Рагнеда Рагвалодаўна (Гарыслава, духоўнае імя Анастасія)
Дата нараджэння:
960? Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
1000
Кароткая даведка:
полацкая князёўна, асветніца
Духоўныя імёны:
Анастасия; Анастасія
Варыянты імя:
Гарыслава
Імёны на іншых мовах:
Горислава (руская); Рогнеда Рогволодовна (руская);
4601 сімвал
Даведка
Імя гэтай жанчыны – адной з самых трагічных, складаных і светлых постацей на небасхіле нашай гісторыі – вядома кожнаму беларусу. Нездарма ж гісторык Дз. Леанардаў назваў тое, што звязана з яе пакутным лёсам, “зыходнай падзеяй”, тым пачаткам, з якога бруяцца нацыянальныя вытокі. Менавіта Рагнеда, а не хто іншы, першай выявіла душэўную моц і стойкасць, якія так спатрэбіліся народу на доўгім шляху яго развіцця. Яна была жанчынай здатнай на самаахвярнасць у імя Радзімы, будучыні.
Звестак аб жыцці Рагнеды да нашага часу дайшло нямала, але ні адна са старажытных крыніц не дае сапраўднай даты нараджэння князёўны. Адно паўтараецца ў летапісах: да яе, спадчынніцы магутнага Полацкага княства, сваталіся амаль адначасова двое братоў Святаславічаў – Яраполк, князь кіеўскі, і Уладзімір, які княжыў у Ноўгарадзе. Легенда сцвярджае, што Рагнеда славілася сваёй прыгажосцю. Тым не менш не столькі знешняя прывабнасць, колькі палітычныя выгады шлюбу прыцягвалі да Полацка позіркі жаніхоў з Кіева і Ноўгарада. Браты Святаславічы не адрозніваліся шчырымі сваяцкімі пачуццямі адзін да аднаго. Таму ў барацьбе за ўладу шукалі моцнага саюзніка, такога як Рагвалод.
Нягледзячы на тое, што Яраполк мог узяць Рагнеду толькі другой жонкай, бо першай была прыгажуня-грачанка, палонная манашка, у Полацку яму адказалі згодай: мець зяцем і мужам знатнага маладога і прыгожага князя кіеўскага было вялікім гонарам. Усё было б добра, каб раптам не прыехалі ў Полацк сваты ад Уладзіміра на чале з грозным ваяводам Дабрыняй. Наўгародскі князь, змрочны і жорсткі малады чалавек, быў незаконнанароджаным сынам Святаслава Ігаравіча і драўлянскай княжны Малушы, якая яшчэ дзяўчынкай трапіла ў палон да княгіні Вольгі. Ганарлівая, няўрымслівая Рагнеда адказала на сватаўство Уладзіміра зняважлівымі словамі: “Не хачу разуць сына рабыні, а Яраполка хачу”. Вядома, што ў шлюбныя абрады таго часу ўваходзіў і такі, пры якім жонка разувала мужа ў знак пакоры. Было зразумела, што гордая князёўна не хоча рабіць гэтага для сына ключніцы Малушы. З аднаго боку, абражаны адмовай, а з другога – не жадаючы ў сваім будучым паходзе на Кіеў пакідаць за спінай такога магутнага праціўніка, як Полацк, Уладзімір сабраў наёмныя дружыны і выступіў супраць Рагвалода. Ён разбіў войска полацкага князя, забіў усю яго сям’ю. Адной Рагнедзе было падаравана жыццё. Толькі што гэта было за жыццё! З забойцам родных, нялюбым чалавекам, які гвалтоўна зрабіў яе сваёй жонкай і даў імя Гарыслава.
Некаторыя навукоўцы лічаць, што Рагнеда нарадзіла князю чатырох сыноў: Ізяслава, будучага вялікага полацкага князя, пачынальніка асобнай ад кіеўскай дынастыі Рагвалодавічаў; Яраслава, які стаў вядомы ў гісторыі пад імем Яраслава Мудрага; Мсціслава, будучага тмутараканскага і чарнігаўскага князя; Усевалада, заснавальніка Уладзіміра-Валынскага княства. Дала яна жыццё і дзвюм дачкам: Прадславе і Праміславе. У першы год замужжа княгіня жыла ў асобным цераме, які знаходзіўся ў маляўнічым сяле пад Кіевам, на беразе ракі Лыбедзі. Пазней яно было перайменавана ў Прадславіна (у гонар нараджэння дачкі). Рагнеда жыла адзінока, аддаленая і ад людзей, і ад сталіцы. 988 г. стаў для яе ракавым. Уладзімір вырашыў прыняць хрысціянства і ажаніцца з Ганнай – сястрой візантыйскага імператара. Князь, не адмаўляючыся ад дзяцей, прапанаваў жонкам, якіх у яго было некалькі, развод і новае замужжа. Са сваім уладаром яны не спрачаліся, акрамя Рагнеды. “Княгіняй была, не хачу быць рабыняй”, – адказала яна кіеўскаму князю. Верагодна, непасрэдна пасля гэтых падзей Рагнеда і зрабіла замах на жыццё мужа. Спроба забіць Уладзіміра разглядаецца многімі даследчыкамі не як праява рэўнасці, а як помста забойцу яе бацькоў і разбуральніку Полацка. Князь наважыўся пакараць Рагнеду смерцю, але за маці заступіўся Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў жонку і сына ў спецыяльна пабудаваны на землях, што належалі калісьці Рагвалоду, гарадок Ізяслаўль (Заслаўе).
У 990 г. Рагнеда прыняла хрысціянства. Чорнае манаскае адзенне не проста аддзяліла ад свету , яно ўзвысіла яе і дало маральную перавагу. Манахіня Анастасія (новае імя Рагнеды) заснавала пад Ізяслаўлем першы ва ўсходнеславянскіх землях жаночы манастыр, з якога і пачало пашырацца на Беларусі хрысціянства. Любімая народам, узвышаная духавенствам Рагнеда-Гарыслава-Анастасія адышла ў 1000 г. у свет іншы. Памяць пра гордую полацкую князёўну доўга жыла ў народзе. Яшчэ ў XIX ст. этнографы запісвалі паданні аб Рагнедзе. У яе гонар было названа возера, што знаходзілася непадалёку ад манастыра, і два прытокі ракі Свіслачы – Княгінька і Чарніца.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г., актуалізаваны ў 2010 г.