Дата нараджэння:
11.07.1920 Гомельскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
14.09.1987 Гомель, г.
Кароткая даведка:
ваенны дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1945), кавалер ордэнаў Леніна, Айчыннай вайны І ступені (двойчы), Чырвонага Сцяга (тройчы), Аляксандра Неўскага
Імёны на іншых мовах:
Синчуков Пётр Сидорович (руская);
1811 сімвал
Даведка
Пётр Сідаравіч Сінчукоў нарадзіўся 11 ліпеня 1920 г. у сям’і чыгуначнага рабочага ў в. Прудок Гомельскага раёна Гомельскай вобласці (цяпер у межах Гомеля). Яшчэ ў школьныя гады марыў стаць лётчыкам, наведваў заняткі ў гарадскім авіяклубе. У 1940 г. быў прызваны ў армію і працягнуў навучанне лётнаму майстэрству ў Тамбоўскай авіяцыйнай школе пілотаў.
У 1943 г. П. С. Сінчукоў накіраваны ў дзеючую армію. Ваяваў на 4-м Украінскім і 3-м Беларускім франтах. На штурмавіку Іл-2 удзельнічаў у вызваленні Украіны, Беларусі, Літвы, баях ва Усходняй Прусіі. За ваенны час камандзір звяна штурмавога авіяпалка гвардыі старшы лейтэнанат П. С. Сінчукоў здзейсніў 163 баявыя вылеты, знішчыў 7 танкаў, 10 артылерыйскіх і мінамётных батарэй, 17 кропак зенітнай артылерыі, 19 аўтамашын і вялікую колькасць жывой сілы праціўніка. За адвагу і мужнасць, паказаныя пры нанясенні бомбавых і штурмавых удараў па праціўніку, ён у 1945 г. быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Узнагароджаны таксама трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, двума Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За баявыя заслугі».
У пасляваенны час лётчык служыў у Забайкаллі, прайшоў навучанне ў Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага. У 1956 г. у званні маёра выйшаў у адстаўку. У далейшым вярнуўся на радзіму, працаваў слесарам, сталяром на прадпрыемствах Гомеля.
Памёр П. С. Сінчукоў 14 верасня 1987 г. У яго гонар на будынку сярэдняй школы, дзе вучыўся, усталявана мемарыяльная дошка, у школьным музеі сабраны матэрыялы аб яго жыцці і подзвігу. У скверы па вул. Савецкай у Гомелі на алее Герояў устаноўлена памятная стэла з імем П. С. Сінчукова.