся акадэмічнай тэхніцы пісьма, прыёмам старога жывапісу. Школа Ф. Кармона пакінула ў творчасці Х. Суціна пэўны след. Але найлепшай школай мастацтва стаў для яго Луўр, дзе капіраваў класікаў Адраджэння, захапляўся шэдэўрамі Рэмбранта, Ж. і Ф. Клуэ, Г. Курбэ і інш. Новая старонка жыцця Х. Суціна, як і многіх яго маладых калег па пэндзлі, пачалася ў “Ля Руш” (“Вулеі”). “Вулей” быў створаны свецкім скульптарам бюстаў А. Бушэ спецыяльна ў дапамогу маладым мастакам. Тут у Х. Суціна з’явіліся новыя сябры, з якімі дзяліў беды і радасці. І гэта асяроддзе стала для яго сваім, любым, натхняльным, дзе мог творча развівацца як неардынарная асоба. Асабліва блізкія адносіны склаліся ў Х. Суціна з А. Мадыльяні, адным з найвядомейшых майстроў экспрэсіянізму канца XIX – пачатку ХХ ст. Ён адыграў ролю сапраўднага анёла-ахоўніка, сябра, аднадумца, узяўшы пачынаючага мастака пад сваю апеку. Дзякуючы А. Мадыльяні адкрылася імя смілавіцкага хлопца ўсяму свету. Той пазнаёміў яго з Л. Збароўскім, які выставіў у сваёй парыжскай галерэі ўсе работы мастака. Карціны Х. Суціна сталі раскупляць, браць на выстаўкі. Ён прадаў амаль усе свае работы. У Мінску пачынаючы мастак засвоіў тэхніку жывапісу, у Вільні набраўся вопыту, а ў Парыжы да яго прыйшла вядомасць. Удасканальваў сваю тэхніку паслядоўна і тэмпераментна ўсё нядоўгае жыццё. У гісторыі еўрапейскага жывапісу першай паловы XX ст. менавіта Х. Суцін адыграў ролю аб’яднальніка старых жывапісных традыцый і сучаснага мастацтва. Ён імкнуўся праз сваё ўласнае бачанне мастака-авангардыста перадаваць класічныя стылёвыя формы, сюжэты, вобразы, мадэрнізуючы іх жывапіснае ўздзеянне. У своеасаблівым экспрэсіяністычным стылі маляваў нацюрморты, партрэты, пейзажы. Творчасці Х. Суціна характэрны пастозная манера пісьма, пачуццёвая экспрэсія, светлая яркая колеравая гама, у якой пераважалі чырвоныя, сіне-зялёныя і белыя тоны. Дзівіла багацце і выразнасць каларыту яго вельмі яскравых і цудоўна згарманізаваных вобразаў. Стварыў шэраг карцін па матывах работ Рэмбранта і Г. Курбэ. У ранні перыяд зазнаў уплыў М. Шагала (“Няня”, каля 1916), пазней – А. Мадыльяні (партрэты М. Лані, 1929; мадам М. Кастэнг, 1928), звяртаўся да вобразаў людзей ніжэйшага саслоўя: “Кандытары”, “Маленькі кандытар”, “Паляўнічыя”, “Туша быка” (тры варыянты, 1925), “Певень” (1926), “Паж” (1927), “Хлопчык з хору” (1928), пісаў пазначаныя драматычным лірызмам пейзажы, з настальгіяй маляваў тыповыя беларускія краявіды, шукаў матывы, якія б нагадвалі яму радзіму: “Жанчына ўваходзіць у ваду” (1931), “Асёл” (1934), “Дзеці сядзяць на ствале дрэва”, “Ветраны дзень у Асеры” (абодва 1939) і інш. У 1927 г. прайшла першая персанальная выстаўка ўраджэнца Беларусі ў Парыжы, затым з вялікім поспехам у Нью-Ёрку і Лондане. У1929 г. выйшла першая кніга, прысвечаная творчасці мастака.
Перад пачаткам Другой сусветнай вайны Х. Суцін не паспеў выехаць з акупіраванай нацыстамі Францыі. У гэты перыяд у мастака абвастрылася хвароба і пасля няўдалай аперацыі ён памёр. Сёння постаць нашага суайчынніка ўвекавечана ў скульптуры ў цэнтры Парыжа. Раней пра Х. Суціна ў Беларусі мала што было вядома. Яго імя згадвалася толькі ў шэрагу мастакоў-эмігрантаў парыжскай школы. Мастацтвазнаўцы ставяць імя мастака ў адзін рад з імёнамі А. Мадыльяні, П. Пікаса, М. Шагала і інш. Карціны нашага земляка ўпрыгожваюць лепшыя нацыянальныя і прыватныя музеі і галерэі Францыі, ЗША, Японіі, Англіі, Германіі, Ізраіля, Італіі. Аднак на радзіме, у Беларусі, не было ніводнага жывапіснага твора Х. Суціна. Толькі ў 2012 г. на аўкцыёне была набыта карціна “Вялікія лугі ў Шартрэ” (1934). А першымі значнымі крокамі па ўвекавечанні памяці мастака былі публікацыі ў рэспубліканскіх выданнях і адкрыццё ў 2007 г. па ініцыятыве Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Доме дзіцячай творчасці ў Смілавічах культурнага цэнтра, прысвечанага Х. Суціну.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.