Георгій Іванавіч Жыхараў – вядомы музыкант, таленавіты педагог і арганізатар навучальнага працэсу – з’яўляецца адным з тых дзеячаў, якія садзейнічалі развіццю народна-інструментальнага мастацтва Беларусі.
Нарадзіўся ён у Прапойску Магілёўскай губерні (цяпер Слаўгарад Магілёўскай вобласці) у сям’і служачага. Першыя ўрокі музыкі атрымаў ад бацькі, вядомага ў дарэвалюцыйны час балалаечніка. У 1924 г. сям’я пераехала ў Гомель, дзе Г. Жыхараў скончыў школу-сямігодку і паступіў у фабрычна-заводскае вучылішча. З 1932 г. працаваў токарам на Гомельскім суднарэмонтным заводзе. Работу сумяшчаў з вучобай у музычнай школе (1931–1933), на вячэрнім рабфаку (1934), адначасова кіраваў створанымі ім ансамблямі і аркестрам у Гомельскім машынабудаўнічым інстытуце. У 1933 г. на 1-м гарадскім конкурсе салістаў самадзейнага мастацтва атрымаў 1-ю прэмію. З 1934 па 1938 г. Г. Жыхараў быў студэнтам Беларускага лесатэхнічнага інстытута і паралельна вучыўся ў Гомельскім музычным тэхнікуме. У 1938 г. ён пераехаў у Мінск і паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, з’яўляўся канцэртмайстрам групы балаечнікаў аркестра народных інструментаў Беларускага радыёкамітэта. Паступова майстэрства музыканта атрымала прызнанне, і ў 1939 г. ён быў узнагароджаны дыпломам на Усесаюзным аглядзе-конкурсе выканаўцаў на народных інструментах, які праходзіў у Маскве. У гэтым жа годзе Г. Жыхарава запрасілі ў Ансамбль песні і танца Беларускай ваеннай акругі, дзе ён кіраваў аркестравай групай. У 1940 г. з гэтым калектывам удзельнічаў у дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. У гады Вялікай Айчыннай вайны ансамбль стаў франтавым і выступаў перад байцамі Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. Г. Жыхараў вярнуўся ў Мінск і аднавіў вучобу ў кансерваторыі, якую скончыў у 1951 г. Адначасова працаваў дырыжорам самадзейнага аркестра народных інструментаў Белпрам-савета (1945–1953), быў салістам і мастацкім кіраўніком секстэта домраў Беларускага радыё (1946–1960). Энтузіяст выканання на народных інструментах, ён стварыў дзясяткі ансамблевых і аркестравых калектываў. З сакавіка 1952 па красавік 1953 г. кіраваў аркестрам Беларускага дзяржаўнага народнага хору, з 1954 па 1973 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком аркестра рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, арганізаваў першы ў Беларусі аркестр баяністаў (1956–1968) у дзіцячай музычнай школе № 2 г. Мінска.
Педагагічную дзейнасць Г. Жыхараў пачаў у верасні 1939 г. У гэты час ён стаў выкладаць курс па азнаямленні з аркестравымі інструментамі ў Мінскім музычным вучылішчы. З 1948 г. працаваў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У 1949 г. стаў асістэнтам кафедры народных інструментаў, з 1950 г. – выкладчыкам па класе домры, балалайкі, дырыжыравання, з 1954 па 1973 г. вёў курс інструментоўкі і чытання партытур, з 1962 г. загадваў кафедрай народных інструментаў. На кафедры праводзіліся розныя музычныя конкурсы, навукова-метадычныя канферэнцыі, мерапрыемствы па ўдасканаленні вучэбнага працэсу, дыскусіі па праблемах выканання, факультатывы. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі Г. Жыхараў падрыхтаваў больш за 100 твораў для аркестра народных інструментаў, з’яўляўся аўтарам-складальнікам рэпертуарнага зборніка. Яго апрацоўкі для баяна, домры, балалайкі, цымбалаў вызначаюцца тонкім густам і з’яўляюцца сапраўднымі ўзорамі майстэрства. Як педагог Г. Жыхараў шмат зрабіў для выхавання высокапрафесійных беларускіх выканаўцаў. Сярод яго вучняў – заслужаныя артысты БССР Л. Смялкоўскі і Г. Асмалоўская, заслужаныя работнікі культуры БССР У. Перацяцька, М. Лісіцын і інш.
Уражвала і грамадская дзейнасць Г. Жыхарава. Ён праводзіў майстар-класы, быў старшынёй журы на шматлікіх аглядах, конкурсах, удзельнічаў у Рэспубліканскім фестывалі самадзейнага мастацтва (1967), з’яўляўся членам мастацкага савета Рэспубліканскага дома народнай творчасці БССР і Рэспубліканскага дома мастацкай самадзейнасці прафсаюзаў.
Георгій Іванавіч узнагароджаны знакам Міністэрства культуры СССР «За выдатную работу» (1967), шматлікімі медалямі і ганаровымі граматамі. З 1985 г. праводзяцца музычныя рэспубліканскія, абласныя і гарадскія юбілейныя фестывалі, прысвечаныя памяці Г. Жыхарава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.