Кароткая даведка:
кампазітар, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (2016), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002)
Імёны на іншых мовах:
Kuznetsov Vyacheslav Vladimirovich (не вызначана); Кузнецов Вячеслав Владимирович (руская);
5020 сімвалаў
Даведка
Адным з найбольш значных прадстаўнікоў беларускай музыкі канца ХХ ст. з’яўляецца кампазітар Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў, творчасць якога на працягу апошніх дзесяцігоддзяў непасрэдна ўдзельнічае ў стварэнні сучаснага абрысу нацыянальнага музычнага мастацтва.
Нарадзіўся ён у Вене (Аўстрыя) у сям’і вайскоўца. Выбарам прафесіі кампазітара і музыканта абавязаны сваім бацькам, асабліва маці. Яна першая звярнула ўвагу на музычныя здольнасці і магчымасці сына. Яшчэ з маленства В. Кузняцоў захапляўся паэзіяй, прозай, складаў вершы, п’есы, маляваў. Першыя музычныя творы былі напісаны ў 12 гадоў. У 1965 г. сям’я пераехала ў Баранавічы. Тут В. Кузняцоў паступіў у музычнае вучылішча па класе фартэпіяна. На выпускным экзамене ён з поспехам выканаў сваё першае сачыненне. У 1983 г. закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага па класе кампазіцыі прафесара Я. Глебава і пад яго ж кіраўніцтвам асістэнтуру-стажыроўку (1985). Настаўнікамі таксама былі вядомыя кампазітары А. Багатыроў і У. Алоўнікаў. З 1983 г. В. Кузняцоў з’яўляўся загадчыкам музычнай часткі Дзяржаўнага тэатра лялек БССР, у 1985 г. стаў членам Саюза кампазітараў Беларусі. З 1987 г. выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 2004 г. прафесар). З 1998 г. узначальвае кафедру інструментоўкі, сумяшчаючы творчую дзейнасць з педагагічнай работай.
На працягу ўсёй кампазітарскай творчасці В. Кузняцоў захоўвае цікавасць і да жанравай, і да акадэмічнай музыкі, і да мадэрну. Яшчэ ў час вучобы імкнуўся пашыраць свой кругагляд, ахопліваючы розныя жанры фартэпіяннай музыкі, вывучаў сачыненні розных эпох і стыляў – ад класікі да імпрэсіяністаў і авангарднай музыкі. Яго творы вызначаюцца жанравай і стылявой разнапланавасцю – сімфоніі, оперы, балеты, кантаты, вялікая колькасць аркестравых твораў (музыка для сімфанічнага, камернага, народнага, духавога, эстраднага аркестраў і інш.), камерна-інструментальная, вакальная, харавая музыка. Кампазітара заўсёды вабіла магчымасць вобразна-гарманічнага ажыццяўлення музычных ідэй. Жанр оперы прыцягвае музычна-сцэнічным увасабленнем яркіх літаратурных вобразаў, пераломных момантаў чалавечага быцця. У выбары сюжэта В. Кузняцоў звяртаецца да класікі – твораў У. Шэкспіра, М. Гогаля, У. Набокава. Літаратурнай асновай оперы “Запіскі вар’ята” (1987) паслужыла аднайменная аповесць М. Гогаля, дзе кампазітар па-майстэрску перадаў музычнымі сродкамі складаную гаму пачуццяў герояў, псіхалагізм тэксту, глыбіню трагізму. Сярод сачыненняў апошніх гадоў – оперы “Запрашэнне на пакаранне смерцю” (2007), “Гумберт, Гумберт” (2010; абедзве паводле У. Набокава). У балетнай музыцы В. Кузняцоў выкарыстоўвае розныя тэмы. Яго вабяць біблейскія вобразы, гістарычныя падзеі, літаратурныя творы з драматычным сюжэтам. Балет “Дванаццаць крэслаў” (паводле І. Ільфа і Я. Пятрова) напісаны ў 1983 г. Гэта першы вопыт кампазітара ў балетнай музыцы. Твор прагучаў у 1990 г. у сімфанічнай версіі ў выглядзе дзвюх сюіт. У аснову балета “Паланэз” (1994) В. Кузняцоў паклаў мелодыі, эскізы, тэмы, п’есы, вальсы, полькі, паланэзы М. Агінскага. Таксама кампазітар – аўтар балетаў “Цар Саламон” (1998), “Макбет” (1999), “Клеапатра” (2003), “Вітаўт” (2013). Асаблівае месца ў творчасці В. Кузняцова займаюць камерныя сачыненні. У іх аснове – літаратурныя творы Ф. Дастаеўскага, М. Гогаля, Ф. Кафкі, Ф. Ніцшэ, Х. Борхеса, У. Набокава, В. Хлебнікава, І. Бродскага. Значнае месца ў творчасці В. Кузняцова займае інструментальная музыка для розных калектываў. Для сімфанічнага аркестра за апошнія гады напісаны “Язычніцкі баль” (2008), “Вулканічная музыка” (2011) і шмат іншых сімфоній, канцэртаў, шэраг праграмных сачыненняў. Захапленне фальклорам знайшло адлюстраванне ў народна-аркестравай музыцы. Арыентацыя на канцэртны стыль дае магчымасць падкрэсліць тэмбравую асаблівасць цымбалаў, дудкі, жалейкі. Для аркестра народных інструментаў напісаў сюіту “Вясельныя песні”, музычную карціну “Весялуха” і Рапсодыю для двух цымбалаў з аркестрам (усе 1985), інструментальныя найгрышы “Жалейка” (1987), “Трасуха” і “Палессе” (1988), сюіту “Свірасцёлкі” (1991), Мадрыгал і аркестравыя версіі трох паланэзаў М. Радзівіла (1992), “Веснавыя забаўкі” (1994), “Чаму ж мне не пець!” (1996), “Вандроўка ў краіну цудаў” і “Рамантычная элегія” (1997) і інш. У рэпертуар духавога аркестра ўвайшлі “Вясёлы марш” (1986), “Канкан” (1990), “Maestoso” (1993). Шмат створана для камернага аркестра – “Сярэдневяковая музыка” (2003), “Музыка калыханкі” (2010), “Вітаўт-сюіта” (2013) і інш. У фартэпіяннай музыцы кампазітара вядучае месца займаюць цыклічныя мініяцюры рознай праграмнай накіраванасці і тэмбравых увасабленняў, напісаныя па літаратурных творах (“Куток насякомых” (2006), “Прысвячэнні” (2008), “Ломкае адажыа для Леры” (2009) і інш.).
У 2002 г. В. Кузняцову была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь. Сачыненні кампазітара гучаць як у Беларусі, так і за яе межамі. З’яўляюцца новыя нотныя выданні. Яго музыка стала часткай сучаснай беларускай культуры.