Імёны на іншых мовах:
Абрамович Антон Иванович (руская);
2596 сімвалаў
Даведка
Асобнае месца ў гісторыі беларускай музыкі займае кампазітар ХІХ ст. Антон Абрамовіч. Менавіта ён лічыцца аўтарам першых твораў нацыянальнай тэматыкі, ён паклаў пачатак шырокаму выкарыстанню беларускага фальклору ў прафесійнай музыцы. Нарадзіўся будучы кампазітар у сям’і беззямельнага шляхціца. Месца нараджэння яго дакладна невядома. Бацька А. Абрамовіча захапляўся музыкай: граў на некалькіх музычных інструментах і вучыў музыцы дзяцей памешчыкаў. З гэтай прычыны сям’я неаднаразова перабіралася на новае месца жыхарства. Паколькі сам бацька любіў музыку, то да гэтага ж падахвочваў і дзяцей, якія ўсе мелі музычныя здольнасці, але найбольшую схільнасць да музыкі ён бачыў у Антона і, як мог, яе падтрымліваў. Некаторы час Антон таксама быў хатнім настаўнікам музыкі на Пскоўшчыне ў пана Лукомскага, але лёс склаўся так, што ў 1832 г. ён уладкаваўся ў самой сталіцы, у Пецярбургу. Там А. Абрамовіч пазнаёміўся з выхадцамі з Віцебшчыны, Пскоўшчыны, нават з Польшчы, якія незалежна ад таго, лічылі яны сябе палякамі ці ліцвінамі, сыходзіліся ў поглядах на будучыню роднага краю. Асабліва зблізіўся ён з Я. Баршчэўскім і Р. Падбярэскім. Атмасфера культурнага асяродка падштурхнула Абрамовіча ствараць менавіта беларускую музыку — як арыгінальныя песні на вершы паэтаў, так і апрацоўваць фальклор. Да гэтага Абрамовіч ужо напісаў некалькі сваіх музычных твораў. Пачуўшы верш Я. Баршчэўскага “Дзеванька”, кампазітар паклаў яго на музыку, амаль адначасова напісаў яшчэ адну песню “Гарэліца” (таксама на верш Баршчэўскага). Ад некалькіх беларускіх мелодый, пакладзеных на ноты, Абрамовіч перайшоў да задумы стварыць музычную паэму ў духу народных песень на тэму “Беларускае вяселле”. Атрымалася 8-часткавая фартэпіянная сюіта, у аснове якой — сюжэт вясельнага абраду, выкарыстанне мелодый народных песень і танцаў, інтанацыйных і рытмічных зваротаў, уласцівых беларускаму фальклору. З “Беларускага вяселля” і прыйшло да Абрамовіча сапраўднае прызнанне, а з ім — мастакоўская ўпэўненасць. У 1846 г. гэта кампазіцыя была змешчана ў літаратурна-навуковым альманаху “Rocznik literacki” (“Літаратурны штогоднік”) Р. Падбярэскага. У 1852 г. некалькі інструментальных твораў А. Абрамовіча, аб’яднаных назвай “Фантазія для фартэпіяна”, а таксама вальсы і мазуркі былі змешчаны ў “Музычным альбоме”, выдадзеным Луцыяй Рыцінскай, а ўвогуле колькасць твораў, напісаных Антонам Іванавічам, набліжалася да 50. Сярод іх — паланезы, вальсы, мазуркі, маршы, апрацоўкі народных песень. На сённяшні дзень у музеях, бібліятэках Варшавы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Масквы знойдзена каля дваццаці яго твораў.