Кароткая даведка:
друкар (Слуцк, Магілёў) і гравёр па медзі, адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры
Імёны на іншых мовах:
Vaschanka Maksim Yarmalinich (не вызначана); Вощанко Максим Ярмолинич (руская);
2900 сімвалаў
Даведка
Гісторыя беларускай кірыліцкай кніжнасці багата на выдатныя падзеі і славутыя імёны. Ля яе вытокаў стаяў выдатны майстар Францыск Скарына, справу яго працягнулі П. Мсціславец, С. Будны, В. Цяпінскі, В. Гарабурда, таленавітыя прадпрымальнікі браты Мамонічы і інш.
У 90-я гг. ХVII ст. у сілу розных сацыяльна-палітычных і эканамічных прычын справа выдання кірыліцкіх кніг на беларускіх землях перайшла ад асобных тыпографаў да брацтваў – грамадска-палітычных і цэхавых арганізацый, якія ў складаных гістарычных умовах аб'ядноўвалі мясцовае праваслаўнае насельніцтва ў барацьбе за «рускую веру».
Вядучай фігурай брацкага кнігадрукавання канца ХVII – пачатку XVIII ст. стаў Максім Вашчанка, адзін з арганізатараў Магілёўскай Багаяўленскай брацкай друкарні.
Біяграфічныя звесткі пра мастака нешматлікія. Па ўсёй верагоднасці, ён нарадзіўся ў 40–50-я гг. ХVII ст. і належаў да старажытнага магілёўскага роду. Архіўныя дакументы сведчаць, што вучыўся ён ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Мастацтву малюнка і гравюры, па меркаванні спецыялістаў, вучыўся ў Віленскай акадэміі ў гуртку А. Тарасевіча, працаваў у Вільні разам з А. Кршчановічам, Л. Тарасевічам, М. Шчырскім і інш.
Друкарскую дзейнасць Максім Вашчанка пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 г. зрабіў ілюстрацыі да кнігі «Манархія Турэцкая» П. Рыко. 19 падпісаных медзярытаў М. Вашчанкі з'яўляюцца копіямі гравюр французскіх мастакоў С. Леклерка, Н. Кашэна для парыжскага выдання кнігі Рыко.
З 1680-х гг. Вашчанка працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х гг. да 1708 г. Выканаў каля 30 медзярытаў для кнігі «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кнігах «Акафісты і каноны», 1726 і «Акафісты», 1728). Ілюстрацыі да «Акафістаў і канонаў» уяўляюць сабой самы поўны «новазапаветны» цыкл у беларускай кніжнай графіцы тых часоў. Старонкавыя гравюры Максіма Вашчанкі паслядоўна адлюстроўваюць гісторыю паходжання Хрыста, прапаведніцкую дзейнасць Іісуса, яго пакуты і смерць на крыжы, цудоўнае выратаванне і Страшны суд. Характэрнай асаблівасцю гэтых твораў з'яўляецца іх цесная сувязь з традыцыямі заходнееўрапейскага мастацтва. Яна праяўляецца як у іканаграфіі многіх сюжэтаў, так і ў трактоўцы персанажаў. Сувязь з еўрапейскім мастацтвам ХVII ст. можна знайсці і ў стылістыцы вашчанкаўскіх гравюр. Яго творы вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценевай мадэліроўкі, дасягнутай за кошт разнастайнай штрыхоўкі.
Творчасць М. Вашчанкі мела вялікае значэнне для развіцця магілёўскай гравюры, усяго беларускага кірыліцкага кнігадрукавання. Мастак адным з першых выкарыстаў у беларускай кірыліцкай кнізе гравюру на медзі, першым пакінуў на гравюры свой подпіс. Яго творчасць аказала моцны ўплыў на іншых мастакоў брацкай друкарні.