Пра жыццё і дзейнасць свяціцеля Лаўрэнція захавалася няшмат звестак. Першыя ўспаміны пра святога вядомы са старажытных часоў. Яны прыводзяцца ў “Пасланні да Палікарпа” епіскапа Уладзімірскага і Суздальскага Сімона, якое стала асновай “Кіева-Пячэрскага пацерыка” – помніка арыгінальнай старажытнарускай літаратуры, дзе ў дыдактычных апавяданнях гаворыцца пра жыццё манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры. У Іпацьеўскім летапісе прападобны Лаўрэнцій упамінаецца ў сане епіскапа пад 1182 г. Яго апісанне можна знайсці ў іканапісным каталозе святых праваслаўнай царквы. З тых нешматлікіх упамінанняў, што сустракаюцца ў гістарычных, рэлігійных і агіяграфічных крыніцах, вядома, што свяціцель Лаўрэнцій быў чалавекам вялікай духоўнай дасканаласці.
Мяркуюць, што ён нарадзіўся ў Тураве ці ў ваколіцах горада. Нічога невядома пра яго бацькоў, дзіцячыя і юнацкія гады, адукацыю. Верагодна, што ў адным з тураўскіх манастыроў Лаўрэнцій пачаў манаскае служэнне. Праз некаторы час накіраваўся ў Кіева-Пячэрскі манастыр, каб жыць у адзіноце і цалкам прысвяціць сябе малітве. Калі Лаўрэнцій з’явіўся ў Кіеве, невядома. Манахі з Турава былі частымі наведвальнікамі гэтага святога горада: тут знаходзіліся мітраполія і знакамітая Кіева-Пячэрская лаўра. Ігумен манастыра не благаславіў Лаўрэнція на пустэльніцтва з прычыны маладосці і нявопытнасці. Свяціцель не адмовіўся ад сваіх намераў і накіраваўся ў манастыр святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага, які быў заснаваны вялікім князем кіеўскім Ізяславам Яраславічам. Там ён жыў пустэльнікам, шмат маліўся, спасцігаючы духоўнасць, вылучаўся вельмі строгім ладам жыцця і дарам вылечваць ад цялесных і душэўных хвароб. Да келлі манаха пачалі прыходзіць людзі: адны шукалі духоўную дапамогу ў яго настаўленнях, другія жадалі пазбавіцца ад немачы.
У хуткім часе імя свяціцеля стала шырокавядомым у Кіеве. Аднак пустэльніцтва не прынесла таго спакою, да якога Лаўрэнцій імкнуўся, і ён зноў вярнуўся ў Кіева-Пячэрскі манастыр. Глыбокая вера, адданасць Богу і царкве сталі прычынай пасвячэння прападобнага ў епіскапы. З пачатку 1180-х гг. ён стаў пераемнікам Кірылы Тураўскага і ўзначаліў Тураўскую кафедру. На жаль, пра епіскапскае служэнне свяціцеля Лаўрэнція гістарычных звестак не захавалася. Мяркуюць, што ён добраахвотна ці па прымусе адмовіўся ад сану епіскапа і зноў стаў пустэльнікам у манастыры святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага, дзе прайшлі апошнія гады жыцця. Паводле мясцовага тураўскага падання святы Лаўрэнцій там і памёр (дакладная дата смерці невядома). Пазней яго мошчы былі перанесены ў Антоніеву пячору Кіева-Пячэрскага манастыра.
У рукапісных святцах XVII ст. сярод святых Бліжніх пячор Кіева-Пячэрскай лаўры першым названы святы Лаўрэнцій, епіскап Тураўскі. Памяць пра прападобнага ўшаноўваецца ў Саборы Кіева-Пячэрскіх святых (11 кастрычніка). У яго гонар асвячоны прыдзел у Свята-Міхайлаўскім саборы Мазыра, 11 мая 2010 г. у Тураве закладзены першы камень у фундамент кафедральнага сабора ў гонар Кірылы і Лаўрэнція, епіскапаў Тураўскіх. Свяціцель Лаўрэнцій уваходзіць у Сабор беларускіх святых (дзень памяці 29 студзеня/11 лютага).