На працягу стагоддзяў беларускія землі знаходзіліся пад рэлігійным уплывам то з Усходу, то з Захаду, і канфесіянальная прыналежнасць выступала істотным складнікам палітычных зносін. Напрыканцы XVI ст. была падпісана Брэсцкая унія, у выніку якой на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з’явілася ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. Богаслужэнні ў новай царкве ладзіліся паводле праваслаўнага абраду, але падпарадкоўвалася яна Рыму. Адным з тых, хто адстойваў і папулярызаваў унію, быў царкоўны дзеяч Цыпрыян (Кіпрыян) Жахоўскі.
Нарадзіўся ён каля 1635 г. у Супраслі (цяпер Падляшскае ваяводства Польшчы), паходзіў са шляхецкага роду герба “Бродзіч”. Спачатку сям’я Жахоўскіх належала католікам, аднак перайшла ва ўніяцтва. Першапачатковую рэлігійную адукацыю Ц. Жахоўскі атрымаў у Віленскай духоўнай семінарыі пры Траецкім манастыры, там прыняў унію і ўступіў у ордэн базыльян. У 1658–1664 гг. Ц. Жахоўскі вучыўся ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі і тэалогіі і быў пасвячоны ў сан прэсвітара. Жахоўскі вярнуўся ў Рэч Паспалітую, дзе атрымаў вядомасць як таленавіты прапаведнік і прапагандыст уніі, аўтар казанняў, прысвечаных Іасафату Кунцэвічу.
У 1665 г. Цыпрыян Жахоўскі стаў архімандрытам Спаса-Праабражэнскага мужчынскага манастыра ў г. Дубна (Украіна). У гэты перыяд ён зблізіўся з уніяцкім Кіеўскім мітрапалітам Гаўрыілам Календам, стаў яго бліжэйшым памочнікам і атрымаў ад яго пасаду аўдытара і сан архімандрыта Ляшчынскага манастыра каля Пінска (у 1668 г. Ц. Жахоўскі пры дапамозе вайсковага атрада адабраў гэты манастыр у праваслаўных вернікаў). У 1669 г. ён удзельнічаў у канвакацыйным і каранацыйным соймах, на якіх быў абраны новы кароль Рэчы Паспалітай Міхаіл Карыбут-Вішнявецкі. Падчас урачыстасцей у Кракаве Цыпрыян Жахоўскі выступіў з прамовай аб аб’яднанні ўсіх хрысціян пад уладай папы Рымскага (была выдадзена ў Кракаве пад назвай “Добры пастыр”).
Дзякуючы хадайніцтву мітрапаліта Г. Календы ў 1669 г. Ц. Жахоўскі быў прызначаны біскупам Віцебскім і вікарыем Полацкага арцыбіскупа. Пасля смерці мітрапаліта ў 1674 г. Ц. Жахоўскі ўступае ў кіраванне Полацкім арцыбіскупствам і ўніяцкай царквой Рэчы Паспалітай, становіцца мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі. З мэтай аб’яднання праваслаўных і грэка-католікаў Цыпрыян Жахоўскі ініцыіраваў скліканне ў 1680 г. у Любліне з’езда ўніятаў і праваслаўных, які апісаў у кнізе “Люблінскі калёквіум...” (Замосце, 1680). Шмат намаганняў святар прыклаў для таго, каб далучыць да грэка-каталіцкіх Львоўскую і Перамышльскую епархіі.
Цыпрыян Жахоўскі імкнуўся абмежаваць уплыў базыльянскага ордэна на грэка-каталіцкую царкву: вывеў з ордэнскага падпарадкавання шэраг манастыроў, у 1683 г. на базыльянскім капітуле ў Мінску зняў з пасады протаархімандрыта (генерала) ордэна С. Мартышкевіча і прымусіў абраць на яго месца сябе. Аднак рымская курыя і кароль адмянілі гэта прызначэнне і забаранілі мітрапалітам займаць кіруючыя пасады і ўмешвацца ва ўнутраныя справы ордэна базыльян.
Цыпрыян Жахоўскі праявіў значную актыўнасць у справе арганізацыі выдавецкай дзейнасці. Пад яго кіраўніцтвам у 1683 г. была створана спецыяльная літургічная камісія для падрыхтоўкі і выдання ўніяцкіх богаслужэбных кніг. У 1691–1695 гг. у друкарні Супрасльскага манастыра прадоўжылася выданне “Служэбніка”, распачатае ім у тыпаграфіі віленскіх базыльян. Доўгі час “Служэбнік” выкарыстоўваўся ўніяцкай царквой у якасці аўтарытэтнага выдання.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі адышлі да Расійскай Імперыі, правядзенне богаслужэнняў згодна з грэка-каталіцкім абрадам было забаронена. У сучаснай Беларусі ўніяцкая царква паступова аднаўляецца, яе спадчына пераасэнсоўваецца. Гэта сведчыць аб тым, што гістарычную і культурную ролю Цыпрыяна Жахоўскага яшчэ вызначаць наступныя пакаленні.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.