Дата нараджэння:
15.06.1915 Горваль, в., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
21.01.2007 Украіна
Кароткая даведка:
ваенны дзеяч, удзельнік вызвалення Гомельскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі, педагог
Імёны на іншых мовах:
Ворончук Андрей Яковлевич (руская);
1645 сімвалаў
Даведка
Андрэй Якаўлевіч Варанчук нарадзіўся ў вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў сем класаў школы, Рэчыцкі педагагічны тэхнікум, працаваў настаўнікам у вёсцы Чарнейкі.
У 1938 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. У 1939 г. прымаў удзел у бітве на рацэ Халхін-Гол. У час Вялікай Айчыннай вайны скончыў курсы малодшых лейтэнантаў і з 1943 г. ваяваў у артылерыі на Цэнтральным фронце. 15–17 кастрычніка 1943 г. у час фарсіравання Дняпра батарэя лейтэнанта А.Я. Варанчука знішчыла пяць агнявых кропак ворага ў раёне пасёлка Лоеў Гомельскай вобласці. Пасля пераправы на другі бераг ракі артылерысты адбілі чатыры контратакі праціўніка і ўтрымалі захоплены плацдарм. Андрэй Варанчук асабіста падбіў гранатай танк. У гэтым баі ён быў паранены, але не пакінуў поле бою.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычніка 1943 г. за паспяховае фарсіраванне ракі Дняпро, трывалае замацаванне плацдарма на заходнім беразе ракі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм Андрэю Якаўлевічу Варанчуку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны А.Я. Варанчук працягнуў ваенную службу. У 1947 г. скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ, быў афіцэрам-выхавальнікам у Кіеўскім сувораўскім ваенным вучылішчы. З 1960 г. палкоўнік А.Я. Варанчук – у запасе. У 1965 г. скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт, да 1985 г. быў дырэктарам Кіеўскай завочнай сярэдняй школы № 5. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».