Дата нараджэння:
05.05.1825 Дусяняты, в., Віленскі павет
Дата смерці:
31.01.1868
Кароткая даведка:
жывапісец, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Расіі, Польшчы і Францыі
Варыянты імя:
Гарэцкі Тадэвуш Антонавіч
Імёны на іншых мовах:
Горецкий Тадеуш Антонович (руская); Горецкий Фаддей Антонович (руская); Горецкий Фадей Антонович (руская);
3641 сімвал
Даведка
Фадзей Антонавіч Гарэцкі нарадзіўся ў маёнтку Дусяняты непадалёку ад Вільні. Па іншых звестках, як сведчаць даследчыкі, месцам яго нараджэння была Вільня. Бацька будучага мастака пакінуў адметны след у палітычным і літаратурным жыцці Польшчы і Беларусі. Ён скончыў Віленскі ўніверсітэт, вызначыўся як таленавіты паэт. За ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг. быў рэпрэсіраваны царскім урадам і вымушаны быў эмігрыраваць за мяжу. Лёс бацькі значна паўплываў на лёс сям’і, якая зведала беднасць пасля канфіскацыі маёнткаў. Значна пазней тэма нястачы зойме адметнае месца ў творчасці Ф. Гарэцкага.
Захапленне жывапісам прыйшло да Ф. Гарэцкага яшчэ ў маленстве. Першыя ўрокі майстэрства даў яму ў Вільні стрыечны брат В. Ваньковіч. У 1841–1850 гг. вучыўся жывапісу ў Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу пад кіраўніцтвам К. Брулова, які высока цаніў жывапісны дар свайго вучня і даручаў яму выкананне заказаў. Вядома, напрыклад, што ў 1843–1847 гг. Ф. Гарэцкі памагаў К. Брулову ў аздабленні Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Штогод поспехі маладога мастака адзначаліся медалямі і іншымі ўзнагародамі акадэміі. У 1843 г. за карціну “Сляпы жабрак з павадыром” Ф. Гарэцкі атрымаў сярэбраны медаль ІІ класа, у 1845 г. за карціну “Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза” – малы залаты медаль, а ў 1848 г. за выкананую па конкурсе праграму “Хрыстос благаслаўляе дзяцей” – вялікі залаты медаль. У 1849 г. ён атрымаў званне мастака 14-га класа.
Характарызуючы творчасць мастака, мастацтвазнавец Л. Дробаў адзначаў: “На творчасць Ф. Гарэцкага значны ўплыў аказаў К. П. Брулоў. У творах Ф. Гарэцкага побач з класіцызмам прысутнічаюць і рысы сентыменталізму. Персанажы яго твораў вызначаюцца псіхалагічнай выразнасцю, завершанасцю жывапіснай формы”.*
Спецыялізаваўся Ф. Гарэцкі як партрэтны жывапісец і падчас сваіх паездак на радзіму – на Віцебшчыну і Вілейшчыну ў 1848–1849 гг. і ў 1855 г. ім было створана шмат партрэтаў землякоў. Сярод найбольш вядомых работ у гэтым жанры – партрэт Л. Гарэцкага (1843), А. Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х гг.), К. Брулова (1850), партрэт скульптара П. Клота (1850), партрэт невядомай (Марыі Міцкевіч?; 1858) і інш. Працаваў ён таксама ў гістарычным жанры і ў пейзажы.
Пасля завяршэння ў 1850 г. вучобы Ф. Гарэцкі атрымаў магчымасць паехаць для ўдасканалення свайго майстэрства за мяжу. У якасці стыпендыята акадэміі ён наведаў Галандыю, Італію, Іспанію, выканаў копіі класічных карцін. Пасля смерці ў Італіі свайго настаўніка К. Брулова, які даверыў яму закончыць свае недапісаныя карціны, у тым ліку і копію з карціны Рафаэля “Святая Цэцылія”, Ф. Гарэцкі яшчэ амаль два гады заставаўся за мяжой. У 1854 г. за карціны “Перспектыўны від Альгамбры”, “Пілігрымы”, “Апошняе прычашчэнне” (усе 1850-я гг.) яму было прысвоена званне акадэміка гістарычнага жывапісу і ўручаны адпаведны дыплом.
З 1856 г. Ф. Гарэцкі жыў пераважна за мяжой. Вядома таксама, што ў 1858 г. ён прыязджаў у Вільню і Санкт-Пецярбург, падтрымліваў сувязі з акадэміяй, прадстаўляў на суд найбольш знакамітых яе членаў свае працы (арыгінальныя творы і копіі шэдэўраў еўрапейскага жывапісу). Ён не толькі пісаў карціны, але і даваў урокі малюнка абраным вучням. Апошнія гады жыцця мастак правёў у Парыжы, дзе і памёр 31 студзеня 1868 г.
Творы Ф. Гарэцкага зберагаюцца ў лепшых музеях Еўропы, у тым ліку ў музеях Польшчы, Літвы. Партрэт скульптара П. Клота захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.
*Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т.– Мінск, 1989. – Т. 3. – С. 99.