Кароткая даведка:
вучоны-кардыёлаг, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, заслужаны вынаходнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ст., Айчыны ІІІ ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Сидоренко Георгий Иванович (руская);
3458 сімвалаў
Даведка
Георгій Іванавіч Сідарэнка з’яўляецца адным з заснавальнікаў кардыялагічнай навукі ў Беларусі. З яго імем звязаны станаўленне і развіццё кардыялагічнай службы ў нашай краіне.
Нарадзіўся ён у Кіеве ў сям’і служачага. У 1932 г. разам з бацькамі пераехаў у Беларусь. У час Вялікай Айчыннай вайны Г.І. Сідарэнка дабравольцам пайшоў на фронт, у 1944 г. быў цяжка паранены. У 1950 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля атрымання дыплома вучыўся ў клінічнай ардынатуры пры кафедры тэрапіі, праводзіў заняткі па электракардыяграфіі для студэнтаў і ўрачоў. Працаваў на кафедры факультэцкай тэрапіі, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры (з 1961), адначасова кіраваў лабараторыяй (1971–1977). У 1956 г. Г.І. Сідарэнка абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клинико-экспериментальное исследование при очаговых поражениях миокарда», у 1968 г. ‒ доктарскую на тэму «Индивидуализация фармакотерапии при помощи систем с биологической обратной связью». Праз год яму было прысвоена вучонае званне прафесара. У 1974 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1996 г. ‒ акадэмікам АН Беларусі. З 1977 па 1993 г. Г.І. Сідарэнка з’яўляўся дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута кардыялогіі. З 1993 г. быў галоўным навуковым кансультантам, загадчыкам аддзела новых метадаў дыягностыкі і лячэння.
Георгій Іванавіч падрыхтаваў больш за 900 навуковых прац па праблемах дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гіпертанічнай хваробы, ішэмічнай хваробы сэрца, парушэнняў сардэчнай дзейнасці, фізіялогіі кровазвароту, работы сэрца з пазіцыі біяфізікі нелінейных сістэм, развіцця атэрасклерозу, рэгуляцыі сардэчна-сасудзістых захворванняў, медыцынскай кібернетыкі, біякіроўнай фармакатэрапіі і інш. Сярод іх ‒ «Как уберечь себя от гипертонической болезни» (1976), «Реография: импедансная плетизмография» (1978, у суаўтарстве), «Психофизиологические аспекты кардиологических исследований» (1982, у суаўтарстве), «Творчество и медицина: поиск неочевидных решений» (2002) і інш.
Вучоны займаўся пытаннямі стварэння новых лекавых сродкаў для прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана і ўкаранёна серыя інфармацыйных дыягнастычных сістэм, якія прызначаны для кантролю і даследавання парушэнняў сардэчнага рытму і гемадынамікі ў розных зонах арганізма. Георгій Іванавіч быў экспертам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі СССР, прымаў удзел у рабоце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У 1964‒2000 гг. з’яўляўся прэзідэнтам Беларускага навуковага таварыства кардыёлагаў, у 1994‒1996 гг. быў прэзідэнтам Асацыяцыі кардыёлагаў краін СНД, уваходзіў у рэдкалегію часопісаў «Кардиология», «Международный медицинский журнал», «Медицинские новости». Георгій Іванавіч меў больш за 150 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходніцтвы. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана 17 дактароў і 54 кандыдаты навук.
У 1985 г. Г.І. Сідарэнка атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1990 г. ‒ заслужанага вынаходніка БССР. У 1996 г. за цыкл прац «Создание новых методов и аппаратуры для диагностики сердечно-сосудистых заболеваний на основе микропроцессорных и компьютерных технологий» удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), Айчыннай вайны I ступені (1985), Айчыны III ступені (2000), медалямі.
У верасні 2022 г. на доме, дзе жыў Г.І. Сідарэнка 1972–2014 гг., была ўсталявана памятная дошка.