Дата нараджэння:
02.01.1925 Барысаў, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
01.04.2010
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне онкахірургіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны ўрач Беларусі, лаўрэат Міжнароднай мемарыяльнай прэміі міру імя доктара Нагаі (2002), кавалер ордэна Ф. Скарыны, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Імёны на іншых мовах:
Демидчик Евгений Павлович (руская);
3081 сімвал
Даведка
Яўген Паўлавіч Дзямідчык нарадзіўся ў Барысаве ў сям’і служачага. У 1951 г. скончыў школу працоўнай моладзі ў Нясвіжы. У 1951‒1957 гг. вучыўся ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. У 1957‒1958 гг. працаваў урачом-хірургам Горацкай раённай бальніцы. У 1958‒1965 гг. быў загадчыкам хірургічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы. Адначасова з 1959 па 1961 г. завочна вучыўся ў аспірантуры. У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Впередигрудинная еюностомия при неудалимом раке пищевода и кардии». У 1965‒1966 гг. быў загадчыкам аддзела таракальнай хірургіі Навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1966‒1974 г. працаваў асістэнтам, дацэнтам кафедры шпітальнай хірургіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У 1974‒1996 гг. з’яўляўся загадчыкам кафедры анкалогіі. Адначасова ў 1966‒1987 гг. быў галоўным хірургам аддзела аховы здароўя Мінгарвыканкама. У 1987 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Рак щитовидной железы: (эпидемиология, диагностика, лечение)». У 1988 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. З 1990 па 2000 г. узначальваў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пухлін шчытападобнай залозы. У 1996 г. выбраны акадэмікам НАН Беларусі. З 1998 па 2006 г. кіраваў даследчай групай Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. З 2003 г. быў галоўным навуковым супрацоўнікам цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі, з 2005 г. ‒ прафесарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Яўген Паўлавіч ‒ аўтар больш за 380 навуковых прац, прысвечаных хірургіі стрававода, страўніка, шчытападобнай залозы. Сярод іх ‒ «Пособие по онкологии» (1977, у суаўтарстве), «Диагностика и лечение рака щитовидной железы» (1987, у суаўтарстве), «Рак щитовидной железы у детей» і «Справочник по клинической эндокринологии» (1996, у суаўтарстве), «Справочник по гастроэнтерологии» (1997, у суаўтарстве) і інш. Вучоны ўнёс значны ўклад у вырашэнне практычных праблем аховы здароўя, абумоўленых уздымам анкалагічных захворванняў шчытападобнай залозы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён першым у свеце абгрунтаваў клініка-біялагічныя асаблівасці радыяцыйна-індуцыраванага раку шчытападобнай залозы ў дзяцей, дзякуючы чаму дасягнуты значныя вынікі пры лячэнні тырэоіднага раку. Даследчык прапанаваў камбінаваны метад лячэння неаперабельнай карцыномы шчытападобнай залозы, вывучыў эфектыўнасць радыеёдтэрапіі пры лёгачных метастазах раку шчытападобнай залозы, распрацаваў тэхналогію аперацыі па выдаленні лімфатычных вузлоў пры мясцовых формах захворвання. Дзякуючы вучонаму ўдасканалены метады хірургічнага лячэння хворых ракам стрававода і страўніка, укаранёна методыка радыеімуналагічнага аналізу.
У 1997 г. Яўгену Паўлавічу прысвоена ганаровае званне заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь. За дапамогу пацярпелым ад радыеактыўнага апраменьвання і ўдасканаленне метадаў лячэння яму прысвоена Міжнародная мемарыяльная прэмія міру імя доктара Нагаі (2002, Японія). Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені (1985), Францыска Скарыны (2004), медалямі.