“Цяжка пераацаніць значэнне асобы і прац Караля Падчашынскага для архітэктуры Літвы і Беларусі ХІХ ст. Гэта быў апошні карыфей класіцызму, прадаўжальнік будаўнічых традыцый Вялікага Княства Літоўскага ўжо ў складзе Расійскай імперыі. На долю К. Падчашынскага выпала гістарычная місія завяршыць тут эпоху класіцызму,”* – так напісаў у адным з артыкулаў пра свае найноўшыя даследаванні пра архітэктара і вучонага-тэарэтыка К. Падчашынскага, пра яго сувязі з Беларуссю літоўскі даследчык гісторыі архітэктуры В. Левандаўскас.
Творчасць К. Падчашынскага непарыўна звязана з культурай трох народаў – літоўскага, беларускага і польскага. Большую частку жыцця ён правёў у Літве, у Вільні, размаўляў і свае навуковыя працы пісаў на польскай мове, а ў Беларусі пакінуў каштоўныя архітэктурныя творы, стварыў навуковыя працы.
Нарадзіўся К. Падчашынскі ў в. Жырмуны Гродзенскага ваяводства (цяпер Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць) у сям’і, якая мела трывалыя будаўнічыя традыцыі. Яго дзед, П. Пецун, дваровы ў князёў Радзівілаў, праславіўся як майстар па рамонце драўляных касцёлаў і панскіх сядзібных пабудоў. У канцы жыцця стаў падчашым К. С. Радзівіла. У 1772 г. яго дзеці атрымалі шляхецтва і прозвішча Падчашынскія. Бацька Караля Я. Падчашынскі быў прыдворным архітэктарам у Жырмунскім маёнтку Радзівілаў. Веды ў галіне архітэктуры атрымаў у вядомага ў той час прафесара архітэктуры Віленскага ўніверсітэта Л. Гуцэвічуса. Па праекце Я. Падчашынскага і пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны Жырмунскі драўляны касцёл (1788 – 1789). Тут, у Жырмунах, нарадзіўся ў 1790 г. яго сын, якога назвалі ў гонар папячыцеля сям’і – Каралем.
Хутка пасля нараджэння сына памерла маці, а калі хлопчыку было дзесяць гадоў, не стала і бацькі. У доме Ю. Тызенгаўза, які з’яўляўся яго апекуном, ён атрымаў першапачатковую адукацыю. Пазней клапаціўся аб ім сваяк – родны брат бацькі, які жыў у Брэст-Літоўску і працаваў начальнікам мытні. Тут К. Падчашынскі вучыўся ў школе пры ўніяцкім манастыры базыльянаў, са срэбным медалём скончыў Валынскі ліцэй у Крамянцы (1810–1813). У гэтым жа годзе пераехаў у Вільню і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1813). Архітэктурнае майстэрства ён атрымліваў у Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу (1814–1816). У 1815 г. за ўдалыя архітэктурныя кампазіцыі ён быў узнагароджаны двума сярэбранымі медалямі. У 1817–1818 гг. працягваў вучобу ў Парыжы, у знакамітага прафесара Жана-Луі Дюрана, а ў 1819 г. вывучаў архітэктурную спадчыну Італіі.
Пасля вяртання на радзіму ў 1819 г К. Падчашынскі быў запрошаны на пасаду загадчыка кафедры архітэктуры Віленскага ўніверсітэта. У 1823 г. атрымаў званне прафесара. Распрацаваў уласны курс лекцый па тэорыі архітэктуры, які выпусціў спачатку ў двух тамах (1828–1829) пад назвай “Poczatki arshitektury dla mlodzi akademickiej” (“Асновы архітэктуры для акадэмічнай моладзі”). Гэта выданне стала адной з яго асноўных тэарэтычных прац, дзе выкладчык даваў не толькі тэарэтычныя звесткі, але і практычныя парады па праектаванні функцыянальных пабудоў. Ён заснаваў таксама бібліятэку навуковых прац па архітэктуры, якая налічвала 300 тамоў. Адначасова займаў пасаду галоўнага архітэктара Віленскага ўніверсітэта і Віленскай навучальнай акругі. У 1822 г. К. Падчашынскі распрацаваў праект рэканструкцыі ўніверсітэта (змены ўсіх яго фасадаў , афармлення інтэр’ераў унутраных памяшканняў і інш.).
Падчас працы ў Віленскім ўніверсітэце К. Падчашынскі інтэнсіўна займаўся праектаваннем самага рознага тыпу будынкаў. Геаграфія яго архітэктурных праектаў даволі шырокая – ад Санкт-Пецярбурга на поўначы да Камянца-Падольска на поўдні. На тэрыторыі Беларусі з імем К. Падчашынскага звязана будаўніцтва палаца ў Жылічах, гімназіі ў Слуцку, свірана ў Ліхадзеях, пабудова рэзідэнцыі Гюнтэра ў Дабраўлянах на Смаргоншчыне, касцёла Ушэсця ў Жалудку (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці). Адной з самых значных прац стаў палац у Жылічах – рэзідэнцыя маршалка Бабруйскага павета (цяпер гэта Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) І. Булгака. Будаўнічыя работы былі закончаны ў 1826 г. Архітэктура палаца ўяўляе вялікую каштоўнасць – гэта помнік позняга класіцызму. Палац меў сто пакояў, анфіладна-калідорную планіроўку, быў насычаны багатым ляпным дэкорам, роспісамі, пазалотай, дэкаратыўнымі вазамі. Каралем Падчашынскім спланаваны і 18-гектарны парк вакол палаца, гаспадарчыя пабудовы. Да сённяшняга дня архітэктурная кампазіцыя палаца ўражвае яснасцю, гарманічнай сувяззю з ландшафтам.
Значнае месца ў архітэктурнай творчасці К. Падчашынскага займалі праекты навучальных устаноў. З 1824 г.з’яўляўся членам камітэта будаўніцтва школ Віленскай навучальнай акругі. Ён добра ведаў спецыфіку школьных пабудоў, што дазволіла ствараць функцыянальна абгрунтаваныя праекты. Сярод іх – праект Слуцкай гімназіі. Хоць і са зменамі, праект быў ажыццёўлены і з’ яўляецца, па меркаванні спецыялістаў, цікавай працай пераходнага перыяду ад класіцызму да рамантызму. Гімназія захавалася да нашых дзён, не змяніўшы першапачатковага прызначэння. Да творчай спадчыны К. Падчашынскага адносіцца і праект павятовай школы ў Мазыры (не быў здзейснены). Даследчыкі творчасці К. Падчашынскага ў сваіх публікацыях неаднаразова падкрэсліваюць, што ўсе яго праекты навучальных устаноў і праекты яго вучняў былі даволі арыгінальнымі, бо яны не зведалі ўплыву тыповага праектавання Расіі. Праектуючы навучальныя ўстановы Літвы і Беларусі, таленавіты архітэктар, безумоўна, абапіраўся на традыцыі будаўніцтва прыходскіх і манастырскіх школ у Вялікім Княстве Літоўскім.
Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта (паводле царскага ўказа ад 1832 г.) К. Падчашынскі страціў пасаду прафесара архітэктуры. Некаторы час працягваў займацца праектаваннем, потым пакінуў Вільню і пераехаў жыць у арандаваны ў нашчадкаў Радзівілаў фальварак Куножа пад Нясвіжам (1832–1853), дзе мог свабодна займацца навуковай працай. У лістападзе 1839 г. ён закончыў кнігу “Nomenklatura architektoniczna czili slowomiennik powodowany ciesliczych wyrazow” (“Архітэктанічная наменклатура, ці Слоўнік архітэктурных выразаў”), у якой праз тэрміналогію абагульніў свой вопыт будаўнічай і архітэктурнай дзейнасці. У 1843 г. кніга была выдадзена ў Варшаве. У 1854 г. на сродкі сына Баляслава яна выйшла другім выданнем. У Куножы К. Падчашынскі працягваў працаваць і над галоўнай сваёй навуковай працай – “Асновы архітэктуры для акадэмічнай моладзі”. Яна была задумана ў 4 тамах. Вядома, што першыя два тамы выйшлі з друку ў 1828–1829 гг. У 1856 г. у Вільні быў выдадзены трэці том. Аднак з-за фінансавых цяжкасцей ад чацвёртага тома аўтар вымушаны быў адмовіцца.
Апошнія гады жыцця К. Падчашынскі правёў у Вільні, дзе і памёр 7 красавіка 1860 г. Пахаваны на могілках Расу (у сямейнай магіле).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.
*Беларускі гістарычны часопіс. – 1997. – № 2. – С. 194.