Дата нараджэння:
чэрвень 1890 Сенцяняты, в., Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
1937
Кароткая даведка:
дзеяч тэатральнага мастацтва, тэатразнавец, драматург, дзеяч культуры
Псеўданімы:
Бяздольны А.; Бяздольны Алесь; Церабеж Язэп
Варыянты імя:
Ляжневіч Аляксандр Францавіч
Імёны на іншых мовах:
Лежневич Александр Францевич (руская); Лежневич Алесь (руская);
2855 сімвалаў
Даведка
Аляксандр Францавіч Ляжневіч нарадзіўся ў в. Сенцяняты Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Да мабілізацыі ў 1914 г. у армію быў удзельнікам Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні – культурна-асветнага згуртавання беларускай інтэлігенцыі. Потым ваяваў на Румынскім фронце. З лютага 1917 г. жыў у Адэсе, дзе выступаў у абласным тэатры, быў акцёрам бежанскай суполкі «Беларускі гай». Адначасова наведваў заняткі ў прыватнай тэатральнай школе. У 1919 г. працаваў у палітаддзеле 16-й арміі ў Магілёве.
З 1920 г. Алесь Ляжневіч – у Мінску, у Беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1). Спачатку акцёр, а з 1921 г. – яго дырэктар. Адначасова ён – адзін з кіраўнікоў тэатральнай секцыі Клуба беларускай моладзі, які дзейнічаў у памяшканні былой «Беларускай хаткі». У 1921 г. уваходзіў у праўленне культурна-асветнага таварыства «Хата беларускага мастацтва». У 1922 (1923?)–1926 гг. А. Ляжневіч кіраваў Беларускай драматычнай студыяй у Маскве, дзе таксама выкладаў беларускую мову. Працаваў інспектарам Наркамасветы па справах мастацтва, затым кансультантам і асістэнтам рэжысёра на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе.
У 1928 г. выйшла з друку яго кніга «Сялянскі тэатр: дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і метады пастаноўкі п'ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» – своеасаблівы падручнік для аматарскіх драматычных гурткоў. Аўтар даваў самыя неабходныя практычныя парады па пытаннях сцэнічнага мастацтва: разглядаў стылі і метады тэатральных пастановак, методыкі працы над п’есай і інсцэніроўкай, мастацкае слова, сцэнічны рух, вопратку, грым, парады адносна абсталявання сцэны, бутафорыі і рэквізіту. Кніга «Сялянскі тэатр», безумоўна, мела вялікае практычнае значэнне для самаадукацыі аматараў у галіне тэатральнага мастацтва.
Алесь Ляжневіч склаў дапаможнік па мастацкім чытанні – зборнік «Дэкламатар» (1928). З’яўляўся аўтарам некалькіх інсцэніровак: паэмы М. Чарота «Босыя на вогнішчы» (пастаўлена ў 1923 г. аматарамі тэатра беларускага сектара Маскоўскага ўніверсітэта народаў Захаду), героіка-рэвалюцыйнай драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўданімам А. Бяздольны, ставілася аматарскімі гурткамі) і п'есы «Навала» (пад псеўданімам Язэп Церабеж; 2-я прэмія на Усебеларускім конкурсе п'ес, 1930). Апрацаваў для беларускай сцэны інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф. Дзюшэна (пастаўлена ў Беларускім дзяржаўным вандроўным тэатры У. Галубка, 1928), а таксама камедыю І. Бэна «Цудадзеі» (1927).
У ліпені 1930 г. А. Ф. Ляжневіч арыштаваны АДПУ СССР і ў 1931 г. асуджаны па справе «Саюз вызвалення Беларусі» – першым масавым палітычным пазасудовым працэсе ў БССР. Быў сасланы на 5 гадоў у г. Пашахонне-Валадарск (Яраслаўская вобласць, Расія). У 1937 г. зноў арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.