Дата нараджэння:
12.07.1927 Мікалаеўка, в., Добрушскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
03.07.2007
Кароткая даведка:
вучоны-гісторык, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны (1984), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Імёны на іншых мовах:
Петриков Петр Тихонович (руская); Petrikov Pyotr Tikhonovich (англійская); Петриков Пётр Тихонович (руская);
5165 сімвалаў
Даведка
Адным з арганізатараў айчыннай гістарычнай навукі быў вучоны-гісторык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Ціханавіч Петрыкаў. Ён нарадзіўся ў в. Мікалаеўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1944 г. быў прызваны ў Савецкую армію і праслужыў амаль 7 гадоў. Пасля дэмабілізацыі экстэрнам здаў экзамены за 10 клас і паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Пасля заканчэння вучобы ў 1956 г. П.Ц. Петрыкаў па размеркаванні працаваў настаўнікам, потым завучам сярэдняй школы ў в. Шацілкі Гомельскай вобласці. У 1958 г. ён паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Праз чатыры гады абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Революционные комитеты Белоруссии в борьбе за восстановление и упрочение Советской власти в 1920 году». Больш за 10 гадоў П.Ц. Петрыкаў займаўся даследаваннямі праблем нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва і грамадзянскай вайны ў Беларусі, дзейнасці Саветаў дэпутатаў працоўных БССР у пасляваенныя гады. Вынікам стала абарона доктарскай дысертацыі ў 1973 г. на тэму «Деятельность Советов депутатов трудящихся Белорусской ССР по созданию материально-технической базы коммунизма (1959–1965 гг.)».
Сваю прафесійную дзейнасць П.Ц. Петрыкаў спалучаў з навуковай і арганізацыйнай працай. З 1961 г. ён быў малодшым навуковым супрацоўнікам, з 1967 г. вучоным сакратаром, з 1968 г. намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі па навуковай рабоце. У 1975 г. прызначаны на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дзе працаваў да 1988 г. У 1977 г. П.Ц. Петрыкаў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, а праз год атрымаў вучонае званне прафесара. Адначасова займаўся і выкладчыцкай дзейнасцю ў БДУ. Пад яго кіраўніцтвам інстытут стаў буйной навуковай установай і цэнтрам гістарычных даследаванняў. Пры актыўным удзеле П.Ц. Петрыкава падрыхтаваны «Гiсторыя Беларускай ССР» (у 5 т.; Т. 5, 1975), «История Белорусской ССР» (1977), «Полоцк : исторический очерк» (2-е выд., 1987), «История рабочего класса Белорусской ССР» (у 4 т., 1984–1987) і інш. У канцы 1970-х – пачатку 1980-х гг. інстытут пачаў супрацоўнічаць з навуковымі інстытутамі Расіі, Літвы, Украіны, Малдовы, Польшчы. Праводзіліся сумесныя даследаванні. Як дырэктар установы П.Ц. Петрыкаў выступаў з дакладамі на навуковых форумах у Расіі, ЗША, Румыніі, Польшчы, Іспаніі, Германіі. Плённай была праца вучонага ў Міжрэспубліканскім каардынацыйным савеце па гістарычных сувязях беларускага, украінскага і малдаўскага народаў, які быў створаны ў 1973 г. Вынікам сумесных даследаванняў сталі кнігі «Исторические корни дружбы и единения украинского и белорусского народов» і «Нерушимая дружба украинского и белорусского народов в период социализма», што выйшлі ў Кіеве ў 1978 г. У 1984 г. група аўтараў і рэдактараў гэтых прац, у тым ліку П.Ц. Петрыкаў, была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Украінскай ССР.
Дзейнасць вучонага была звязана з многімі напрамкамі сучаснай гістарычнай навукі. Ён узбагаціў беларускую гістарыяграфію арыгінальнымі даследаваннямі, якія атрымалі прызнанне ў краіне і за яе межамі. Пётр Ціханавіч Петрыкаў з'яўляецца аўтарам больш за 190 навуковых прац, у тым ліку манаграфій, зборнікаў, брашур, вучэбных дапаможнікаў. Сярод іх манаграфіі «Организация и деятельность постоянных комиссий местных Советов Белоруссии (1944–1970 гг.)» (1971), «Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959–1965 гг.)» (1972), «Забота Советской власти о здоровье трудящихся: на материалах Белорусской ССР» (1976), «Очерки новейшей историографии Беларуси : (1990-е – начало 2000-х годов)» (2007) і інш. Вучоны стаў адным са стваральнікаў новага кірунку ў айчыннай гістарыяграфіі – гісторыі беларускай навукі. Была створана група навукоўцаў, якая даследавала гісторыю НАН Беларусі. Пазней яна рэарганізавана ў аддзел гісторыі навукі Інстытута гісторыі, якім П.Ц. Петрыкаў загадваў у 1984–1990 гг. Як аўтар і рэдактар удзельнічаў у падрыхтоўцы фундаментальных прац «Академия наук Белорусской ССР» (1979), «Наука и техника Советской Белоруссии в 1917–1990 гг : хроника важнейших событий» (1991), «Інстытут беларускай культуры» (1993), «Наука Беларуси в XX столетии» (2001) і інш. Пётр Ціханавіч з'яўляўся адным са стваральнікаў Музея гісторыі НАН Беларусі (у 1991–2002 гг. быў яго дырэктарам) і зрабіў вялікі ўклад у папулярызацыю навуковай думкі Беларусі IX – пачатку XX ст., навукова-тэхнічных дасягненняў беларускіх вучоных. У 1996–1999 гг. ён працаваў першым намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», з 1999 г. галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Пётр Ціханавіч Петрыкаў быў членам Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў у сацыяльна-гуманітарнай сферы, уваходзіў у склад акадэмічнай камісіі па рэабілітацыі супрацоўнікаў акадэміі, якіх рэпрэсіравалі ў 1920–1930-я гг., узначальваў савет ветэранаў Інстытута гісторыі, выбіраўся дэпутатам Першамайскага раённага савета г. Мінска. Ён узнагароджаны медалямі, шматлікімі ганаровымі граматамі.