Ігнат Рыгоравіч Кулакоўскі належаў да старажытнага шляхецкага роду. У пачатку ХІХ ст. навучаўся ў Свіслацкай гімназіі, потым – у Варшаўскім універсітэце. У 1820-30-я гг. жыў у Гродне і займаў розныя пасады ў губернскай адміністрацыі, дырэкцыі народных вучылішчаў, быў ганаровым наглядальнікам вучылішчаў Гродзенскага павета, куратарам Гродзенскай публічнай бібліятэкі, уваходзіў у склад губернскага статыстычнага камітэта. З 1840 г. працаваў у Беластоцкай гімназіі, з 1844 г. узначальваў яе.
Ігнат Кулакоўскі меў добрую адукацыю, ведаў латынь і шэраг еўрапейскіх моў, з маладых гадоў цікавіўся гісторыяй і археалогіяй, з’яўляўся членам Віленскай археалагічнай камісіі і навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве, Пецярбургу, Капенгагене.
Яшчэ ў студэнцкія гады Кулакоўскі спрабаваў пісаць вершы, якія друкаваў у варшаўскай, віленскай і пецярбургскай перыёдыцы. У 1824 г. у Вільні выйшла яго кніга “Вершаваныя забаўкі Ігната Кулакоўскага” (“Zabawki Wierszem Ignacego Kułakowskiego”). У вольны ад дзяржаўнай службы час займаўся перакладамі, збіраннем гістарычных матэрыялаў. У 1841 г. апублікаваў у пятым нумары часопіса “Athenaeum” Я. Крашэўскага артыкул “Аўтографы да гісторыі Польшчы і Расіі з сямейнай калекцыі Ігната Кулакоўскага” (“Autografy do Dziejow Polski i Rossyi z Familijnyego zbioru Ig. Kułakowskiego”).
Ігнат Кулакоўскі прыцягнуў да сябе ўвагу вышэйшых урадавых і навуковых колаў тым, што ў 1834 г. накіраваў “Записку о преподавании в училищах Западных губерний истории края и создании специальных учебников для юношества” ў Дэпартамент народнай асветы Расійскай імперыі, у якім абгрунтаваў неабходнасць пашырэння адукацыі для жыхароў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Ковенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў, выкладання гісторыі гэтага краю ў вучылішчах, стварэння спецыяльных падручнікаў для беларускага юнацтва. Ён нагадваў, які цяжкі лёс на працягу стагоддзяў прайшоў беларускі народ, аднак, нягледзячы на шматгадовае акаталічванне, паланізацыю і дэнацыяналізацыю, захаваў сваю адметнасць і самабытнасць. Ігнат Кулакоўскі прапаноўваў карэнным чынам змяніць змест выкладання гісторыі, літаратуры і мовы ў школах Беларусі, лічыў, што трэба вывучаць гэтыя прадметы ў кантэксце іх гістарычнага развіцця. На думку Ігната Кулакоўскага важную ролю ў аднаўленні беларускай самасвядомасці будзе мець вывучэнне этнаграфіі, мастацтва, мясцовых старажытнасцей, выданне перыядычнага органа на роднай мове для беларусаў. Разам з “Запіскай…” Кулакоўскі падаў падрабязны праект рэарганізацыі жаночай адукацыі ў Беларусі, які, нягледзячы на прагрэсіўнасць, не быў рэалізаваны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.